Для яе любая задача вырашальная.

Даўно вядома, што вынікі працы чалавека залежаць не толькі ад яго ўласных якасцяў - сумленнасці і адказнасці, але і таго, наколькі справа, якой займаецца, адпавядае ўнутранай патрэбе, душэўнаму складу, дазваляе раскрыцца, разам з іншымі крытэрыямі шчасця напоўніць жыццё гармоніяй.

У Алы Міхайлаўны Шурын, аператара машыннага даення малочна-таварнай фермы в. Савічы філіяла ´Харчавік-Агра´ ААТ ´Чырвоны харчавік´, неаднаразовага пераможцы раённых спаборніцтваў у намінацыі ´Лепшы аператар машыннага даення´ - даяркі, чые ўдоі малака не тое што адны з найвышэйшых, а самыя высокія ў раёне, усё склалася менавіта такім чынам. Прыйшоўшы ў прафесію зусім маладой, улюбілася ў яе, ´завялася і загарэлася´. Не па загаду і прымусу, але па душэўнай патрэбе працавала і працягвае працаваць так, каб з найбольшай аддачай і карысцю.

Родам Ала Міхайлаўна з Іванаўкі. Там нарадзілася і вырасла, там жыве і цяпер. На адной з ёй вуліцы пусціла карані старэйшая дачка Вольга (загадчыца МТФ в. Савічы, у мінулым неаднойчы прызнавалася лепшай маладой даяркай у раёне). І дзеці, і ўнукі (малодшая дачка будуецца ў Бабруйску) - частыя госці ў бацькоўскім доме, збіраюцца разам не толькі на сямейныя ўрачыстасці.

Між тым, у працоўнай біяграфіі лепшай раённай даяркі ёсць і гарадскі перыяд. Як і большасць аднагодкаў, юнакоў савецкіх 70-х, выпускніца Ала меркавала звязаць свой лёс з горадам. Скончыла ў Магілёве вучылішча і, набыўшы прафесію швачкі, прыйшла на працу ў бабруйскае атэлье.

Змяніць сітуацыю і прапіску прымусіла ў тым ліку кватэрнае пытанне. У адрозненне ад цяперашняга, шанцаў пабудавацца ў маладой сям´і (муж родам з Кіраўскага раёна), амаль не было, жылі на здымнай кватэры. І калі маці з-за здароўя спатрэбіліся падтрымка і дапамога, маладыя людзі прынялі рашэнне вярнуцца да вясковага ўкладу жыцця.

- Хоць дзеці зусім маленькія былі, старэйшай дачцы каля 2-х год, малодшай - меней года, папрасілася на працу ў мясцовы калгас імя Някрасава (пазней ´Перамога´, цяпер ´Міхалёўская Ніва´). Некалькі месяцаў працавала даяркай, а затым перайшла ў радзільнае аддзяленне. Работа была надзвычай цяжкая - давесці цялушак да ацёлу, раздаіць, даглядзець маленькіх цялятак. Адной вады колькі трэба было нанасіць, ды не зблізку... Дваццаць чатыры гады адпрацавала там!

У выніку неаднаразовых рэарганізацый гаспадаркі ўмовы працы не палепшыліся, а вось заробак работніцы радзільнага аддзялення новае кіраўніцтва прыкметна скасавала.

- Такая крыўда ад гэтага ўзяла, што вырашыла - папрашуся ў іншую гаспадарку, - цяпер ужо з усмешкай згадвае субяседніца, - працы ж я не баялася.

Так Ала Міхайлаўна апынулася ў штаце ´Харчавіка-Агра´, і вось ужо дванаццаць год як даказвае (не словамі, а справамі), што паверылі ў яе незнарок.

- Працалюбству абавязана найперш бацьку Міхаілу Мельнічонку, - кажа субяседніца. - У свой час ён быў калгасным жывёлаводам, перадавіком вытворчасці, узнагарод меў - не пералічыць! Вельмі важным лічу - мець цягу да таго, чым займаешся, рабіць справу з задавальненнем, у маім выпадку - абавязкова любіць жывёлу.

Што да матэрыяльнай заахвочанасці, то памер заробку, па словах перадавой даяркі, хоць наўпрост і не ўплывае на аб´ёмы надоенага малака, але ж складаючай з´яўляецца даволі значнай - дае магчымасць паважаць сябе, з настроем і натхненнем брацца за справу.

Назіраючы за жывёлагадоўляй ´знізу´, параўноўваючы колішні і цяперашні да яе падыход, Ала Міхайлаўна адзначае станоўчыя перамены ў забяспечанасці фермы кормам - апошняга не толькі ўдосталь, але якасны, разнастайны, што перш за ўсё ўплывае на надоі.

З захапленнем расказвае пра кіраўніка гаспадаркі, яго адносіны да людзей.

- У нас дырэктар - золата. Прыйдзе ў хлеў, абавязкова пацікавіцца, што хвалюе, уважліва выслухае, растлумачыць - унікне ва ўсе дэталі, і з душой, з павагай да чалавека, - кажа яна. - Ад гэтага хочацца працаваць яшчэ з большай выкладкай.

І Ала Міхайлаўна працуе, нягледзячы на пенсійны ўзрост і пастаянныя ўгаворы дзяцей пераключыцца на хатнія справы.

- Гаспадарка дома немалая, гэта так, ды толькі я спраўляюся з ёю і пасля работы, - з усмешкай заўважае яна, - а пакінуць сваіх рагуль пакуль не адважваюся. Дый у калектыве весялей, жыццё ярчэйшае.У групе гэтай худзенькай жанчыны не 20, не 40, а цэлых 97 кароў! Акрамя таго што падаіць і дагледзець (працоўны дзень пачынаецца а 4-й гадзіне), за кожнай трэба прасачыць, каб раптам не захварэла, з кожнай пагаманіць, прылашчыць - прывязное ўтрыманне ў гэтым пераважае над сучасным беспрывязным. Затое ў адказ даярка атрымлівае вялікае малако - з пачатку года ўдой на карову склаў 2 199 кг, па выніках мая ад каровы ў дзень ўзяла ў сярэднім па 21,4 кілаграмы!

- Ала Міхайлаўна - прафесіянал сваёй справы, гонар нашага калектыву, - характарызуе аператара машыннага даення галоўны заатэхнік гаспадаркі Міхаіл Іванавіч Бандарчук. - Сама дасягае высокіх надояў і моладзь гэтаму вучыць: падказвае, раіць, дапамагае. З такімі працаўнікамі любая задача - вырашальная.

Зрэшты, акрамя дачкі Вольгі, дабрабыт калектыву ´Харчавіка-Агра´ і ўласны памнажаюць муж Алы Міхайлаўны Аляксандр Іванавіч, які працуе на ферме слесарам, і зяць Станіслаў, жывёлавод.

Алена КАРПЕНКА. Фота аўтара.

иcтoчник: www.tribunapracy.by