Дзмітрый БЯЗРУЧКІН: ´Намераны развівацца ва ўсіх накірунках´.

У нядзелю, 17 лістапада, у краіне адзначаць Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай галіны. Прафесійнае свята людзей, чый штодзённы клопат - апрацоўваць зямлю, вырошчваць і збіраць ураджай, забяспечваць краіну малаком, мясам, яйкамі і прадуктамі, з іх прыгатаванымі.

Сельскагаспадарчая галіна Бабруйскага раёна - гэта пяць адкрытых акцыянерных таварыстваў: ´Неўскі-Агра´, ´Міхалёўская Ніва´, ´Стасеўка´, ´Аграмашсервіс´, ´Саўгас Кісялевічы´, сельскагаспадарчы вытворчы кааператыў ´Гігант´, філіялы ´Варатынь´ ААТ ´БЗТДіА´, ´Харчавік-Агра´ ААТ ´Чырвоны харчавік´, ´Агракамбінат КХП´ ААТ ´Бабруйскі КХП´, ЗАТ ´Птушкафабрыка ´Вішнёўка´, а таксама болей за 4 дзясяткі сялянска-фермерскіх гаспадарак. У арганізацыях аграпрамысловага комплексу раёна занята каля 2000 чалавек. З улікам ветэранаў працы, членаў сямей сельгасработнікаў можна з упэўненасцю канстатаваць, што свята датычыцца пераважнай часткі раённага насельніцтва, практычна кожнага вясковага дома. У мэтах падсумаваць вынікі работы галіны з пачатку года, пачуць прафесійную ацэнку напрацаванага, пацікавіцца планамі развіцця раённага АПК на бліжэйшую перспектыву мы паразмаўлялі з начальнікам упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Бабруйскага райвыканкама Дзмітрыем Бязручкіным.

- Дзмітрый Віктаравіч, пра большую, чым у мінулым годзе, вагу раённага караваю нашы чытачы ўжо ведаюць. Як і імёны тых, чый унёсак у справу вырошчвання хлябоў аказаўся найбольш эфектыўным - падчас ´Дажынак´ у Цялушы перадавікам раённага спаборніцтва ўручылі заслужаныя ўзнагароды. А што ў цэлым раслінаводства? Ці парадавала ўраджаем тая ж бульба?

- Тэмп вытворчасці прадукцыі раслінаводства склаў 118 працэнтаў, і гэта ўжо нядрэнна. Бульбы было пасаджана 550 гектараў, усю яе своечасова ўбралі. З-за вышэйшай, чым у мінулым годзе, ураджайнасці культуры некалькі зменшаныя бульбяныя плошчы не паўплывалі на аб´ёмы накапанага - сабралі каля 11 тысяч тон клубняў. Парадавалі сёлета, асабліва ў ААТ ´Неўскі-Агра´, цукровыя буракі. Іх у раёне накапалі каля 24 тысяч тон і амаль усе ўжо прадалі - паставілі на перапрацоўку. Атрымалі і добры ўраджай кукурузнага зерня - намалацілі 17 тысяч тон або 150 працэнтаў да папярэдняга года.

Тут жа адзначу, што заданне па росту вытворчасці прадукцыі сельскай гаспадаркі забяспечылі, па выніках 10 месяцаў, усе сельгасарганізацыі, за выключэннем філіяла ´Агракамбінат КХП´ ААТ

´Бабруйскі камбінат хлебапрадуктаў´, ´ААТ ´Саўгас Кісялевічы´ і ЗАТ ´Птушкафабрыка ´Вішнёўка´.

- А як складваецца сітуацыя ў жывёлагадоўлі, у прыватнасці, малочнай вытворчасці?

- Малака за 10 месяцаў надаілі 25 261,6 тоны або 99,1 працэнта да адпаведнага перыяду мінулага года. Пры гэтым папрацавалі па-рознаму. Філіялы ´Харчавік-Агра´ і ´Варатынь´, а таксама ААТ ´Неўскі-Агра´ аб´ёмы вытворчасці павялічылі. Калі ў сярэднім на карову за 10 месяцаў надоена 2893 кг малака, то ў тым жа ´Харчавіку-Агра´ 5031 (+304 кг), у ´Варатыні´ - 4339 (+784 кг).

- Што, на вашую думку, не дазваляе іншым атрымліваць малака столькі, як у ´Харчавіку-Агра´? Днямі прыехала з Іванаўшчыны Брэсцкай вобласці. У сярэднім на карову там ужо надоена каля 6 тысяч кг, у асобных гаспадарках - звыш 7 тысяч. Якія змены патрабуюцца нам, каб да гэтага наблізіцца - не дзеля лічбаў, а дзеля грошай, якія за імі стаяць?

- У гэтым накірунку упэўнена рухаемся, але работа гэтая, трэба разумець, не аднаго года. Узмоцнена працуем з дойным статкам, аднаўляем яго за кошт цялушак і, у параўнанні да папярэдняга года, павялічылі. Сёлета нядрэнна папрацавалі па нарошчванні аб´ёмаў канцэнтраваных кармоў - у мінулым годзе з-за недабору зерня такая праблема мелася - што павінна прывесці да павелічэння надояў. Шмат увагі надаем тэхналогіі вытворчасці малака, адпрацоўцы асобных тэхналагічных момантаў. У гэтых мэтах рэгулярна праводзім вучобы для работнікаў галіны ўсіх узроўняў. Вядзем работу па выкананні ў сельгасарганізацыях вытворчай і працоўнай дысцыпліны.

- Калі гаварыць пра апошняе, то якую ролю ў гэтым адводзіце непасрэдна кіраўніку прадпрыемства?

- Першаступенную. Практыка пацвярджае, што там, дзе кіраўнік - гаспадар, з жаданнем і зацікаўленасцю зрабіць як найлепш, там і працэс вытворчасці адшліфаваны, і пытанні дысцыпліны на ўсіх узроўнях адпадаюць самі па сабе - ствараецца каманда прафесіяналаў, і вынікі станоўчыя. З упэўненасцю магу сказаць, што такія кіраўнікі ў Бабруйскім раёне маюцца.

- Спецыялістаў галіны, чыя роля не меней відавочная, дастаткова?

- Тут ёсць праблема. Але тых, хто маецца, пастаянна, як ужо казаў, навучаем, акцэнтуем іх увагу на найбольш праблемных пытаннях. Людзі разумеюць адказнасць за ўзятыя на сябе абавязкі, адчуваюць адказнасць перад калектывамі - і работа вядзецца.

- Што можаце сказаць пра развіццё мясной жывёлагадоўлі?

- Вытворчасць буйной рагатай жывёлы па выніках 10 месяцаў, у параўнанні з адпаведным перыядам мінулага года, некалькі зніжана. Найперш гэта адбылося за кошт зніжэння аб´ёмаў вытворчасці філіялам ´Агракамбінат КХП´ ААТ ´Бабруйскі камбінат хлебапрадуктаў´, а таксама зніжэння ў шэрагу сельгасарганізацый прыплоду цялят. Што да свіней, то тут нельга не адзначыць са станоўчага боку ´Гігант´.

За 10 месяцаў вытворчасць у гаспадарцы склала 348,7 тоны, або 122 % да папярэдняга года, сярэднесутачныя прывагі наблізіліся да тэхналагічных. З птушкай у раёне працуюць дзве сельгасарганізацыі: філіял ´Агракамбінат КХП´ і ЗАТ ´Птушкафабрыка ´Вішнёўка´. Са студзеня па кастрычнік вытворчасць птушкі ў раёне склала звыш 483 тон або 109,7 працэнта да ўзроўню 2018 года, і рост дасягнуты менавіта за кошт птушкафабрыкі. На пачатак будучага года ў арганізацыі плануюць дасягнуць і мінулагодняй вытворчасці яек. Хачу адзначыць, што ў мэтах нарошчвання пагалоўя буйной рагатай жывёлы, паляпшэння якасці яе ўтрымання ў раёне вядуцца рэканструкцыя і будаўніцтва новых жывёлагадоўчых аб´ектаў. У ААТ ´Стасеўка´ - будаўніцтва дадатковага хлява на малочна-таварнай ферме, у ААТ ´Неўскі-Агра´ - комплекс па дарошчванні жывёлы, на МТФ Каменка ´Агракамбінат КХП´ да канца года плануем увесці ў строй яшчэ адно вытворчае памяшканне. Дзеля развіцця жывёлагадоўлі, забеспячэння раённага статка якасным канцэнтраваным кормам, сёлета амаль удвая павялічылі пасевы азімай збажыны на зерне, значна - сурэпіцы на зялёны корм, у паўтара разы - пасевы рапсу. Так што намераны развівацца па ўсіх накірунках.

- Гучыць аптымістычна, і гэта радуе. У заключэнне размовы, Дзмітрый Віктаравіч, прапануем скарыстацца магчымасцю - напярэдадні прафесійнага свята перадаць віншаванні работнікам сельскагаспадарчай галіны раёна?

- У сельскай гаспадарцы раёна працуюць шчырыя, працавітыя, добрасумленныя людзі, многія - слаўныя работнікі галіны не ў адным пакаленні. Усім ім, а таксама ветэранам працы, работнікам прадпрыемстваў, якія перапрацоўваюць нашу прадукцыю, жадаю моцнага здароўя, дабрабыту, цеплыні і ўзаемапавагі ў сем´ях, сонечнага настрою і, вядома ж, працоўных поспехаў.

Па матэрыялах грамадска-палітычнай газеты ´Трыбуна працы´

иcтoчник: bobruisk-rik.gov.by