иcтoчник: bobruisk-rik.gov.by
12 верасня праваслаўная царква згадвае святога благавернага князя Аляксандра Неўскага. Для жыхароў аг. Кавалі - дзень асаблівы: імем святога названа сельгаспрадпрыемства, што размешчана на тутэйшых землях. А колькі год таму ў аграгарадку стаў дзейнічаць праваслаўны храм у яго гонар.
- У праваслаўных вернікаў прастольнае свята ў гонар перанясення мошчаў святога благавернага князя Аляксандра Неўскага з горада Уладзіміра ў горад Санкт-Пецярбург, - патлумачыў настаяцель храма, іерэй Віктар Палкоўнікаў. - З імем Аляксандра Неўскага ў нашых жыхароў многае звязана: яго назву носіць мясцовае сельгаспрадпрыемства ААТ ´Неўскі-Агра´, у гонар святога пабудаваны наш храм.
У гэты дзень ў аграгарадку прайшло мерапрыемства, прысвечанае святкаванню прастольнага свята храма святога благавернага князя Аляксандра Неўскага, мэтай якога стала ўзнаўленне праваслаўных традыцый беларускага народа, умацаванне духоўна-маральных асноў жыхароў Бабруйшчыны.
Прыхаджане храма ў гонар святога благавернага князя Аляксандра Неўскага аг. Кавалі разам з настаяцелем і членамі Бабруйскага гарадскога аддзела РГА ´Беларускае казацтва´, які цесна ўзаемадзейнічае з праваслаўнай царквой, зладзілі Хросны ход ад храма да Паклоннага крыжа, правялі набажэнства.
Потым свята працягнулася на пляцоўцы каля сельскага Дома культуры. З канцэртнай праграмай выступілі народны казачы ансамбль ´Вольніца´, артысты мастацкай самадзейнасці ўстановы культуры. Тутака ж былі арганізаваны работа атракцыёнаў і гандлёвага павільёна.
Кіраўніцтвам ААТ ´Неўскі-Агра´ для гасцей свята было арганізавана чаяванне з прысмакамі.
Алена КАРПЕНКА. Фота аўтара і з архіва Кавалёўскага СДК.
tribunapracy.by