Сельскія лазні: дзе на раёне можна скарыстацца гэтай паслугай.

Пра гэта нашая гаворка з начальнікам аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Ірынай Пракопчык.

- Ірына Генадзьеўна, хто ў раёне аказвае паслугі лазні?

- Гэта УКП ´Жылкамгас´. На балансе прадпрыемства значыцца лазнева-пральны комплекс на 25 памыйных месцаў у пас. Глуша і лазня ў Рэдкім Розе. Апошняя, з-за адмоўнага фінансавага выніку і нізкай гадавой загружанасці, вось ужо колькі год як не функцыянуе. Што да Глушанскага комплекса, то яго гадавая загружанасць некалькі вышэйшая - за няпоўныя 12 месяцаў бягучага года склала 26,4% (за 2018 год - 21%). Лазня ў Глушы працуе па суботах. Кошт адной памыўкі (за 2 гадзіны) складае, у адпаведнасці з рашэннем Магілёўскага аблвыканкама, - 4,70 рублёў. Для зручнасці наведвальнікаў у дзень работы лазні працуе таксама і парыкмахер з 9 да 13 гадзін.

- Але ж адна лазня на раён наўрад ці вырашыць патрэбу ў паслузе? Ці ёсць яшчэ якія варыянты?

- Тут заўважу, што сярод мерапрыемстваў раённага плана па забеспячэнні насельніцтва даступнымі і якаснымі паслугамі лазняў, зацверджанага рашэннем Бабруйскага райвыканкама ў 2018 годзе, - і прыцягненне прыватнага бізнесу да гэтага накірунку дзейнасці. На сёння такая ўзаемасувязь наладжана - за вызначаную плату паслугі лазняў і душавых сельскім жыхарам гатовы аказаць і аказваюць на аб´ектах агратурызму, якіх у раёне дастаткова шмат. Сярод апошніх аграсядзібы ´Ізабэла´ і ´Ранчо´ ў аг. Леніна, ´У Шчаткава´ - у аднайменным населеным пункце, ´Тры ільвы´ - у в. Сычкава, ´Воля´ - у в. Лысая Горка, ´У Пятровіча´ - у Новай Шараеўшчыне, ´Адпачынак плюс´ у Вішнёўцы, сядзіба ´Церамок´ у аг. Міхалёва, ´Спадчына´ - у Глушы, ´Тихий омут´ - у в. Дойнічава.

- У маё дзяцінства сяльчане для памыўкі часцяком выкарыстоўвалі лазні сельгасаб´ектаў. Цяпер гэта магчыма?

- Чаму не? Упэўнена, і работнікі сельгаспрадпрыемстваў, і члены іх сямей, якія прыходзяць дапамагчы ўправіцца жонцы ці матулі, могуць скарыстацца і лазняй, якая тут ёсць. Плюс да гэтага дадам, што амаль у паловы з 8732 хатніх гаспадарак раёна маюцца ўласныя лазні, і ´банны дзень´ людзі ладзяць, не выходзячы з двара.

Алена КАРПЕНКА.

иcтoчник: www.tribunapracy.by