Прайшла абласная нарада па будаўніцтве ферм.

12-ць з 27-мі недабудаваных малочна-таварных комплексаў вобласці трэба будзе ўвесці ў строй сёлета. Такі вердыкт вынес першы намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Васіль Акуліч падчас абласной нарады па пытаннях завяршэння будаўніцтва МТК. Мерапрыемства прайшло на базе Бабруйскага раёна ў сераду.

Дадзенаму рашэнню, як ён адзначыў, папярэднічала дэталёвае абмеркаванне праблемы на ўзроўні ўраду, кіраўніцтва вобласці. Пераважная частка намечаных да завяршэння аб´ектаў мае 90-95 працэнтаў гатоўнасці, што дае падставы разлічваць на хуткае (2-3 месяцы) заканчэнне работ. З улікам таго што сродкі на будаўніцтва спатрэбяцца немалыя (некаторым - дзяржаўная пазыка), старшыням райвыканкамаў, кіраўнікам арганізацый неабходна было яшчэ раз абгрунтаваць мэтазгоднасць новых малочных аб´ектаў. Па словах намесніка старшыні аблвыканкама, фермы трэба дабудоўваць там, дзе можна разлічваць на рэальнае нарошчванне пагалоўя, а не для таго, каб проста перавесці жывёлу з ужо наяўных памяшканняў.

Падчас нарады быў дэталёва абмеркаваны алгарытм дзеянняў па рэалізацыі праекта ´Рэканструкцыя незавершаных будаўніцтвам МТФ´, вызначаны службы і арганізацыі, якія будуць яго ажыццяўляць.

- Гэта сур´ёзная справа, і падыход да яе павінен быць надзвычай сур´ёзным з боку ўсіх зацікаўленых, - падкрэсліў Васіль Акуліч. - Уключацца ў работу трэба ўжо сёння.

У ліку малочна-таварных ферм, дабудова якіх запланавана на сёлетні год, тры - на тэрыторыі нашага раёна: у ААТ ´Стасеўка´, філіяле ´Агракамбінат КХП´ ААТ ´Бабруйскі камбінат хлебапрадуктаў´ і ў ААТ ´Неўскі-Агра´.

иcтoчник: bobruisk-rik.gov.by