Асцярожнасць не бывае лішняй. У Бабруйскім раёне прайшоў штаб па папярэджанні АЧС і птушынага грыпу.

иcтoчник: www.tribunapracy.by

Чарговае пасяджэнне штаба раённай камісіі па папярэджанні афрыканскай чумы свіней, птушынага грыпу, іншых эканамічна стратных хвароб жывёлы прайшло сёння ў райвыканкаме з удзелам кіраўніка раёна Аляксандра Сухадольскага.

Члены штаба заслухалі справаздачы кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў, прадстаўнікоў зацікаўленых службаў па ліквідацыі раней выдадзеных прадпісанняў, намецілі мерапрыемствы на бліжэйшую перспектыву ў гэтым накірунку. Сярод апошняга - узмацненне работы па забяспечанасці жывёлагадоўчых аб´ектаў санпрапускнікамі, абавязковая апрацоўка дэзсродкамі транспарту, які абслугоўвае такія аб´екты, забарона на пранікненне на тэрыторыю ферм і комплексаў старонніх людзей, дзікай і хатняй бадзяжнай жывёлы і ў гэтай сувязі - арганізацыя работ па ўсталяванні агароджы на аб´ектах, дзе яна адсутнічае або пашкоджана, барацьба з грызунамі. У сувязі з не адзінкавымі выпадкамі рэгістрацыі па-за межамі Беларусі такой небяспечнай для жывёлы і чалавека хваробы, як бруцэлёз, кіраўнікам, галоўным зааветспецыялістам сельгасарганізацый, ветэрынарнай і іншым службам даведзена неабходнасць у пастаянным маніторынгу сітуацыі - абавязковаму лабараторнаму даследаванню бія- і патматэрыялу жывёлы, строгі падыход да выканання неабходных мер перасцярогі работнікамі жывёлагадоўчых аб´ектаў. Немалаважным, як было адзначана, з´яўляецца і выпрацоўка насцярожанасці ў насельніцтва да небяспечных хвароб жывёлы.

- Афрыканская чума свіней, птушыны грып, бруцэлёз - хваробы, якія здольны парушыць самую трывалую эканоміку. Вось чаму трэба быць максімальна абароненымі ад іх. А для гэтага нам з вамі - прадпрымаць усемагчымыя і ўсебаковыя меры прафілактыкі, ні ў якім разе не дапускаць фармалізму ў гэтым, - нацэліў на далейшую работу старшыня штаба, першы намеснік старшыні Бабруйскага райвыканкама-начальнік райсельгасхарчу Аляксей Жураўлёў.