Да нарыхтоўкі травянога корму ў раёне гатовы.

Пра гэта паведаміў галоўны дзяржінспектар райсельгасхарчу Аляксандр Сапега. Па яго словах, у корманарыхтоўцы будзе задзейнічана 29 кормаўборачных камбайнаў, у тым ліку 5 высокавытворчых айчынных і столькі ж - замежнай вытворчасці. На сёння амаль усе яны (90%) да работы гатовы. Будзе задзейнічана 38 касілак, з якіх прыкладна трэць шырынёй захопу звыш 8 метраў, 28 грабель (20 валкаўтваральнікаў). Маецца 27 прэс-падборшчыкаў для ўборкі сена і саломы і 4 камбінаваных сучасных прэс-падборшчыкі з заварочваннем корму ў рулоны. Гэтай тэхнікі, як было адзначана, дастаткова, каб правесці кампанію зладжана і ў пару.

Калі аналізаваць у разрэзе гаспадарак, то цалкам завяршылі падрыхтоўку тэхнікі да адказнай кампаніі ў філіяле ´Харчавік-Агра´ ААТ ´Чырвоны харчавік´, СВК ´Гігант´, у філіяле ´Варатынь´ ААТ ´БЗТДіА´. Больш таго, ´Харчавік-Агра´ ў корманарыхтоўку ўжо ўключыўся: тут і ў рулоны сенажу нарыхтавалі, і кладуць у траншэю. З кулісных пасеваў занатавалі сенажу ў ААТ ´Саўгас Кісялевічы´, ААТ ´Агракамбінат Бабруйскі´.

На сенажацях, як і штогод, будзе працаваць нямала новай тэхнікі. У ´Агракамбінаце Бабруйскі´, да прыкладу, па лізінгу набылі касілку і плюшчылку. У БААТ ´Аграмашсервіс´ працуе новы КВК-800. ´Харчавік-Агра´ ў разгар мінулага сезону набыў прэс-падборшчык-абмотчык рулонаў. ААТ ´Неўскі-Агра´ ўключыцца ва ўборку травы з новымі граблямі, касілкай, прычэпамі для транспарціроўкі корму. На сенажацях ААТ ´Міхалёўская Ніва´ 2 новенькія касілкі. СВК ´Гігант´ набыў у мінулым годзе новыя граблі.

Прадугледжаны і варыянты на выпадак, калі у каго пойдзе што не так - тэхніка мае звычку ламацца.

- Каб не упускаць тэрміны нарыхтоўкі, гаспадаркам за адпаведную плату дапамогу зможа аказаць створаны спецыяльна ў гэтых мэтах механізаваны атрад Бабруйскага мясакамбіната, - адзначыў Аляксандр Сапега. - Пры неабходнасці дапамогуць і гаспадаркі-суседзі, калі будуць мець такую магчымасць. Вядома ж, за адпаведную плату. З апошняга вынікае, наколькі важна мець уласны надзейны парк тэхнікі, сур´ёзна адносіцца да яе падрыхтоўкі, сачыць за станам.

Па матэрыялах грамадска-палітычнай газеты ´Трыбуна працы´

иcтoчник: bobruisk-rik.gov.by