Быў не рамеснікам, а майстрам.

Уздымаючы актуальную на гэтую пару тэму жніва, перабіраючы газетныя падшыўкі 20-гадовай і болей даўніны, выразна зразумела, што наступным героем распачатага ´раёнкай´ цыклу аповедаў, прысвечаных 95-годдзю Бабруйскага раёна, ´След на зямлі´ павінен стаць Генадзь Хурсан. Людзям, якія маюць дачыненне да сельскай гаспадаркі раёна, хто працуе ў галіне не адзін год і тым болей жыхарам бортнікаўскай зямлі не варта тлумачыць - што гэта за чалавек і якім ён быў. Для іншых адзначу - быў Чалавекам!

Гавару гэта і таму, што неаднойчы ў сваім карэспандэнцкім жыцці сустракалася з Генадзем Мікалаевічам - і выключна заўсёды з нагоды яго ўшанавання як перадавіка СВК ´Гігант´ не толькі раённага, але абласнога і рэспубліканскага ўзроўняў - і таму, што такіх адозваў прытрымліваюцца выключна ўсе, хто ведаў гэтага чалавека, хто з ім працаваў, каму заўчасная страта Генадзя Хурсана прынесла смутак і боль.

У свой час ´раёнка´ пісала:

26 жніўня 1998 г. ´У бацькі і сына Хурсаноў з калгаса ´Гігант´, як і ў мінулыя гады, у гэтым уборачным сезоне справы ладзяцца. Мікалай Ціханавіч і Генадзь Мікалаевіч ізноў лідзіруюць. Іх экіпаж з пачатку жніва намалаціў ужо каля шасцісот тон зерня´.

25 жніўня 2001 г. ´Важнейшая сельгаскампанія - жніво. Аднымі з першых рапартавалі аб яе завяршэнні хлебаробы калгаса ´Гігант´. Усе стараліся. Але найбольшы поспех выпаў на долю камбайнавага экіпажа ў складзе Генадзя Хурсана і Аляксандра Дзеркача, якія першымі ў раёне намалацілі тысячу, а затым і паўтары тысячы тон зерня - выйшлі на найбольш высокі рубеж!´.

21 ліпеня 2007 г. ´Победители республиканского соревнования ´Жатва-2006´... Г.Н. Хурсан - ст. комбайнер СПК ´Гигант´.

15 жніўня 2012 г. ´Почти одновременно несколько комбайновых экипажей ´гигантовцев´ первыми перешагнули тысячный рубеж в намолоте зерна... Это экипажи Ивана Коновальчика - Михаила Альховика, Владимира Зуба - Ивана Станкевича, Геннадия Хурсана - Ивана Богданова... Эти комбайнеры не первый год бороздят хлебную ниву, ежегодно показывая на жатве пример самоотверженного труда´.

Быў не рамеснікам, а майстрам.

Разам з бацькам, ліпень 1989 г.

І такіх прыкладна слоў пра знакамітага камбайнера ´Гіганта´ Генадзя Мікалаевіча Хурсана, пра яго разам з ардэнаносцам-бацькам Мікалаем Ціханавічам - такім жа адданым камбайнерскай справе чалавекам - набярэцца ў сукупнасці не на адзін нумар раённай газеты.

´Вытокі Генадзевай працавітасці і дабрыні - у бацьку, - згадвае старэйшая сястра героя аповеду Раіса Мікалаеўна Кавалёва. - Бацька аддаў камбайнерскай справе 44 гады. Ён жыў сваёй работай, да камбайна ставіўся, як да адушаўлёнага прадмета. Бруду, паломкі, нават нязначнай, цярпець не мог, на гэта і цікаўнаму да тэхнікі Гене з малалецтва ўказваў. Да нас, дзяцей, тата ставіўся з вялікай пяшчотай ды і ўвогуле з людзьмі быў ветлівы, добразычлівы... Але ж і выхаванне маці Антаніны Іванаўны сказалася. З-за бацькавай занятасці менавіта яна ў асноўным займалася намі. Не маючы асаблівай патрэбы ў сродках - перадавы камбайнер прыносіў дадому немалыя грошы - маці, між тым, не стрымлівала нас, калі ў дзяцінстве разам з іншымі ішлі працаваць у калгас. На бацькава шкадаванне і прапанову засцерагчы дзяцей ад нялёгкай дарослай працы звычайна гаварыла - няхай ідуць, трэба, каб былі, як усе´.

Быў не рамеснікам, а майстрам.

Генадзь Хурсан з сястрой Раісай

... Хлебаробчую справу Генадзь Хурсан спазнаў яшчэ да службы ў войску - у апошнія школьныя гады і адразу пасля іх быў памочнікам Мікалая Ціханавіча на жніве. Ужо тады ўяўляў, як некалі сам сядзе за штурвал гэтай агромністай машыны і ў працы паспрачаецца з перадавіком-бацькам (Мікалай Ціханавіч узнагароджаны ордэнамі ´Знак Пашаны´ і ´Працоўнага Чырвонага Сцяга´), працягне ягоную слаўную традыцыю.

Пасля заканчэння Міхалёўскай школы (з 1 па 9 клас вучыўся ў Бортнікаўскай СШ) і службы ў войску Генадзь, як і планаваў, вярнуўся на малую радзіму, у Вялікія Бортнікі, прыйшоў на працу ў ´Гігант´. Некаторы час быў памагатым у Мікалая Ціханавіча - удваіх яны тым болей трымалі перадавую пазіцыю на ўборцы хлябоў. Затым і яму самаму даручылі павесці камбайн па бяскрайніх гігантаўскіх палях. З таго першага жніва і да апошняга ў 2015 годзе Генадзь Хурсан рабіў гэта, як задушэўную песню спяваў - нетаропка, пранікнёна, асцярожна выводзячы кожную ноту, каб у рэшце рэшт узняць голас на поўную моц - не пакінуць на ніве ніводнага коласу, не аддаць глебе ніводнага зерня, аддзячыць зямлі-карміцелькі за ўраджай, калектыву - за аказаны давер.

Быў не рамеснікам, а майстрам.

Давер, які малодшы Хурсан - па характары стрыманы і немнагаслоўны, у рабоце - напорысты і пранікнёны, абыякавы да славы, але неабыякавы да вынікаў працы - апраўдаў спаўна. Ягонае імя, як некалі бацькава, гучала на кожным свяце раённых ´Дажынак´, на кожнай урачыстасці з нагоды прафесійнага дня работнікаў сельскагаспадарчай галіны, на штогодным раённым злёце перадавікоў (незадоўга да смерці быў удастоены 15-га ганаровага звання ´Лепшы камбайнер´).

Быў не рамеснікам, а майстрам.

Гучыць і сёння... Ва ўспамінах родных, калег, аднадумцаў-сяброў, у шэлесце спелай хлебнай ´гігантаўскай´ нівы, у подыху ветра над ёй, у роўным, прыглушаным гуле

гігантаў-камбайнаў...

Слаўны працоўны шлях знакамітага механізатара быў адзначаны шматлікімі ўзнагародамі, сярод якіх высокія дзяржаўныя - медаль ´За працоўныя заслугі´ і ордэн ´Знак Пашаны´.

Алена КАРПЕНКА. Фота з сямейнага і рэдакцыйнага архіваў.

Старшыня СВК ´Гігант´ М.П. Левакоў: ´Вельмі часта згадваю Генадзя, вельмі... У адносінах да працы ён быў майстрам. Разумееце, не рамеснікам - прыйшоў, атрымаў заданне, выканаў, пайшоў. А майстрам - зрабіць, як найлепш, з гаспадарскім падыходам, з душой... Калі гаварыць пра чалавечыя якасці - быў надзвычай сціплы, сціплы і прыстойны... ´.

Галоўны інжынер СВК ´Гігант´ І.А. Міхалёнак: ´Такія людзі, як Генадзь Хурсан, вялікая рэдкасць... іх проста адзінкі - прыклад сціпласці, сумлення, працалюбства, чалавечнасці, дабрыні´.

иcтoчник: www.tribunapracy.by