За чатыры месяцы надоі ў ААТ ´Стасеўка´ выраслі амаль у 5 разоў

Якім чынам ААТ ´Стасеўка´ (з 2017 года - у працэдурах банкруцтва), дзе ўдоі малака яшчэ ў лютым выклікалі як мінімум цяжкі ўздых, здолела ´рэвалюцыйна´ памяняць сітуацыю - выйсці па дадзеным паказчыку на 4-е месца ў раёне?! На гэтае пытанне выканаўчы дырэктар сельгасарганізацыі Аляксандр Васільевіч Трафімаў (заступіў на пасаду ў лістападзе 2019-га) адказвае сціпла-лаканічна: ´Наладзілі вытворчую дысцыпліну, забяспечылі жывёлу бялком´.

За чатыры месяцы надоі ў ААТ ´Стасеўка´ выраслі амаль у 5 разоў

Аператар машыннага даення Вольга Лях

- Працоўная дысцыпліна - першае, за што прыйшлося тэрмінова брацца, - канкрэтызуе кіраўнік. - Наладзілі, у адпаведнасці з тэхналагічнымі патрабаваннямі, рэжым кармлення, догляду, даення жывёлы. Людзям давялі, што падыход да работы павінен быць менавіта такі і ніяк не іншы. Рассартавалі жывёлу - месца для гэтага мелася. Адначасова сталі шукаць магчымасці палепшыць рацыёны кармлення. Сказаць, што было нялёгка - нічога не сказаць. Грошай не хапала нават на заробак працаўнікам, не кажучы ўжо пра іншае... Але, дзякуй богу, наладзілася. Падтрымку аказаў і аказвае райвыканкам, вельмі ўдзячныя перапрацоўшчыкам нашай прадукцыі - ´Бабушкиной крынке´. Бачачы нашае вялікае жаданне і імкненне выправіць сітуацыю (надоі і якасць малака павялічыліся ўжо ад працоўнай дысцыпліны), сталі авансаваць гаспадарку - кожныя 10 дзён пералічваць пэўную суму на закупку бялковага корму. З´явілася магчымасць разнастаіць рацыёны - сталі набываць рапсавы і алейны шрот, жмых, неабходныя канцэнтраты, а там і зялёная падкормка падыйшла. Дзеля гэтага з восені пасеялі 70 гектараў сурэпіцы - па разліках павінна хапіць да сярэдзіны ліпеня. І малако пайшло. Калі яшчэ ў лістападзе рэалізацыя ў дзень складала 560 кг, то цяпер - 2730, дзённыя ўдоі на карову павялічылі на 10(!) кг.

Са з´яўленнем малака, па словах дырэктара, з´явіліся грошы -´Бабушкина крынка´ на спецрахунак штомесяца стала пералічваць 25% ад выручкі за прадукцыю - адпаведна і магчымасць не толькі плаціць заробак, але і набываць неабходнае для павелічэння вытворчасці.

Як расказала загадчыца МТК Ларыса Міхайлаўна Мірончык, нядаўна на комплексе пачала функцыянаваць уласная лабараторыя, якая дазваляе сачыць і своечасова рэагаваць на змены якасных паказчыкаў прадукцыі.

За чатыры месяцы надоі ў ААТ ´Стасеўка´ выраслі амаль у 5 разоў

Малочная лабараторыя

Сур´ёзна ўзяліся за аднаўленне статка. На гэта агулам працуюць усе спецыялісты: загадчыца (яна ж і асемянатар) Ларыса Мірончык, ветурачы, заатэхнік Арына Грабеннікава, якая пасля двух гадоў у якасці маладога спецыяліста працягнула работу ў гаспадарцы. У гэтых мэтах набылі пастэрызатар малака для маленькіх цялятак - устаноўка прызначана садзейнічаць здароваму іх росту. Зрэшты, менавіта за кошт уласнага маладняку тут збіраюцца павялічыць пагалоўе буйной рагатай жывёлы, у тым ліку дойны статак. Месца для гэтага ўдосталь - нядаўна ўвялі ў эксплуатацыю другі хлеў комплекса.

За чатыры месяцы надоі ў ААТ ´Стасеўка´ выраслі амаль у 5 разоў

Злева направа: цялятніца Таццяна Радзіонава, загадчыца Ларыса Мірончык, лабарант Галіна Шастакова, аператары машыннага даення Таццяна Паддубоцкая і Вольга Лях

У тым ліку і пад патэнцыяльнае пагалоўе запланавалі нарыхтаваць травянога корму - пасеялі 80 гектараў канюшыны, 60 люцэрны і 40 гектараў фестулоліума. Дбаючы пра будучыню, увосень залужылі 125 га пашы. Пры спрыяльным надвор´і разлічваюць забяспечыць жывёлагадоўлю паўтарагадовым запасам грубага корму. Каб

быць з камбікармамі, пасеялі 200 гектараў кукурузы на зерне, яшчэ 300 - на сянаж (у мінулым годзе ўсяго было пасеяна 300 га).

З таго, што хвалюе дырэктара на гэтую пару, - дэфіцыт тэхнікі. 8 трактароў (двум самым новым каля 6 год) недастаткова, каб своечасова ахапіць увесь спектр сельскагаспадарчых работ. Выручаюць механізатары - пяць тутэйшых і 2 гарадскіх - сумленна глядзяць тэхніку, з разуменнем ставяцца да патрэб вытворчасці.

У ААТ ´Стасеўка´ з´явілася будучыня. Людзі працуюць і своечасова атрымліваюць заробак. На тым жа малочна-таварным комплексе ён складае, у залежнасці ад кваліфікацыі і аб´ёму выкананых работ, ад 570 да 1200 рублёў (без вылічэнняў). Кожны з працаўнікоў ведае, ад чаго залежыць яго заработная плата. У аператараў машыннага даення, да прыкладу, - ад надояў і якасці рэалізаванага малака, дадаткова - ад раздойвання нецеляў.

За чатыры месяцы надоі ў ААТ ´Стасеўка´ выраслі амаль у 5 разоў

Выканаўчы дырэктар ААТ´Стасеўка´ Аляксандр Васільевіч Трафімаў

Усяляе надзею і тое, што працэдуры банкруцтва, якія сёлета ў адносінах ´Стасеўкі´ павінны былі завяршыцца, збіраюцца падоўжыць яшчэ на 3 гады. Гэты час і збіраецца выкарыстаць калектыў, каб умацавацца, павялічыць вытворчасць, выйсці на плацёжаздольнасць і стабільнае развіццё.

Алена Карпенка. Фота аўтара.

иcтoчник: www.tribunapracy.by