Дзедаву ўзнагароду прыняў унук.

У сераду на гэтым тыдні намеснік ваеннага камісара-начальнік мабілізацыйнага аддзела ваенкамата г. Бабруйска, Бабруйскага, Глускага і Кіраўскага раёнаў Дзмітрый Лебядзеў перадаў знойдзены медаль ´За баявыя заслугі´ на імя Галоты Васіля Іванавіча яго ўнуку Віктару Рыгоравічу.

Дзедаву ўзнагароду прыняў унук.

Як стала вядома, медаль на сваім зямельным участку знайшоў жыхар аг. Іванаўка Д.А. Сакун і ў студзені прынёс знаходку ў ваенкамат. Там неадкладна аформілі запыт у Цэнтральны архіў Міністэрства абароны РФ і праз некаторы час атрымалі даведку з указаннем уласных дадзеных уладальніка медаля. Па нумары вызначылі, што ўзнагарода ўручана разведчыку 168-й стралковай дывізіі 54-й арміі Ленінградскага фронту гвардыі лейтэнанту Галоце Васілю Іванавічу, 1912 года нараджэння, ураджэнцу сяла Плутоўка Гомельскай вобласці, адрас пражывання на 7 сакавіка 1947 года: Бабруйская вобласць, Бабруйскі раён, Кавалёўскі с/с, п. Забалацце.

Далей быў непрацяглы пошук родных Васіля Іванавіча. Гэтаму пасадзейнічалі супрацоўнікі Бортнікаўскага і Цялушскага сельвыканкамаў - дапамаглі адшукаць чалавека з прозвішчам Галота. Ім аказаўся сын уладальніка баявой узнагароды - Рыгор Васільевіч Галота.

На жаль, сам сын не змог прысутнічаць на мерапрыемстве па ўручэнні медаля. Узнагароду прыняў ужо яго сын, унук абаронцы Айчыны- Віктар Рыгоравіч Галота.

Дзедаву ўзнагароду прыняў унук.

Унук Віктар з дзедавым медалём ´За баявыя заслугі´

- Для мяне сённяшняя падзея вельмі хвалюючая, - падзяліўся нашчадак баявога камандзіра. - Буду захоўваць дзедаву медаль - гэта вялікі гонар. На жаль, сам я дзеда не памятаю: ён памёр у 1987 годзе, мне паўгода было. Але ж і ад бацькі, і ад маці шмат чуў пра дзедавы ваенныя гады, пра тое, як хадзіў у разведку, як неаднойчы быў паранены - у інтэрнэце вывучаў дзедавы дарогі, дзеянні на асабліва складаным Волхаўскім накірунку... Пра медалі таксама ведаў. Раней ім асабліва не надавалі увагі, малыя гуляліся, прышпільвалі сабе на адзежу як значкі. Некаторы час дзедава хата ў Забалацці пуставала - узнагароды страціліся... У мяне трое дзяцей. Буду ім не толькі расказваць пра мужнага продка-змагара, пра моцны дух патрыятызму таго пакалення, але і паказваць дзедаў медаль. Віктар падзякаваў усім, хто дапамог вярнуць сямейную каштоўнасць.

- Выпадкі, калі жыхары знаходзяць страчаныя ўзнагароды часоў Вялікай Айчыннай вайны, нярэдкія, - паведаміла вядучы спецыяліст ваеннага камісарыяту Ганна Уманская. - І заўжды важна і прыемна, калі ўзнагарода знаходзіць свайго героя, а наступныя пакаленні захоўваюць гэтую памяць у сямейным архіве.

Дзедаву ўзнагароду прыняў унук.

Васіль Іванавіч Галота

Даведка

Галота Васіль Іванавіч удзельнічаў у баявых дзеяннях: у 1941-м - пад Ленінградам у складзе 402 СД (злучэння) у пасадзе стралка; у 1942-1943 гг. - на Волхаўскім накірунку ў складзе 502 СП у пасадзе стралка, затым камандзіра ўзвода; у 1944 г. - пад выбаргам у складзе 502 СП у пасадзе камандзіра роты. Удзельнічаючы ў барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі - спачатку радавым, затым на камандных пасадах, - Галота Васіль Іванавіч праявіў сябе мужным і рашучым, смелым і валявым камандзірам. За час Вялікай айчыннай вайны быў 5 разоў паранены, меў 2 цяжкіх раненні. Узнагароджаны медалём ´За баявыя заслугі´, ордэнам Чырвонай Зоркі, медалём ´За абарону Ленінграда´, медалём ´За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.´.

Па словах унука, дзед меў 7 класаў школы, скончыў будаўнічае вучылішча. Калі пачалася вайна, прайшоў спецыяльныя курсы і быў накіраваны на фронт. Бабуля Віктара Вольга была другой па ліку дзедавай жонкай: першая, з двумя маленькімі дзецьмі, трагічна загінула ў вайну. На Бабруйшчыне, у Забалацці, Васіль Іванавіч абаснаваўся, вярнуўшыся з Германіі. Прыгнаў адтуль табун коней - разумеў, што з моцна падарваным здароўем нейкую механізаваную работу не адолее. Працаваў у калгасе - даглядаў коней, вартаваў мехмайстэрні. У Васіля Іванавіча было трое сыноў - Валерый, Анатоль і Рыгор, унук Віктар - сын наймалодшага.

Тэкст і фота Алены КАРПЕНКА.

иcтoчник: www.tribunapracy.by