Трактары яшчэ ў полі

Каляндарная зіма да апошняга літаральна дня не замінала не зусім звыклым для гэтай пары работам, у прыватнасці, падняццю зябліва - у раёне яго паднята болей за 70% ад патрэбы.

Між тым, у гаспадарках, дзе парадак спраў тэхналагічна вывераны і адшліфаваны, з гэтым клопатам ужо паквіталіся - вызвалілі ад дадатковага цяжару і без таго напружаную вясну. Апошняе датычыцца СВК ´Гігант´ і філіяла ´Харчавік-Агра´ ААТ ´Чырвоны харчавік´. Больш за 90% паднята зябліва ў ААТ ´Неўскі-Агра´, больш за 70% - у Бабруйскім ААТ ´Аграмашсервіс´.

Традыцыйна на парадку дня вывазка арганікі на палі. Па апошніх дадзеных, вывезена звыш 100 тыс. тон з 310 неабходных, у тым ліку 42 тыс. тон унесена ў глебу. У лідарах па вывазцы зноў жа ´Харчавік-Агра´ (каля 80%), ´Гігант´ - 55% ад патрэбы гаспадаркі (значна ўжо і ўнесена), філіял ´Варатынь´ ААТ ´БЗТДіА´ - 40%.

Працягваецца падрыхтоўка насення збажыны да яравой сяўбы. І калі ў цэлым па раёне паказчык ачышчанага складае 60% ад патрэбы, то ў радзе гаспадарак гэтую задачу вырашылі. Цалкам падрыхтаваны насенны матэрыял у ´Гіганце´, ´Харчавіку-Агра´, ´Саўгасе Кісялевічы´ і ´Стасеўцы´, а таксама на ´Птушкафабрыцы ´Вішнёўка´.

Іншыя гэтую работу працягваюць, пастаўляючы пробы ў інспекцыю па насенняводству, каранціну і ахове раслін на адпавяданне патрабаванням дзяржстандарту.

Падрыхтоўка насення мнагалетнікаў - у асноўным ачыстка - ажыццяўляецца гаспадаркамі ў ААТ ´Магілёўскае насенне траў´.

Актыўна вядзецца ў гэтыя дні і вапнаванне глебы даламітавай мукой. Работа гэтая выконваецца за кошт сродкаў дзяржбюджэту і да канца года павінна быць завершана.

У нашым раёне да вапнавання належыць 1500 гектараў, на 1200 з іх даламіт ужо ўнесены.

Алена КАРПЕНКА. Фото носит иллюстративный характер.

иcтoчник: www.tribunapracy.by