Увага - ледзяшы-сасулькі!

иcтoчник: www.tribunapracy.by

Надвор´е апошніх дзён: маразы і сонца правакуюць утварэнне на дахах збудаванняў ледзяшоў ці, як у народзе называюць, сасулек.

Сасулькі - небяспечныя, асабліва калі яны вялікіх памераў: маюцца факты траўміравання людзей ад іх. І тая акалічнасць, што выклікаў ратавальнікам на ліквідацыю на тэрыторыі раёна небяспечных лядзяшоў не паступала, сяльчане, па словах інспектара Бабруйскага гаррайаддзела па надзвычайных сітуацыях Яўгена Тоўсціка, павінны быць надзвычай абачлівымі ў гэтым плане, прытрымліцца мер перасцярогі.

У прыватнасці, абыходзіць бокам збудаванні, дзе маюцца ледзяшы, не ігнараваць сігнальныя стужкі, не хадзіць па вуліцах у навушніках, падчас гукаў зверху - прытуліцца да сцяны, прыкрыўшы галаву рукамі ці сумкай. Дзецям, да таго ж, варта данесці, што ледзяшы - не цукеркі, збіваць іх небяспечна.

Алена КАРПЕНКА.