
иcтoчник: bobruisk-rik.gov.by
Камісія па папярэджанні правапарушэнняў, што садзейнічаюць гібелі людзей ад знешніх прычын у жыллёвым фондзе на тэрыторыі раёна, прайшла ў Бабруйскім райвыканкаме 26 красавіка. Узначаліла камісію намеснік старшыні райвыканкама Таццяна Варанко, удзел прыняў начальнік Бабруйскага гаррайаддзела па надзвычайных сітуацыях Андрэй Бабін.
Члены камісіі абмеркавалі эфектыўнасць дзейнасці суб´ектаў прафілактыкі правапарушэнняў, праблемныя пытанні, якія маюцца ў іх рабоце - з дакладамі па гэтай тэме выступіў Андрэй Бабін і прадстаўнікі зацікаўленых службаў. Засяродзілі ўвагу на дастатковасці прынятых прафілактычных мер па папярэджанні пажару, які адбыўся 16 лютага ў жылым доме па вул. Лермантава ў пас. Глуша, у выніку якога загінуў грамадзянін 1994 года нараджэння (далажыла старшыня Глушанскага сельвыканкама Таццяна Плоская). Таксама былі заслуханы даклады Андрэя Бабіна аб выніках правядзення спецыяльнага прафілактычнага мерапрыемства ´Дом без пажару´ на тэрыторыі Бортнікаўскага, Варатынскага, Гарбацэвіцкага, Цялушскага, Сычкаўскага сельсаветаў і аб патрэбе ва ўстаноўцы аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў у месцах пражывання шматдзетных сямей.
- Відавочна, што адпаведная прафілактычная работа па папярэджанні пажараў і гібелі людзей ад іх у раёне праводзіцца, аднак, як сведчаць статыстычныя дадзеныя, патрабуе ўзмацнення, на што кожны суб´ект прафілактыкі павінен быць нацэлены, - адзначыла Таццяна Варанко.
Андрэй Бабін разам з іншым заклікаў членаў камісіі заакцэнтаваць увагу на прафілактыцы пажараў у выніку спальвання сухой расліннасці, што для вясны асабліва характэрна.
Завяршылася работа камісіі прыемным момантам. Андрэй Вячаслававіч уручыў Падзячныя лісты за актыўны ўдзел у арганізацыі і правядзенні прафілактычных мерапрыемстваў па папярэджанні пажараў і гібелі на іх людзей ад Магілёўскага абласнога Упраўлення Міністэрства па надзвычайных сітуацыях дырэктару раённага цэнтра па сацабслугоўванні насельніцтва Таццяне Тарасевіч і старшыні Глушанскага сельвыканкама Таццяне Плоскай.





