Аўсімавічы: малая радзіма вялікіх людзей.

Цяпер ужо нават цяжка ўявіць, што ў в. Аўсімавічы Варатынскага сельсавета (за 3 кіламетры ад чыгуначнай станцыі Амельня на лініі Бабруйск-Жлобін, на рацэ Ала) напрыканцы 19-га стагоддзя працавалі млын і хлебазапасная крама, на памешчыцкай сядзібе дзейнічалі вадзяны млын, сукнавальня.

Што на пачатку 20-га стагоддзя ў вёсцы налічвалася 76 двароў, 599 жыхароў. А ў 1912 годзе было створана земскае народнае вучылішча, на базе якога пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі была арганізавана працоўная школа 1-й ступені, у якой навучалася 55 чалавек.

Першы ж успамін пра населены пункт, назва якога паходзіць хутчэй за ўсё ад імя Аўсім ці прозвішча Аўсімовіч, згадваецца ў пісьмовых крыніцах 16-га стагоддзя. Паводле гаспадарчых актаў 1639 года - гэта сяло Бабруйскага староства Вялікага Княства Літоўскага з 10-ю дварамі, 14-ю жыхарамі мужчынскага полу. З 1793 года Аўсімавічы значыліся ў складзе Расіі, а з 1795 - у Бабруйскім павеце Мінскай губерніі. На 1844 год вёска была ў складзе маёнтка Аўсімовічы памешчыцы М. Мерлінай. У 1847-м там ужо было 34 двары, 76 мужчын. У 1888 годзе тут пачала дзейнічаць школа царкоўнай граматы. Паводле перапісу 1897 года - гэта вёска Туркоўскай воласці Бабруйскага павета з 472 жыхарамі. Па стану на 1917 год (звесткі перапісу) яна прырасла насельніцтвам - на 85 двароў прыходзілася 611 чалавек. Тады, хутчэй за ўсё, і быў дэмаграфічны ўзлёт населенага пункта. Бо далей, як сведчаць дадзеныя, дэмаграфія пайшла на спад. Паводле перапісу 1926 года на тыя ж 84 двары значылася ўжо толькі 436 жыхароў. А на пачатак 1997 года і ўвогуле засталося 76 чалавек на 34 двары.

У 1930 годзе ў Аўсімавічах быў створаны калгас імя Будзённага. З часам і ён, і яшчэ пяць гаспадарак-брыгад навакольных сёлаў аб´ядналіся ў адну буйную - калгас імя А.С. Пушкіна, цяпер - філіял ´Варатынь´ ААТ ´БЗТДіА´.

Гэтым часам, па дадзеных Варатынскага сельвыканкама, на 20-ці аўсімавіцкіх дварах (астатнія выкарыстоўваюцца пад дачы) зарэгістравана 48 чалавек, з якіх 8 - дзеці ад 6 да 18 год. Працаздольнага насельніцтва 28 чалавек, заняты яны ў асноўным у сельскай гаспадарцы, на мясцовай ферме па вырошчванні буйной рагатай жывёлы. Аб´ектаў сацыяльнай сферы (былі клуб, прадуктовая кропка) у вёсцы не захавалася. Гандлёвыя паслугі аказваюць аўталаўкі - Бабруйскага гандлёвага цэнтра і прыватнікаў, якія наведваюцца сюды 5 разоў на тыдзень. Паслугі пошты - таксама ´на калёсах´. Аўтамабіль з надпісам ´Белпошта´ мы якраз і засталі ля дома адной са старэйшых жыхарак Аўсімавічаў Любові Якімаўны Ткачовай. Пакуль работнік установы Алена Аляксандраўна Мяцельская шпарка раскладала ў прызначаныя для карэспандэнцыі скрыні газеты ´Зямля і людзі´, ´Трыбуна працы´ ды іншыя, ад бабулі Любы, што выйшла атрымаць сваю ´раёнку´, дазналіся сёе-тое пра

вёску і яе самую.

Аўсімавічы: малая радзіма вялікіх людзей.

Алена Аляксандраўна Мяцельская

- А колькі ж люду ў нас раней было! - па-вясковаму эмацыйна гаворыць пажылая жанчына. - У кожнай хаце сям´я, гаспадарка, кароў, і не па адной, трымалі. Я малаказборшчыцай працавала. Збірала малако ў сваёй вёсцы, у Доўгім Кліне, Варатыні. Было яго - не перабраць...

Аўсімавічы: малая радзіма вялікіх людзей.

Любоў Якімаўна Ткачова

... Лёс у бабы Любы, як яна сама кажа, не зайздросны. Дзяцей пахавала, унука-сірату з сямі гадоў падымала (23-гадовы малады чалавек і цяпер жыве з ёю, працуе жывёлаводам на мясцовай ферме). Пошта, як кажа жанчына, ёй не толькі газеты прывозіць.

- Прадукты таксама заказваю ў іх, - кажа яна. - З пенсіі адразу на 80 рублёў набіраю.

Жыхары населенага пункта свята ўшаноўваюць памяць савецкіх воінаў, якія загінулі ў 1944 годзе, абараняючы іх родную зямлю. На брацкай магіле, што на мясцовых могілках, у пачатку 70-х устаноўлены помнік-абяліск з мемарыяльным надпісам. Колькі год таму надпіс быў абноўлены - удалося вызначыць імёны іншых воінаў. Родам з Аўсімавічаў - гэтым асабліва ганарацца мясцовыя жыхары - Уладзімір Парахневіч і Фёдар Архіпенка, якія ў гады Вялікай Айчыннай вайны сталі Героямі Савецкага Саюза. Першы быў кіраўніком падрыўной групы 537-га партызанскага атрада, другі - лётчыкам-знішчальнікам, які правёў 102 паветраных баі, асабіста збіў 30 варожых самалётаў.

Аўсімавічы: малая радзіма вялікіх людзей. Аўсімавічы: малая радзіма вялікіх людзей.

Героі Савецкага Саюза, ураджэнцы в. Аўсімавічы -

Уладзімір Парахневіч і Фёдар Архіпенка

У памяць пра легендарных землякоў іх імёнамі аднавяскоўцы назвалі вуліцы населенага пункта. Праўда, хат, якія б мелі прамое дачыненне да сем´яў герояў, у Аўсімавічах ужо не захавалася.

- Прамых родзічаў тут не засталося, і хат іх ужо няма, - расказвае стараста вёскі Раіса Васільеўна Стэльмак, - час усё злізаў. Засталася памяць толькі ў вуліцах, нашая вось - Парахневіча.

Аўсімавічы: малая радзіма вялікіх людзей.

Расказваючы пра родную вёску, - Раіса Васільеўна лічыць сябе амаль што найстарэйшай з мясцовых жыхароў - з цеплынёй згадвае часы Варатынскага народнага хору. Слава пра калектыў, натхняльнікам і арганізатарам якога была надзвычай таленавітая як спявачка і завадатар Вольга Дашкоўская і ў якім сама Раіса Васільеўна актыўна ўдзельнічала з 14-гадовага ўзросту, грымела далёка за межамі БССР.

Аўсімавічы: малая радзіма вялікіх людзей.

Раіса Васільеўна Стэльмак

- Гэта быў шчаслівы час, - з захапленнем і сумам гаворыць яна, перабіраючы адзін за другім шматлікія фотаздымкі калектыву (сярод удзельнікаў і колішні старшыня калгаса імя Пушкіна В.М. Тумашэнка). - Па-першае, мы былі маладыя, па-другое - гэта цэлая старонка ў жыцці і нашых Аўсімавічаў таксама. Хадзіла на хор уся галасістая моладзь. Спачатку толькі калгаснікі, пасля і настаўнікі, і работнікі іншых арганізацый. Клуба не было, дык бегалі спяваць у Коўрын, у ленкуточак. Дзе толькі не пабылі са сваімі песнямі - у Магілёве, Мінску, на выстаўцы ВДНГ у Маскве, перад касманаўтамі выступалі... Але ж і галасістыя былі - гэта адметнасць нашай мясцовасці! У мяне і ўнучка з дзяцінства спявае (Кацярына Быкава-Хаасма - метадыст раённага цэнтра культуры). Яе голасам не толькі вёска заслухоўвалася - па ўсёй Беларусі выступала, граматы і дыпломы за перамогі ва ўсемагчымых конкурсах дагэтуль грэюць душу.

Алена Уладзіміраўна Стэльмак

Прырасла да родных Аўсімавічаў, як з усмешкай заўважае, і дачка Раісы Васільеўны. Алена Уладзіміраўна, як некалі і маці, працуе сацыяльным работнікам - даглядае пажылых людзей не толькі сваёй вёскі, але і навакольных. Нязменны памочнік ёй у гэтым - веласіпед. І хоць па графіку жанчына павінна наведацца да кожнага падапечнага двойчы на тыдзень, такім парадкам не абмяжоўваецца: абставіны і акалічнасці ды чалавечая спагада прымушаюць рабіць гэта часцей.

- А мне і не цяжка, - гаворыць Алена Уладзіміраўна. - Сядзець на месцы - не маё, тым болей што ў душы - трыццаць. Затое, дзякуй богу, усё паспяваю - акрамя работы, згатаваць, дагледзець гаспадарку, агарод, унука. Улетку надосвітку - яшчэ і на Алу з вудай на гадзінку збегаць. Злаўлю што ці не - а натхнення на цэлы дзень атрымаю, у нас жа прырода, краявіды - непаўторныя!

Варатынскі народны хор

І хоць жылых хат у Аўсімавічах няшмат і вуліцы страцілі колішнюю роўнасць, там, дзе гаспадары ў сіле, імкнуцца і ўмеюць стварыць прыгажосць, - нельга не спыніцца. Выбітнае ў гэтым плане домаўладанне Мікалая Уладзіміравіча Архіпенкі на вуліцы Ф. Архіпенкі (зрэшты, як сцвярджае субяседнік, Герой Савецкага Саюза даводзіцца яму далёкім родзічам).

  • Мікалай Уладзіміравіч Архіпенка
  • Ля падворка Мікалая Уладзіміравіча

- Хата бацькоўская, - расказвае Мікалай Уладзіміравіч. - Пасля таго як родных не стала, пераехалі сюды з жонкай на пастаяннае месца жыхарства - паклікала, значыць, радзіма. Гаспадарку завялі, парсючка, прыхарошваемся (паказвае на здалёк бачнага бусла над калодзежам).

- Сын наш маленькі на мясцовых могілках ляжыць і ўнук таксама, - падключаецца да размовы жонка Раіса Аляксееўна. - Часта туды ходзім...

Паклонны крыж на ўездзе ў Аўсімавічы

Святым месцам у Аўсімавічах лічаць і Паклонны крыж у пачатку вёскі (дарога ад Варатыні), які, як здаўна лічылі, засцерагае жыхароў населенага пункта ад хвароб, нечысці і злых людзей. Пра апошніх у Аўсімавічах не згадваюць. Затое частыя на вуснах імёны тых, хто праяўляе непадробны клопат і турботу пра тутэйшых - старшыні Варатынскага сельсавета Уладзіміра Сяргеевіча Вяроўкіна і ´нашага доктара´, як тут кажуць, - загадчыка Варатынскай амбулаторыі ўрача агульнай практыкі Максіма Дзмітрыевіча Дзяменцьева (пра іх напішам у наступных нумарах раёнкі).

... Пакідаючы невялічкія Аўсімавічы - такіх населеных пунктаў у краіне тысячы - прымушаеш сябе не думаць, што будзе тут яшчэ гадоў так праз 10-20. І разам з тым выразна разумееш, што для тых, хто тут нарадзіўся і вырас - гэта ёсць і будзе самы дарагі і найпрывабнейшы куточак на зямлі.

Алена КАРПЕНКА. Фота аўтара і з архіву.

иcтoчник: www.tribunapracy.by