Віктар Пінчук: ´Бабруйшчыну і яе людзей буду помніць заўжды´.

У адрозненне ад папярэдніх герояў рубрыкі ´След на зямлі´ Віктар Фёдаравіч Пінчук - не тутэйшы. Нарадзіўся ў Асіповіцкім раёне, жыве ў Магілёве і вось ужо колькі год узначальвае Магілёўскую раённую арганізацыю ветэранаў, працягвае займаць актыўную жыццёвую пазіцыю. Да гэтага ж прайшоў вялікую прафесійную школу ад калгаснага ветурача на Бабруйшчыне да дырэктара вядомага сваімі поспехамі ААТ ´Агракамбінат ´Усход´ Магілёўскага раёна. Віктар Фёдаравіч - легенда аграпрамысловай галіны Магілёўскай вобласці, заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь. Кандыдат біялагічных навук, дацэнт, аўтар 21 навуковай работы і 7 вынаходстваў.

Між тым першую практыку па спецыяльнасці герой аповеду атрымаў, як ужо гаварылася, менавіта ў нашым раёне, куды выпускніка-чырвонадыпломніка размеркавалі пасля заканчэння Віцебскага ветэрынарнага інстытута. У калгасе імя Мічурына, дзе пачалася яго працоўная дзейнасць, прафесійную хватку маладога спецыяліста, яго ўменне прымаць правільныя рашэнні ў неардынарных сітуацыях адразу ацанілі. Згадзіцеся, не кожны пачынаючы ветурач возьмецца за няпростую аперацыю, ды пры тым у надзвычайных, можна сказаць, умовах? А ён узяўся. У адзін з суботніх вечароў пасля завяршэння напружанага працоўнага дня ветурач-халасцяк толькі сабраўся ў Цялушу на танцы, як ля дома, дзе кватэраваў, пачуўся сігнал аўтамабіля. Даведаўшыся ад вадзіцеля, што на ферме ў Ступянях нелады з каровай, ён, ні хвіліны не раздумваючы, памяняў планы. Аказалася - жывёлу накармілі канюшынай, а восенню, калі першыя замаразкі, рабіць гэтага нельга - у страўніку з´яўляецца высыпка, падобная на пену. Тэрмінова зробленыя ўколы станоўчага выніку не далі, выйсце было адно - аперыраваць. І, нягледзячы на настойлівыя ўгаворы загадчыка фермы зарэзаць хворую жывёліну, малады ветурач прыняў рашэнне ратаваць. Ноччу, пры святле ліхтара, з дапамогай фельчара разрэзаў рубец, пачысціў страўнік, і тая рагуля мала што выжыла - давала добрае малако, а з часам нават двойню нарадзіла.

У калгас ´Гігант´ Віктар Пінчук прыйшоў у 1975 годзе. І ўжо ў 24-гадовым узросце яму даверылі пасаду галоўнага ветэрынарнага ўрача. Гады працы ў буйной і эканамічна трывалай гаспадарцы, якія, да таго ж, прыйшліся на маладосць, Віктар Фёдаравіч любіць згадваць. У ´Гіганце´, па яго словах, была мацнейшая прафесійная школа як у вытворчым плане, так і ў плане работы з кадрамі, адносін кіраўніка і спецыялістаў, спецыялістаў і падначаленых. У калгасе налічвалася звыш 5 тысяч галоў буйной рагатай жывёлы і прыкладна столькі ж свіней, таму адказнасць на галоўным ветурачы была велізарная. Але ж заўжды адчуваў падтрымку старшыні калгаса Аляксандра Сакуна, ганарыўся яго даверам. Увогуле, як кажа Віктар Фёдаравіч, ён за жыццё не падвёў ніводнага кіраўніка. І ўсё таму, што ў адносінах да работы няўхісна прытрымваўся прынцыпу - ´даў слова - выканай, узяўся за справу - давядзі да канца, зрабі на сумленне´.

Віктар Пінчук: ´Бабруйшчыну і яе людзей буду помніць заўжды´.

´Дажынкі-2010´, г. Ліда - (злева направа): В.Ф. Пінчук, М.П. Левакоў і В.А. Мазурык

Да гэтай пары ўтрымлівае ў памяці герой аповеду імёны і прозвішчы перадавых жывёлаводаў ´Гіганта´ - Любові Цэд, Пятра Губарэвіча, Галіны Балыка, начальнікаў вытворчых участкаў Пятра Печаня і Мікалая Іванова, і многіх іншых, чые працоўныя дасягненні праслаўлялі гаспадарку, ставілі яе ўровень з найлепшымі. Ветэрынарная служба калгаса, па яго словах, лічылася адной з наймацнейшых у вобласці і нават рэспубліцы: захаванасць маладняку буйной рагатай жывёлы і свіней была на ўзроўні 95-98%. На базе гаспадаркі амаль штомесяц праводзіліся раённыя і абласныя семінары-вучобы.

Віктар Пінчук: ´Бабруйшчыну і яе людзей буду помніць заўжды´.

З Героем Сацыялістычнай Працы Любоўю Паўлаўнай Цэд

Пры непасрэдным удзеле Віктара Пінчука і цялятніцы ´Гіганта´ Галіны Самчык, дэпутата Вярхоўнага Савета СССР, у калгаснай ветслужбы з´явіліся аўтамабіль, трактар для дэзінфекцыі і пабелкі ферм. Гаспадарка адной з першых укараніла паточна-цэхавую сістэму вытворчасці малака. На малочна-таварных фермах былі пабудаваны радзільныя аддзяленні, вылучаны цэхі сухастою. Вялікую ўвагу галоўны ветурач надаваў аздараўленню жывёлы - у цёплы перыяд года большасць яе знаходзілася ў летніх лагерах.

Праца Віктара Пінчука ў калгасе ´Гігант´, яго прафесіяналізм былі высока ацэнены: у 1981 годзе ён атрымаў сваю першую ўрадавую ўзнагароду - медаль ´За працоўную доблесць´.

У хуткім часе Віктара Фёдаравіча, выдатнага спецыяліста і не меней выдатнага арганізатара, запрасілі на пасаду намесніка старшыні Магілёўскага РАПА па жывёлагадоўлі і перапрацоўцы сельгаспрадукцыі (так некаторы час называліся ўпраўленні сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкамаў). Праўда, затрымаўся ў адміністрацыйным крэсле ненадоўга: занадта сумаваў па практыцы. А ў 1989 годзе на альтэрнатыўнай аснове яго абралі дырэктарам саўгаса-камбіната ´Усход´ Магілёўскага раёна. У гэтай пасадзе герой аповеду адпрацаваў чвэрць веку. Пакінуў пасля сябе гаспадарку з высокай культурай вытворчасці, цалкам адбудаваным сацыяльным комплексам.

І хоць гэта, як кажуць, ужо другая гісторыя, тым, хто памятае Віктара Пінчука па працы на Бабруйшчыне, хто ведае яго як выбітнага кіраўніка паспяховага ´Усхода´, упэўнена, будзе цікава знаць, што ў спісе яго высокіх узнагарод таксама і Ліст удзячнасці Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, ордэн Айчыны III ступені. Ён двойчы (у 2002 і 2012 гадах) удастойваўся пачэснага звання ´Чалавек года´ Магілёўшчыны. Быў членам Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 5-га склікання.

Сам жа герой аповеду, згадваючы гады напружанай і плённай працы ў сельскагаспадарчай галіне і высокія ў ёй дасягненні, заўважае, што не стаў бы тым, кім стаў, каб не выдатныя на жыццёвай дарозе настаўнікі, у тым ліку першы кіраўнік - старшыня калгаса імя Мічурына Бабруйскага раёна Міхаіл Аронавіч Морчык, старшыня калгаса ´Гігант´ Аляксандр Аляксандравіч Сакун. Ды яшчэ - бацькоўскае выхаванне, якое, калі і было занадта строгім, то, як заўважае Віктар Фёдаравіч, апраўдана.

Алена КАРПЕНКА. Фота з архіву В.Ф. Пінчука.

иcтoчник: www.tribunapracy.by