Каб не здарылася бяды...

... штомесяц мабільная група пад кіраўніцтвам намесніка старшыні райвыканкама Таццяны Варанко ў складзе прадстаўнікоў Бабруйскага міжраённага аддзела абласнога ўпраўлення Дэпартамента інспекцыі працы, Бабруйскага аддзела абласнога ўпраўлення Дэпартамента па наглядзе за бяспечным вядзеннем работ у прамысловасці МНС РБ, міжраённага аддзялення Дзяржаўнага энергетычнага і газавага нагляду, Бабруйскага гаррайаддзела па НС, занальнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, прафсаюзаў, аддзелаў райвыканкама наведваецца ў раённыя арганізацыі, каб аказаць ім практычную і метадычную дапамогу ў забеспячэнні выканання заканадаўства аб ахове працы.

Каб не здарылася бяды...

На днях зацікаўленыя службы пабывалі ў Бабруйскім сельскагаспадарчым адзяленні ПВУП ´Калінкавіцкая зверагаспадарка´ Белкаапсаюза, наведалі рамонтна-механічную майстэрню і малочна-таварную ферму в. Слабада Бабруйскага ААТ ´Аграмашсервіс´, рамонтна-механічныя майстэрні ААТ ´Міхалёўская Ніва´ і СВК ´Гігант´, а таксама малочна-таварны комплекс вытворчага кааператыва ў М. Бортніках.

- Неабходнасць у правядзенні такога роду мерапрыемстваў відавочная, - адзначыла Таццяна Варанко. - У час выяўленыя парушэнні патрабаванняў аховы працы папярэджваюць калецтвы і смяротныя выпадкі на вытворчасці - праблема стаіць надзвычай востра ў краіне.

На вышэйзгаданых аб´ектах звярталася ўвага на чысціню і парадак, выкананне правілаў пастаноўкі тэхнікі на рамонт, правілаў эксплуатацыі і захоўвання электраабсталявання, ацяпляльных прыбораў, наяўнасць і гатоўнасць да эксплуатацыі прадметаў па тушэнні пажараў, выкарыстанне работнікамі спецадзення, правядзенне з імі інструктажоў. З улікам таго, што пераважную частку аб´ектаў мабільная група наведвае не ўпершыню, правяралася выкананне раней выдадзеных рэкамендацый, у асаблівасці тых, што не патрабавалі значных фінансавых затрат.

І калі на аб´ектах таго ж ´Гіганта´ парушэнняў заканадаўства аховы працы амаль не выяўлена, то да астатніх меўся шэраг пытанняў. У прыватнасці, на тэрыторыі зверагаспадаркі была не зачынена шчытамі назіральная яма ў памяшканні для рамонту і абслугоўвання транспартных сродкаў, выкарыстоўваецца драўляная лесвіца, стан якой не адпавядаў нормам заканадаўства, прычэпы да трактароў стаялі на драўляных калодках замест спецыяльных прыстасаваняў - казялкоў з абазначанай дапушчальнай вагой. На мехдвары в. Слабада адсутнічала ўпора ў варотах майстэрні, не абмежаваны доступ у назіральную яму, казялкі пад калёсамі тэхнікі без абазначанай дапушчальнай вагі. Прыкладна такія ж парушэнні на мехдвары ´Міхалёўскай Нівы´.

Хочацца адзначыць, што кожная норма і кожнае патрабаванне аховы працы ´напісаны крывёю´, таму любое прамаруджванне ў пазбаўленні ад недапрацовак выклікае як мінімум непаразуменне. Як максімум - здольна прывесці да бяды. Каб апошняга не здарылася, а парушэнні своечасова выяўляліся і ліквідаваліся, і працуе мабільная група па аказанні практычнай і метадычнай дапамогі арганізацыям раёна.

Па матэрыялах грамадска-палітычнай газеты ´Трыбуна працы´

иcтoчник: bobruisk-rik.gov.by