иcтoчник: bobruisk-rik.gov.by
На XXXII Дні беларускага пісьменства Магілёўская вобласць прадставіла разнапланавую экспазіцыю і праграму, якая аб´яднала літаратурныя, гістарычныя і народна-прыкладныя праекты.
Тут разгорнута выстава ´Літаратурны скарб Касцюкоўшчыны´, што знаёміць наведвальнікаў з творчай спадчынай і літаратурнымі традыцыямі Касцюковіцкага раёна. Асобны раздзел прысвечаны праекту ´Магілёўскія старонкі гісторыі Вялікай Перамогi´. У экспазіцыі прадстаўлены старонкі газеты ´Магілёўскія ведамасці´, дзе адлюстраваны праекты, прысвечаныя тэме вайны, захаванню гістарычнай памяці і гераізму землякоў.
У павільёне таксама дзейнічае экспазіцыя Магілёўскай абласной бібліятэкі імя У. І. Леніна, дзе прадстаўлены інфармацыйныя матэрыялы, падрыхтаваныя да свята, а Саюз пісьменнікаў Беларусі - Магілёўскае абласное аддзяленне - прадэманстраваў свае новыя і раней выдадзеныя кнігі.
Аб ролі пісьменнікаў і праграме, з якой Магілёўшчына прыехала на Дзень беларускага пісьменства, распавёў старшыня абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Алесь Казека :
- Сёння мы адзначаем вялікае свята - Дзень беларускага пісьменства. Магілёўскае абласное аддзяленне прывезла на яго шырокую праграму пад назвай ´Айчына. Дзяржава. Вера´. У сваіх творах мы імкнемся перадаць любоў да Радзімы, памяць пра слаўныя і трагічныя моманты гісторыі, павагу да духоўных каштоўнасцей. Наша галоўная задача - выхоўваць чалавека, які захоўвае памяць, любіць сваю краіну і нясе сапраўдныя духоўныя арыенціры. У гэтым - будучыня нашай цывілізацыі. На свята мы прывезлі як ужо вядомыя кнігі, так і новыя выданні.
Не менш актыўнай стала пляцоўка народнай творчасці: майстры рэгіёна прадставілі вырабы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва - упрыгажэнні, драўляныя цацкі, статуэткі, выцінанкі, вырабы з лазы і саломкі. Госці свята маглі не толькі азнаёміцца з творчасцю майстроў, але і набыць сувеніры, а таксама прыняць удзел у бяспройгрышнай латарэі.
Пачэсныя госці - намеснік прэм´ер-міністра Рэспублікі Беларусь Наталля Пяткевіч, міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь Марат Маркаў і іншыя афіцыйныя асобы - наведалі павільён Магілёўскай вобласці. Экскурсію па экспазіцыі правёў намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі аблвыканкама Мікалай Сілкоў. У межах візіту гасцям былі ўручаны сувеніры.
Для ўдзельнікаў свята прагучаў музычны нумар: Уладзіслаў Любчанка разам з бацькам Паўлам выканалі песню ´Мой сон´. Кампазіцыя была станоўча ўспрынята арганізатарамі, і юны выканаўца атрымаў запрашэнне выступіць на галоўнай сцэне свята.
Традыцыйнай падзеяй Дня беларускага пісьменства стала ўручэнне Нацыянальнай літаратурнай прэміі. Сярод лаўрэатаў - прадстаўнікі Магілёўшчыны. У намінацыі ´Лепшы твор публіцыстыкі´ за кнігу ´Буйніцкае поле: застацца і памерці´ прэмію атрымаў Мікалай Барысенка, кіраўнік грамадскага аб´яднання ´Магілёўскі абласны гісторыка-патрыятычны пошукавы клуб ´Віккру´.
mogilev-region.gov.by