Канікулы цікавыя і бяспечныя.

Летнія канікулы ў разгары. І калі для дзяцей гэта пара бестурботнага адпачынку, то для тых, хто арганізоўвае і забяспечвае аздараўленне - час напружанай работы: для хлопчыкаў і дзяўчынак важна не толькі фізічна загартавацца, але і набрацца станоўчых эмоцый. Ды, што самае галоўнае - правесці канікулы бяспечна, не ´аступіцца´ - вольнага ж часу без бацькоўскага кантролю ў гэты перыяд болей чым дастаткова. Таму і ў аздараўленчых лагерах, і па месцы жыхарства дзяцей праводзяцца разнастайныя мерапрыемствы як забаўляльнага, так і выхаваўчага характару.

Канікулы цікавыя і бяспечныя. Канікулы цікавыя і бяспечныя.

Юных грамадзян вёскі Стасеўка, да прыкладу, супрацоўнікі раённага фізкультурна-спартыўнага клуба ў адну з субот сабралі на спартландыю ´Летнія забавы´. Мерапрыемства прайшло ў рамках работы ´аўтацягніка´ для непаўналетніх, якія пражываюць у аддаленых ад устаноў адукацыі населенных пунктах, у мэтах папярэджання супрацьпраўных іх паводзін. Хлопчыкі і дзяўчынкі атрымалі ад спартландыі не толькі зарад бадзёрасці - прадэманстравалі сваю фізічную загартоўку - але і салодкія прызы.

Самым сур´ёзным чынам падыйшлі да плану мерапрыемстваў у лагеры з дзённым знаходжаннем для вучняў 2-6-х класаў ´Сонейка´ Гарбацэвіцкай школы. На працягу 18-ці тэматычных дзён, як паведаміла дырэктар аздараўленчай установы Наталля Шыпіна, выхаванцы ўдзельнічалі ў цікавых мерапрыемствах і гульнях, сярод якіх ´Дзень сустрэч´ з хвілінкай бяспекі на тэму ´Як абараніць сябе ад COVID-19´; размова ´Усім вам, хто вынес тую вайну, - паклон і памяць пакаленняў´, прысвечаная Дню ўсенароднай памяці ахвяраў Вялікай Айчыннай; гульнёвая праграма ´Сцежка небяспечных месцаў´, падчас якой хлопчыкі і дзяўчынкі згадалі правілы пажарнай бяспекі, дарожнага руху, завастрылі ўвагу на правілах паводзінаў на вадзе; экспромт-канцэрт ´Как здорово, что все мы здесь сегодня собрались´, дзе кожны меў магчымасць прадэманстраваць сваё творчае майстэрства - у песні, танцы, чытанні вершаў і г. д.

Змястоўнае мерапрыемства - адкрыты дыялог на свежым паветры ´Выбірай жыццё!´ прайшло 26 чэрвеня на базе лагера працы і адпачынку ´Маналіт´ Ленінскага ВПК ´Дз/сад-СШ´. У межах Міжнароднага дня барацьбы з нарказалежнасцю і незаконным абаротам наркотыкаў з выхаванцамі сустрэліся намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама Наталля Праташчык, старшы ўперупаўнаважаны групы незаконнага абароту наркотыкаў і супрацьдзеяння гандлю людзьмі аддзела ўнутраных спраў райвыканкама Аляксандр Шыла і метадыст раённага вучэбна-метадычнага кабінета Вікторыя Шунько. Вучням расказалі пра наступствы спажывання наркотыкаў і адказнасць за дзеянні ў адносінах іх, пра небяспеку, якая можа падсцерагаць у сетцы Інтэрнэт. Старшы інспектар групы па грамадзянству і міграцыі РАУС Марына Кузьміч нагадала пра неабходнасць своечасовага афармлення дакументаў на пашпарт грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, своечасовы абмен пашпарта.

Камісія па справах непаўналетніх і аддзел па адукацыі, спорту і турызму райвыканкама нагадваюць, што лета - час адказнасці бацькоў за жыццё і здароўе дзяцей. Дарослым неабходна кантраляваць баўленне часу дзяцей і падлеткаў, з якімі здараюцца неабдуманыя ўчынкі, яны трапляюць пад уплыў кампаніі, бязмэтна бавяць час з малазнаёмымі, ужываюць спіртныя напоі, купаюцца ў забароненых на тое месцах, кіруюць транспартным сродкам без вадзіцельскага пасведчання, пранікаюць, у пошуках лёгкага заробку, на дачы. Усё гэта ў выніку абарочваецца адміністрацыйнымі і крымінальнымі справамі, праблемамі са здароўем, а ў горшым выпадку - гібеллю дзяцей ад знешніх прычын.

Алена КАРПЕНКА.

Фота з архіваў лагераў.

иcтoчник: www.tribunapracy.by