
иcтoчник: bobruisk-rik.gov.by
Адным са складальнікаў камфортнага пражывання людзей на сяле з´яўляецца даступнае і якаснае медыцынскае абслугоўванне. Апошняе для жыхароў нашага раёна забяспечваюць Бабруйская гарадская паліклініка №2 і сельскія медустановы: участковыя бальніцы, амбулаторыі ўрача агульнай практыкі, фельчарска-акушэрскія пункты.
Каб адпавядаць сучасным патрабаванням, і пабудовы устаноў, і медыцынскае абсталяванне ў іх пастаянна абнаўляюцца, замяняюцца на новае, больш якаснае. Да прыкладу, за перыяд з 2020 па 2024 год на ФАПах, у амбулаторыях і бальніцах прайшлі цякучыя рамонты: праведзены афарбоўка будынін, замена аконных праёмаў, дзвярэй, накрыцця падлогі, выкананы рамонт ацяпляльнай сістэмы. На тэрыторыях, што прылягаюць да пабудоў, абноўлена ці адрамантавана агароджа, пад´язныя шляхі, тратуары.

Нямала зроблена за апошні час у ´раённай´, як яе прывыклі называць, паліклініцы. Праведзена замена аконных праёмаў, дзвярэй ва ўсіх кабінетах, калідорах, падсобных памяшканнях. На падлозе ў калідорах з 2-га па 4-ты паверхі пакладзена плітка. Усе кабінеты прыёму пацыентаў аснашчаны камп´ютарамі, якія маюць доступ да адзінай, неабходнай для работы праграмы. Таксама ў кабінетах абноўлена мэбля: пісьмовыя сталы, шафы, тумбачкі, кушэткі, крэслы, што дадае ўтульнасці знаходжання ў іх. Да таго ж, сёлета пачаў работу абноўлены кабінет фібрагастрадуадэнаскапіі, які аснашчаны сучасным абсталяваннем, што адпавядае ўсім неабходным патрабаванням.
- Для агляду пацыентаў набыта два новых фібрагастраскопы з добрымі суадносінамі камфорту пацыента і якасцю выяўлення, - расказаў урач Уладзіслаў Пляшывых. - Набылі новую шафу для іх захавання ва ўмовах стэрыльнасці пасля агляду пацыентаў, а таксама сучасную машыну для мыцця інструментаў, у прыватнасці, фібрагастраскопаў у адпаведнасці са стандартамі - забяспечваецца іх поўная дэзінфекцыя. Апошняе і спрашчае работу медперсанала - калі раней дэзінфекцыя праводзілася ўручную, то цяпер гэтыя функцыі выконвае машына, што ў тым ліку выключае ´чалавечы фактар´.
Медсястра кабінета Алена Паддубная заўважыла, што новая шафа для захоўвання фібрагастраскопаў аснашчана табло, дзе адлюстроўваюцца чысло, час загрузкі, працягласць знаходжання інструмента ў шафе, а таксама час яго выгрузкі. Таксама з абнаўленняў паліклінікі - замена абсталявання ў цэнтральным стэрылізацыйным аддзяленні.



Кадры
Разумеючы, што ў аснове станоўчага функцыянавання любой галіны і тым больш медыцыны - людзі, іх прафесіяналізм і адданасць прафесіі, вялікае значэнне надаецца рабоце з кадрамі.
На працягу апошніх пяці год ва ўстанову аховы здароўя ´Бабруйская гарадская паліклініка №2´ накіравана для работы 18 маладых спецыялістаў, з якіх 4 - з вышэйшай медыцынскай адукацыяй і 14 - з сярэдняй. У мэтах іх практычнай падрыхтоўкі, набыцця неабходных навыкаў і вопыту работы, загадам галоўнага ўрача і палажэннем аб настаўніцтве, у паліклініцы кожнаму маладому спецыялісту прызначаны настаўнік з найбольш высокакваліфікаваных спецыялістаў. Маладому спецыялісту з вышэйшай адукацыяй - тэрмінам на адзін год, з сярэдняй - на паўгода. пры неабходнасці дадзены тэрмін можа быць працягнуты. Таксама маладым спецыялістам прадастаўлены ўсе гарантыі і кампенсацыі, прадугледжаныя заканадаўствам, якое дзейнічае, і калектыўнай дамовай установы.
Вялікая ўвага надаецца прафарыентацыйнай рабоце. Кіраўніцтва паліклінікі №2 праводзіць яе на замацаваных тэрыторыях абслугоўвання - прыцягвае выпускнікоў школ да навучання ў медкаледжах краіны.
Конкурсы
Штогод сельскія медустановы Бабруйшчыны прымаюць удзел у спаборніцтвах па добраўпарадкаванні і выходзяць у пераможцы. У 2024 годзе, да прыкладу, у конкурсе ´Найлепшае добраўпарадкаванне тэрыторыі сярод фельчарска-акушэрскіх пунктаў´ Гарбацэвіцкі ФАП заняў 1-е месца ў Магілёўскай вобласці і 2-е - у рэспубліцы.

Традыцыі
У супрацоўнікаў установы ёсць добрая традыцыя - ладзіць святы з уручэннем падарункаў дзецям са шматдзетных сем´яў раёна. Такія мерапрыемствы праводзяцца ў межах Міжнароднага дня абароны дзяцей, калядных святаў, да пачатку навучальнага года. Іх ініцыятары - старшыні пярвічных арганізацый установы: прафсаюзнай і Беларускага саюза жанчын.
tribunapracy.by