Павялічваюць вытворчасць дзень ада дня.

Нарошчваюць надоі малака, у параўнанні да адпаведнага перыяду папярэдняга года, у ААТ ´Міхалёўская Ніва´. З трох малочна-таварных аб´ектаў гаспадаркі лідарства - за калектывам МТФ ´Іванаўка´. І хоць сярэдні ўдой на карову ў дзень тут адносна невялікі - 9,5 кг, на МТФ разлічваюць, што з паляпшэннем кармавой базы - а гэта сёлета відавочна - сітуацыя працягне мяняцца ў лепшы бок.

´Калі ў мінулым годзе на гэтую пару за дзень даілі 2 тоны 200 кг, то цяпер - за 3 тоны, - гаворыць загадчыца фермы Ірына Леанідаўна Верас (у дадзенай пасадзе жанчына 1 год, да гэтага была аператарам машыннага даення). - Гэтаму пасадзейнічала найперш лепшая кармавая база. Сёлета корму і ў траншэях нарыхтавалі болей, лепшай якасці, і не маецца недахопу ў камбікармах. Аптымізм усяляюць і дзве сотні нецеляў´.

Ранішняя дойка на ферме, куды мы наведаліся а 9-й гадзіне ў панядзелак, блізілася да завяршэння - аператары машыннага даення Вераніка Анатольеўна Шынкарэнка, Алена Аляксандраўна Чайка ды Марына Валер´еўна Сіліч наводзілі парадак на працоўным месцы: мылі абсталяванне ў даільнай зале, падлогу. Навядзеннем чысціні праходаў хлява, задаволіўшы патрэбу скаціны ў корме, займаўся і лепшы жывёлавод гаспадаркі Міхаіл Міхайлавіч Мельнічонак. Пад няўхісным наглядам гэтага работніка 100 галоў маладняку - да 3-месячнага ўзросту і пасля 3-х месяцаў, а таксама 70 галоў рагуль - сухастойных і тых, што знаходзяцца на раздойванні.

Павялічваюць вытворчасць дзень ада дня.Міхаіл Міхайлавіч Мельнічонак
Павялічваюць вытворчасць дзень ада дня.

Алена Аляксандраўна Чайка (злева) і Марына Валер´еўна Сіліч

Усяго ж на МТФ 365 галоў кароў. Месцяцца яны ў двух хлявах, як ужо гаварылася, - радзільнае аддзяленне і сухастою. Таксама асобна стаяць цялушкі пад асемяненне і тыя, якіх асемяняюць.

Павялічваюць вытворчасць дзень ада дня.

Таццяна Мікалаеўна Кажадуб (злева) і Ірына Леанідаўна Верас

- Сёлета ў нас нямала расцёлаў нецеляў, з імі было шмат работы, - дзеліцца майстар тэхнік-асемянатар Таццяна Мікалаеўна Кажадуб, неаднаразовы пераможца раённага спаборніцтва ў конкурсе прафесійнага майстэрства (сёлета заняла пачэснае 3-е месца). - З асаблівай увагай сочым за імі пасля расцёлаў, каб не правароніць лячэнне, калі спатрэбіцца - своечасова выправіць хібы ў здароўі і затым своечасова асемяніць. У гэтым годзе ізноў 92 галавы нецеляў перавялі на МТФ. Стаіць задача - нарошчваць пагалоўе дойнага статка, над яе вырашэннем працуем.

І ўсё ж, якія асноўныя перашкоды не даюць калектыву МТФ Іванаўка мець удоі тых жа Савічаў (філіял ´Харчавік-Агра, сярэдні ўдой на карову ў дзень 15 кг)? Па словах асемянатара, шмат залежыць ад таго, які догляд быў за цялушкай ад самага нараджэння і, галоўнае, - які прапаноўваецца корм, наколькі збалансаваныя рацыёны. Немалаважным лічаць і беспрывязны - болей стрэсавы - спосаб утрымання рагуль. Праўда, з апошнім можна паспрачацца: у тым жа філіяле ´Варатынь´ ААТ ´БЗТДіА´, дзе практыкуюць два спосабы ўтрымання кароў, малака ад адной бяруць і ў тым, і ў другім выпадку прыкладна аднолькава (па апошніх дадзеных, сярэдні ўдой на карову ў дзень 14,5 кг). А вось кармленне і доглядныя мерапрыемствы па вырошчванні рагулі - сапраўды важныя фактары. І тая акалічнасць, што сёлетнімі рацыёнамі жывёлы на МТФ ´Іванаўка´ задаволены, а калектыў фермы, як запэўніла кіраўніцтва, зладжаны, працаздольны і адказны, дае ўсе падставы спадзявацца, што малако тут пацячэ яшчэ шпарчэй.

Алена КАРПЕНКА. Фота аўтара.

На фота да матэрыялу: аператар машыннага даення МТФ ´Іванаўка´ Вераніка Шынкарэнка.

иcтoчник: www.tribunapracy.by