90 гадоў па жыцці з аптымізмам: віншаванні з Днём нараджэння прымае жыхарка в. Стасеўка, ветэран працы Ніна Гарбачэўская.

иcтoчник: www.tribunapracy.by

У свае дзевяноста Ніна Пятроўна Гарбачэўская са Стасеўкі на гэткія гады ніяк не выглядае: падцягнутая, статная, з выдатнай памяццю і добра пастаўленым маўленнем. Каб не ногі - юбілярка вось ужо 4 гады перамяшчаецца ў калясцы - дык рабіла б і ўсе хатнія справы, і па двары. Але нават у сваёй сітуацыі імянінніца не сядзіць склаўшы рук, размінае, наколькі магчыма, цела, каб не зацяклі суставы, трэніруе памяць.

- Без разгадвання красвордаў не жыву ні дня, - з усмешкай заўважае жанчына. - Прывозяць іх і дзеці, і ўнукі. Прычым, выбіраю павышанай складанасці, абавязкова адкладваю ў памяці новыя словы. І вельмі люблю судоку. А яшчэ - чытаю раманы.

´У маці выключная памяць, - дадае сын Анатоль, якога з жонкай Галінай засталі ў бацькоўскай хаце, - паэму Купалы ´Курган´ цягам 15 хвілін расказвае без замінкі. Памятае і іншыя вершы, што вучыла ў школе´.

З часоў маладосці ў Ніны Пятроўны павышаныя патрабаванні да знешняга выгляду. Быць уважлівай да прычоскі, да адзення і абутку абавязвалі, як яна кажа, пасады.

Нарадзілася мая субяседніца ў 1934 годзе тут жа ў Стасеўцы. Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, дзяўчынцы было 7 год. Але нават і гэты ўзрост дазволіў ёй утрымаць у памяці светлы вобраз бацькі, які, пайшоўшы на фронт, дамоў з крывавага пекла не вярнуўся. Акрамя Ніны, у сям´і выхоўваўся малодшы брат. І матулі адной з дзецьмі, як, уздыхаючы, згадвае субяседніца, ´усяго хапіла´.

Пасля дзесяці класаў Брожскай школы (у Стасеўцы была сямігодка) дзяўчына вывучылася на бухгалтара. Працавала ў мясцовай школе справаводам, у бібліятэцы.

Выйшаўшы замуж і нарадзіўшы сына і дачку, вучобу працягнула - завочна скончыла Магілёўскі педінстытут, што дазволіла быць настаўніцай пачатковых класаў.

У 1974 годзе Ніну Пятроўну паклікалі працаваць сакратаром Вішнёўскага сельвыканкама. Гэта быў новы накірунак дзейнасці і новы вопыт, але і ім жанчына хутка авалодала: працалюбства і цікавасці да ўсяго новага ёй было не займаць. У гэтай пасадзе юбілярка адпрацавала 9 год. А калі Таццяна Васільеўна Палянская, якая на той час была за старшыню сельвыканкама, з´ехала працаваць на Міншчыну, пасаду галоўнага чалавека ў акрузе даручылі Ніне Гарбачэўскай. Узначальвала Вішнёўскі сельскі Савет дэпутатаў яна 2 гады, а затым ізноў вярнулася ў школу.

- Набліжаўся пенсійны ўзрост, трэба было дбаць пра жыццё на заслужаным адпачынку. Заробак у школе, асабліва калі працаваў не на стаўку, а на паўтары, значна пераўзыходзіў той, што атрымліваў старшыня сельсавета. Паехала ў райвыканкам, усё як ёсць распавяла Анатолю Ціханавічу Глазу - ён тады быў кіраўніком раёна. Знайшла ў яго паразуменне і вярнулася ў школу. Тым болей што якраз вызвалілася месца - маладая настаўніца пайшла ў дэкрэтны адпачынак, - расказвае сваю гісторыю імянінніца.

У школе мая субяседніца затрымалася яшчэ на сем год і пасля дасягнення пенсійнага ўзросту. Працаваць было, як яна кажа, надзвычай камфортна: дырэкцыя ставілася з пашанай, дзеці радавалі. У абавязках педагога было і пісаць пратаколы школьных сходаў, а на гэтым, як смеючыся кажа субяседніца, яна сабаку з´ела - нездарма ж калісьці была за справавода.

Сваім жыццём на заслужаным адпачынку Ніна Пятроўна задаволена. Добрымі і спагадлівымі выраслі сын з дачкою. Дзякуючы ім і хата, і двор выглядаюць дагледжанымі. З пяшчотай ставяцца ўнукі, якіх шасцёра, радуюць шасцёра праўнукаў.

Падвяло здароўе, але ж гераіня аповеду прывыкла ісці па жыцці з аптымізмам і бачыць ва ўсім пазітыў. ´Мне ўсё падабаецца, мяне ўсё задавольвае, у тым ліку памер пенсіі. Радуюся і родным, і сацыяльнаму работніку (Святлана Кет падчас нашага наведвання таксама была ў падапечнай)´, - кажа жанчына.

У гэтым, магчыма, і ёсць прычына даўгалецця маёй субяседніцы. А яшчэ - у бязмежным клопаце тых, каму дала жыццё, для каго стала трывалым коранем, у добрым стаўленні аднасяльчан, ва ўвазе колішніх вучняў. Зрэшты, адным з тых, хто напярэдадні юбілею прыехаў павіншаваць Ніну Пятроўну і ўручыць сваёй настаўніцы кветкі, быў старшыня Вішнёўскага сельвыканкама Дзмітрый Бандарчук.

Цёплымі словамі і падарункамі павіншавалі юбілярку - актыўнага члена раённай ветэранскай арганізацыі яе старшыня Яўгенія Доўнар і лідар мясцовай ветэранскай ´пярвічкі´ Валянціна Сямёнава.

Усе яны падзякавалі ветэрану працы за неацэнны шматгадовы ўнёсак у дабрабыт раёна і краіны і пажадалі галоўнага - сустрэць у коле родных яшчэ не адзін дзень нараджэння.

Алена КАРПЕНКА. Фота Віктара ШЭЙКІНА.