Дарослым расказалі пра выйсце са складанай сітуацыі

иcтoчник: www.tribunapracy.by

У межах абласной інфа-акцыі ´Зрабі правільны выбар´ адбылося чарговае раённае мерапрыемства - ´Сям´я для дзіцяці´. За круглым сталом сацыяльна-асветніцкай установы ´Цэнтр падтрымкі сям´і, мацярынства і дзяцінства ´Пакроў´ сабраліся прадстаўнікі зацікаўленых службаў: камісіі па справах непаўналетніх Бабруйскага райвыканкама, Бабруйскага наркадыспансера, раённага сацыяльна-педагагічнага цэнтра, а таксама вяскоўцы - бацькі дзяцей, чыя жыццёвая сітуацыя (уласна іх ці членаў іх сямей) звязана з праблемай злоўжывання спіртнымі напоямі, і члены Бабруйскага аддзялення грамадскага аб´яднання ´Ананімныя алкаголікі´.

На пачатку сустрэчы намеснік дырэктара Цэнтра ´Пакроў´ Крысціна Навасёлава распавяла гісторыю ўзнікнення ў Бабруйску сацыяльна-асветніцкай установы, пазнаёміла з асноўнымі напрамкамі яе дзейнасці, шматграннай работай з дзецьмі і дарослымі (у тым ліку праз цеснае ўзаемадзеянне з праваслаўнай царквой) і дапамогай, якую аказваюць у цэнтры падчас узнікнення ў чалавека складанай жыццёвай сітуацыі.

Непасрэдна падчас дыялогу вялася размова пра спосабы вырашэння праблемы залежнасцяў у чалавека. Урач-нарколаг Юлія Бухаўцова спынілася на сімптомах алкагалізму і дапамагла зразумець, калі чалавеку патрабуецца спецыялізаваная дапамога, дзе яе атрымаць і якія спосабы (платныя ананімныя і бясплатныя, праз пастаноўку на ўлік) можна для гэтага выкарыстаць. Педагог-псіхолаг Святлана Курмаз пацікавілася ў бацькоў, што прывяло іх да шкоднай звычкі, як негатыўна праблема дарослых уплывае на дзяцей і заклікала бацькоў задумацца над тым, якую пагрозу сваімі паводзінамі - фізічную і душэўную яны нясуць для нашчадкаў. Што перажывае чалавек падчас алкагольнай дэградацыі, чаму не варта заставацца з праблемай сам на сам, як стаць членам бабруйскай групы ´Ананімныя алкаголікі´, дзе атрымалі шанец на выздараўленне і шчаслівае сямейнае жыццё многія жыхары Прыбярэзінскага краю, з уласнага вопыту падзяліліся члены аб´яднання.

- Вельмі разлічваем, што сённяшняе мерапрыемства будзе мець станоўчыя наступствы. Людзі, якія прыйшлі на сустрэчу, задумаюцца над сваімі паводзінамі і зробяць усё магчымае, каб і іх, і сітуацыю ў сям´і перамяніць. Водгукі бацькоў, што інфармацыю яны атрымалі слушную і час патрацілі не дарэмна, даюць спадзяванні на гэта, - адзначыла намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама Наталля Праташчык.

Алена КАРПЕНКА. Фота аўтара.