Раённыя службы прафілактыкі звяртаюцца да бацькоў напярэдадні канікул.

Наперадзе - зімовыя школьныя канікулы. І калі ў дзяцей галоўная турбота - як цікава іх правесці, то задача дарослых - паклапаціцца пра бяспеку хлопчыкаў і дзяўчынак у гэты перыяд, папярэдзіць любыя непрыемнасці з іх удзелам.

Традыцыйна вялікую ролю ў гэтым бяруць на сябе раённыя службы прафілактыкі. Паасобку і сумесна праводзяць з дзецьмі і дарослымі ўсемагчымыя мерапрыемствы па бяспечнай жыццядзейнасці. Вось і 18 снежня на платформе Zoom для вучняў 10-11-х класаў была наладжана відэаканферэнцыя па тэме ´Бяпечныя канікулы´. Удзел у ёй прынялі намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама Наталля Праташчык, старшы памочнік пракурора раёна Аляксандра Лукоўская, метадыст вучэбна-метадычнага кабінета Вікторыя Шунько, а таксама інспектар сектару прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю гаррайаддзела па надзвычайных сітуацыях Алена Крычко. Праз старшакласнікаў - такое рашэнне канферэнцыі - абмеркаванае будзе данесена да малодшых удзельнікаў вучэбнага працэсу, каб прафілактычнай інфармацыяй напярэдадні зімовага адпачынку былі ахоплены ўсе раённыя школьнікі.

Разам з тым службы прафілактыкі прадпрымаюць усемагчымыя захады ´дастукацца´ да бацькоў - тых, на кім асноўная адказнасць за ўчынкі, здароўе і жыццё непаўналетніх, заклікаць іх праявіць пільную ўвагу да пытанняў бяспечнай жыццядзейнасці сваёй і дзяцей.

Наталля Праташчык, намеснік старшыні камісіі па СН райвыканкама:

Раённыя службы прафілактыкі звяртаюцца да бацькоў напярэдадні канікул.

- Бацькам важна памятаць пра адказнасць за выхаванне дзяцей, забеспячэнне іх бяспекі ў паўсядзённым жыцці. Практыка нашай камісіі паказвае, што літаральна штогод супрацоўнікамі раённага аддзела ўнутраных спраў у навагоднюю ноч, у святочныя і перадсвяточныя дні выяўляюцца непаўналетнія ва ўзросце да 16 год, якія знаходзяцца ў начны час па-за жылля без суправаджэння дарослых. Адміністрацыйная адказнасць, якая за гэта прадугледжана, - не найбольшая непрыемнасць, калі параўноўваць з тым, што можа здарыцца з дзіцяці ўначы. Болей таго, падлеткаў выяўлялі не толькі без суправаджэння дарослых, але і ў стане алкагольнага ап´янення, а гэта ўжо адміністрацыйная адказнасць і ў дачыненні бацькоў - за неналежнае выкананне абавязкаў, і ў дачыненні непаўналетняга.

Не сакрэт, што да ўжывання алкаголю ў святочныя дні (здараецца, і супрацьпраўнага ўчынку) непаўналетняга часцяком падбухторвае кампанія, у якой адзначае свята. Таму ад непрыемнасці не застрахаваны і дзеці са станоўчай характарыстыкай па месцы вучобы, часта яны самі не разумеюць, як такое здарылася. Яшчэ горш - гаворка ўжо пра здароўе і жыццё - што падлеткі іншым разам ужываюць алкаголь, прынесены з дому, не ведаючы яго паходжання, не задумваючыся пра наступствы для жыцця. Між тым выпадкі, калі людзі труціліся этылавым спіртам, іншай недазволенай для ўжывання вадкасцю ў краіне не адзінкавыя. І тым болей самі бацькі не павінны прапаноўваць алкаголь дзецям, нават у нязначнай колькасці. Адказнасць за гэта - па крымінальным артыкуле.

Найлепшая мера прафілактыкі - размаўляць з дзецьмі, у тым ліку на тэму злачыннасці і наступстваў ад гэтага. Сёлета непаўналетнімі раёна ўчынена 3 крадзяжы, з якіх адзін - з удзелам дзяўчынкі. І хоць два ўчынкі, можна сказаць, справакаваны пацярпелымі (гучна паведамілі пра наяўнасць грошай, паклалі апошнія навідавоку), віна ўдзельнікаў ад гэтага не зменшваецца. Тое ж датычыцца ўдзелу дзяцей у дарожным руху - адпаведныя пратаколы сёлета таксама не адзінкавыя. Прычым, у двух выпадках упраўленне транспартным сродкам непаўналетнім перадалі самі бацькі - гэта значыць, уласнаручна падштурхнулі дзіця да супрацьпраўнага ўчынку. Па выніках пакаранне панеслі і адны, і другія. І добра, што абыйшлося без бяды, бывае ж і адваротнае.

Звяртаючыся да бацькоў, хачу нагадаць, што іх задача і абавязак - утрымаць дзіцяці ад неабдуманага кроку, зберагчы ад неабдуманага ўчынку. Дарослыя павінны ведаць, што ва ўстановах адукацыі і культуры раёна ў канікулярны час дзецям заўжды ёсць чым заняцца - працуюць гурткі па інтарэсах, ладзяцца ўсемагчымыя пазнаваўчыя і выхаваўчыя мерапрыемствы.

Наталля Ганчарова, дырэктар Бабруйскага раённага сацыяльна-педагагічнага цэнтра:

Раённыя службы прафілактыкі звяртаюцца да бацькоў напярэдадні канікул.

- Адзін з бацькоўскіх абавязкаў - стварэнне для дзяцей бяспечных умоў пражывання. За неналежнае выкананне дадзенага патрабавання прадугледжана крымінальная адказнасць у адпаведнасці з арт. 159 КК РБ ´Пакіданне ў небяспецы´ - наўмыснае пакіданне без дапамогі ў небяспечным для жыцця і здароўя асобы стане і немагчымасці прыняць меры да самазахавання па малалецтве, старасці, хваробе, бездапаможнасці.

Вядома, што ў навагоднюю ноч дарослым хочацца адчуць свята, святочны настрой. Прынята лічыць, што гэтаму лепш за ўсё садзейнічае спіртное. Між тым, меркаванне, што кубак шампанскага ніколькі не пашкодзіць - сумнеўнае, бо, як правіла, за адным можа быць яшчэ і яшчэ адзін. У стане алкагольнага ап´янення чалавек не можа адэкватна ўспрымаць свае дзеянні, а ў таго, хто выпіў, здавалася б, трошкі - кантроль над паводзінамі будзе аслаблены. Плата ж за ўжыванне спіртных напояў, як паказвае практыка, можа быць надзвычай вялікай. Гэта асабліва важна ўсвядоміць бацькам, на чыім выхаванні малалетнія, бездапаможныя дзеці - дашкольнага ўзросту, груднічкі. Тыя, хто ў адрозненне ад больш дарослых дзяцей, не зможа выбегчы з дому, звярнуцца за дапамогай і часта становяцца заложнікамі трагічных здарэнняў.

Да таго ж, ужыванне спіртных напояў дарослымі правакуе іх на вырашэнне адносінаў, сямейныя сваркі, канфлікты, зачастую з негатыўнымі наступствамі. У гэтай сувязі заклікаем дарослых папярэдзіць такія сітуацыі, не давесці да сямейнага канфлікту, да стану, калі розум ´адключаецца´ і ёсць верагоднасць прынесці іншаму шкоду не толькі псіхалагічную, але і фізічную. Памятайце, што найлепшы спосаб гэтага - наўпроч адмовіцца ад спіртнога.

Будзьце пільнымі таксама ў дачыненні любых электрапрыбораў, у тым ліку навагодніх гірляндаў, бенгальскага агню. Уважліва стаўцеся да эксплуатацыі пячнога ацяплення, каб не дапусціць смяротна небяспечнага ўгарнага газу. Сачыце, каб у маленькага дзіцяці не было доступу да калюча-рэжучых прадметаў, небяспечных вадкасцяў, запалак. І памятайце, што найлепшы сродак папярэдзіць бяду - пастаянна трымаць маленькага чалавечка ў полі зроку.

Вікторыя Шунько, метадыст вучэбна-метадычнага кабінета раёна:

Раённыя службы прафілактыкі звяртаюцца да бацькоў напярэдадні канікул.

- Бацькі павінны ўсведамляць, што захаванне жыцця і здароўя дзяцей - іх галоўны абавязак. Дарослым важна разумець, што дзеці ад прыроды цікаўныя і даверлівыя, іх увага часта не сканцэнтравана. Таму, чым часцей яны будуць нагадваць дзіцяці нескладаныя правілы паводзінаў, тым больш верагодна, што тыя іх запомняць і будуць прымяняць.

Бацькам варта рэгулярна праводзіць з дзецьмі індывідуальныя размовы, тлумачыць правілы, выкананне якіх дапаможа захаваць здароўе і жыццё, вырашыць праблему вольнага часу дзіцяці. Пры гэтым не дапускаць з´яўлення непаўналетніх на вуліцы ў начны час без суправаджэння дарослых, пастаянна быць у курсе, дзе і з кім тыя бавяць час, папярэджваць размовы дзяцей з незнаёмцамі. Каб дзіця не стала ахвярай ці віноўнікам дарожна-транспартнага здарэння, - разам паўтараць правілы дарожнага руху, навучыць дзяцей быць надзвычай пільнымі на дарозе і ў грамадскім транспарце. Самім праяўляць асцярогу, выконваць правілы бяспекі, знаходзячыся разам з дзецьмі на гульнёвай ці спартыўнай пляцоўцы. Надзвычай важна звяртаць увагу дзяцей на выкананне мер пажарнай бяспекі - не даваць у рукі, не дазваляць выкарыстоўваць піратэхнічныя сродкі, не пакідаць малалетніх без нагляду, не падвяргаць сваё жыццё і дзяцей небяспецы, выходзячы на лёд на вадаёмах.

Словам, шаноўныя дарослыя, зрабіце ўсё магчымае, каб канікулы для вашых дзяцей прайшлі бяспечна, без надзвычайнасцяў, каб адпачынак стаў цікавым, прынёс аздараўленне.

Алена КАРПЕНКА.

иcтoчник: www.tribunapracy.by