Абыякавасць і прамаруджванне - не пра гэты калектыў

´Ад загадчыка на ферме залежыць амаль ці не ўсё, - кажа вопытная ў гэтай справе Валянціна Георгіеўна Васілеўская, ведучы нас у даільную залу, дзе аператары машыннага даення пасля асноўнага абавязку прыводзілі ў парадак - рыхтавалі да наступнай дойкі абсталяванне і спадручныя прылады, мылі падлогу. - Арганізаваць вытворчы працэс, пракантраляваць яго выкананне, своечасова адрэагаваць на праблемы, якія ўзнікаюць. Не пакінуць без увагі любую дробязь, бо яна прама ці ўскосна адгукнецца на выніках працы калектыву. Натхніць людзей на дасягненне лепшых вытворчых паказчыкаў, а разам з тым і павелічэнне заробку, аб´яднаць іх у каманду - усё гэта ў магчымасцях і абавязках загадчыка.

Але і быць на ферме дзеля гэтага патрабуецца неадступна: прасачыць за якасцю корму, за працэсам дойкі, падкарэкціраваць рассартоўку жывёлы, узгадніць тое ці іншае пытанне (зааветспецыялістаў у сельгасарганізацыі не хапае) з кіраўніцтвам гаспадаркі ды і шмат другіх аспектаў, дзе патрабуюцца прысутнасць, увага і кампетэнтнасць загадчыка.

Разважанні Валянціны Георгіеўны небеспадстаўныя. Хоць за кіраўніка МТК Каменка філіяла ´Агракамбінат КХП´ ААТ ´Бабруйскі КХП´ яна ўсяго два тыдні - выйшла з пенсійнага адпачынку, каб падмяніць на час працоўнага водпуску Марыну Мікалаеўну Юрчанка - збянтэжанасці не адчувае. Паўгода на заслужаным адпачынку (5 год адпрацавала ўжо і на пенсіі) - дробязь у параўнанні з перыядам працы ў жывёлагадоўлі. Пачаўшы адлік стажу ў колішнім саўгасе ´Гарохаўскі´, працавала там заатэхнікам-селекцыянерам, загадчыцай на працягу 15 год гэтага ж (да рэканструкцыі) малочна-таварнага комплексу, галоўным заатэхнікам. Пасля рэарганізацыі шэрагу гаспадарак у адну ўзбуйнёную стала заатэхнікам-селекцыянерам, а затым галоўным заатэхнікам. З гэтай пасады пайшла і на заслужаны адпачынак. Мае за працу не адну ўзнагароду.

- Калі задача загадчыка комплексу - арганізаваць вытворчы працэс, то задача іншых работнікаў - не адступаць ад тэхналогій, строга выконваць патрабаванні да яго, - працягвае разважаць субяседніца. - Апошняе, зразумела ж, залежыць ад людзей, ад іх чалавечых якасцяў і маральных прынцыпаў. І МТК Каменка ў гэтым плане, можна сказаць, павязло. Калектыў тут склаўся моцны. І аператары машыннага даення, і жывёлаводы падабраліся працавітыя, сумленныя, турбуюцца пра аб´ёмы і якасць надоенага малака, радуюцца кожнаму станоўчаму дасягненню.

Гэтым часам у двух хлявах комплексу ўтрымліваецца 412 галоў буйной рагатай жывёлы, у тым ліку 261 - дойнага статку. Рагулі, як тое і патрабуецца, рассартаваны па перыядах. У адным хляве тыя, што дояцца, у другім - сухастойныя і цялушкі. За два апошнія тыдні дзённыя надоі на МТК на 600 кг павялічылі, і на сёння вытворчасць малака складае без малога 3 900 кг пры сярэднесутачных удоях на карову 14,8 кг. Прычым выключна ўсё малако комплекс рэалізуе гатункам ´экстра´.

На запытанне, як удалося павялічыць надоі, Валянціна Георгіеўна адказвае: ´Кормам´. З канцэнтраванымі кармамі, па яе словах, у гаспадарцы праблематычна, затое ўзбагацілі рацыёны шротам, дражжаванай сумяссю, змянілі тое-сёе ў падыходзе да кармлення. А вось высокай якасці малака, па яе словах, комплекс абавязаны новаму даільнаму абсталяванню і зноў жа - людзям, працавітым, зацікаўленым у выніках сваёй справы. Добра ведаючы кожную жывёліну, работнікі неадкладна б´юць трывогу: паведамляюць загадчыцы ці ветурачу і асемянатару Сяргею Мікалаевічу Ванцовічу, калі раптам выявілі ў рагулі прыкметы масціту ці іншай якой хваробы.

Абыякавасць і прамаруджванне - не пра гэты калектыўПрацоўны стаж у гаспадарцы аператара машыннага даення Вікторыі Мікалаеўны Драздовай - 4 гады, з іх паўтара - на комплексе. Родам жанчына з Украіны, сям´я пераехала на Бабруйшчыну ў 2014 годзе. Жывуць Драздовы ў в. Масты, у вылучаным гаспадаркай доме. І мяняць геаграфію жыхарства не збіраюцца.
Абыякавасць і прамаруджванне - не пра гэты калектыўАператар машыннага даення Валянціна Іванаўна Жураўская працуе на ўчастку павышанай цяжкасці - раздойванні цялушак і кароў пасля ацёлу. Прыехала ў Бабруйскі раён з Чэрвеньшчыны Мінскай вобласці. На МТК працуе вось ужо два гады. Нялёгка, але падабаецца. Сёння ´на яе руках´ - 26 рагуль.
Абыякавасць і прамаруджванне - не пра гэты калектыўАператар машыннага даення Лілія Іванаўна Малахава на МТК працуе трэці год. Да гэтага 23 гады адпрацавала ў гаспадарцы паляводам. Пра перамены ў паслужным спісе не шкадуе: праца ў жывёлагадоўлі ды пры тым на новым абсталяванні ёй, як кажа, цікавая, па душы.
Абыякавасць і прамаруджванне - не пра гэты калектыў

Сяргей Аляксандравіч Арышчанка - слесар малакаправода. У вольны ад асноўнай работы час не супраць дапамагчы з уборкай жанчынам-аператарам.

- Абыякавасць і прамаруджванне - не пра гэты калектыў, - не стамляецца паўтараць Валянціна Георгіеўна.

Дойны статак комплексу абслугоўваюць тры аператары машыннага даення. Два - у даільнай зале і адзін - у радзільным аддзяленні. Аб´ёмы работ у даярак вялізныя, працаваць жанчынам даводзіцца без выходных, што, вядома ж, надзвычай нялёгка. Але ж у бліжэйшыя дні, па словах Валянціны Васілеўскай, сітуацыя абяцае змяніцца - у штаце з´явіцца падменны аператар машыннага даення, вядзецца работа па яго ўзгадненні. Таксама на МТК маецца шэсць жывёлаводаў, у чыіх абавязках - кармленне і догляд скаціны.

- Калектыў малочна-таварнага комплексу з аптымізмам глядзіць у будучыню, - гаворыць Валянціна Георгіеўна. - Добра ўсведамляючы, што заробак напрамую залежыць ад эфектыўнасці работы калектыву - аб´ёмаў і якасці надоенага малака, кожны на сваім працоўным месцы імкнецца зрабіць усё ад яго залежнае, каб і вынікі, і ўласны дабрабыт паляпшаліся.

Тым часам у гаспадарцы дбаюць пра павелічэнне вытворчасці малака таксама і праз нарошчванне дойнага статку МТК - магчымасці для гэтага маюцца. У гэтых мэтах малочны аб´ект днямі папоўнілі цялушкамі з жывёлаводчага комплексу в. Баранавічы. У планах і іншыя шляхі вырашэння пытання.

Алена КАРПЕНКА. Фота аўтара.

На фота да матэрыялу - аператары машыннага даення МТК Каменка з Валянцінай Васілеўскай (1-я злева), якая часова выконвае абавязкі загадчыцы.

иcтoчник: www.tribunapracy.by