У Осава прайшоў пашыраны сход.

Пашыраны сход з удзелам грамадскасці Гарбацэвіцкага сельсавета, на якім прысутнічаў старшыня райвыканкама Павел Найдзён, прайшоў у мясцовым сельскім клубе ў мінулую пятніцу. І хоць шматлюдным мерапрыемства не назавеш, пытанні падчас яго былі падняты вострыя.

Апошнія датычыліся нездавальняючага стану пад´язных шляхоў да населенага пункта, асфальтавага пакрыцця ў самой вёсцы. Пры адказе на пытанні прадстаўнікамі ўлады было адзначана, што намаганнямі раёна рамонт пад´язных дарог на бліжэйшую перспектыву не запланаваны. Змяніць сітуацыю магла б дзяржаўная праграма па асфальтаванні пад´ездаў да колішніх цэнтральных сядзіб (у тым ліку Осава), але яна пакуль не прынята.

Хваляванне выказалі вяскоўцы і адносна адсутнасці асвятлення вуліц у цёмны час сутак. Як патлумачыла старшыня Гарбацэвіцкага сельсавета Галіна Прыгара, святло ў Осава і іншых вёсках, у адпаведнасці з рашэннем сельвыканкама, з´явіцца да 1 кастрычніка.

У Осава прайшоў пашыраны сход.

Яшчэ адна хвалюючая местачкоўцаў праблема - жыллёвая. Па словах старасты в. Осава Віктара Саўко, побач з населеным пунктам размяшчаецца жывёлаводчы комплекс, таму маецца патрэба ў дадатковым жыллі. Дэфіцыт апошняга, як ён адзначыў, можна б было вырашыць за кошт рамонту пустуючых шматкватэрных дамоў. Кіраўніцтва раёна ідэю падтрымала - пытанне рамонту аднаго з іх адпаведным службам даручана вывучыць. УКП ´Жылкамгас´ рэкамендавана вырашыць праблему зацякання накрыцця дома па завулку 1-му Цэнтральнаму (жыллё значыцца на балансе прадпрыемства).

Падчас сходу былі абмеркаваны таксама і іншыя хвалюючыя вяскоўцаў пытанні. Асобныя з іх зацікаўленымі службамі ўзяты на кантроль.

Па матэрыялах грамадска-палітычнай газеты ´Трыбуна працы´

иcтoчник: bobruisk-rik.gov.by