Дбаў пра будучыню.

Так ці інакш, кожны чалавек, які жыў і жыве на зямлі, пакідае на ёй свой адбітак - справамі, паводзінамі, дзецьмі, унукамі... Амаль заўжды сам жа чалавек і выбірае, якім быць гэтаму следу - выразным і яскравым ці квёлым, амаль прыкметным.

След, які пакінуў пасля сябе Павел Фёдаравіч Голуб з Вялікіх Бортнікаў, адносіцца якраз-такі да ліку першых. І пацверджанне таму - добрая памяць пра гэтага чалавека не толькі ў родных, але і тых, з кім у розныя часы перапляліся яго працоўныя і жыццёвыя шляхі-дарогі.

12 ліпеня Паўлу Фёдаравічу споўніўся б 91 год, і вось ужо 7 год, як яго не стала. Родам герой аповеду з Бабруйшчыны, вёскі Бортнікаўскага сельсавета з мілагучна-лагоднай назвай Малінаўка, з сялянскай сям´і.

Як і большасць беларускіх сямей, гэтую не абмінула Вялікая Айчынная вайна. Разам з іншымі равеснікамі-аднавяскоўцамі пайшоў на фронт бацька. Дамоў яго родныя так і не дачакаліся. Нягледзячы на тое што быў здатны да вучобы (меў 4 класы даваеннай пачатковай школы, у пасляваенны час скончыў 7 класаў Жыліцкай СШ). Як старэйшы з дзяцей падлетак рана спазнаў, што значыць нялёгкая праца на зямлі.

Дбаў пра будучыню.

Павел Фёдаравіч Голуб

Меўшы вялікую цягу да тэхнікі, у 1948 годзе Павел Голуб асвоіў прэстыжную на той час прафесію трактарыста. Аддаў гэтай рабоце значную частку свайго працоўнага жыцця. І заўсёды ставіўся да даручаных абавязкаў з найвялікшай адказнасцю, усведамляў важнасць сваёй ролі ў аднаўленні разбуранай ворагам народнай гаспадаркі, у забеспячэнні шматпакутнай краіны харчам.

Намаганні на той час ужо вопытнага трактарыста не засталіся неацэненымі. У 1964 годзе ён быў прызначаны брыгадзірам брыгады №6 калгаса ´Гігант´ у Малінаўцы. Пад яго началам працавала болей за 100 чалавек - работы на тую пару выконваліся ў асноўным уручную. Не стамляўся Павел Фёдаравіч папаўняць скарбонку ўжо маючых ведаў - завочна скончыў Чырвонабярэжскі сельскагаспадарчы тэхнікум, а затым і Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію. Гэта дазволіла прызначыць яго ў 1970 годзе галоўным аграномам ´Гіганта´. Спазнаўшы за часы працы кожны лапік калгаснай зямлі, узброіўшыся ведамі навукоўцаў па земляробстве, парадамі аксакалаў у раслінаводчай справе, герой аповеду беспамылкова прымяняў прафесійны набытак на практыцы, што, разам з агульнай настроенасцю калектыву на поспех, дазваляла калгасу дасягаць высокіх ураджаеў. Адпрацаваў галоўным аграномам Павел Голуб да 1983 года - часу прызначэння яго намеснікам старшыні калгаса па кормавытворчасці. І тут таксама справы вёў па-гаспадарску, радзеў за даручанае і вынікі працы. У дадзенай пасадзе Павел Фёдаравіч выйшаў і на заслужаны адпачынак.

Сумленны, стрыманы, працалюбівы - ён карыстаўся вялікаю павагаю калектыву, быў выдатным спецыялістам, добрым памочнікам кіраўніка калгаса, дарадцам моладзі. І дзяржава высока ацаніла яго працу. Яшчэ ў 1968 годзе Павел Фёдаравіч Голуб быў удастоены знака ´Выдатнік сацыялістычнай сельскай гаспадаркі´. Другой ганаровай узнагародай стаў юбілейны (да 100-годдзя з дня нараджэння Леніна) медаль ´За доблесную працу´ у 1970 годзе. У 1974-м быў узнагароджаны бронзавым медалём ´За дасягнутыя поспехі ў развіцці народнай гаспадаркі СССР´, у 1977-м самай высокай адзнакай - ордэнам ´Знак пашаны´, у 1989-м - медалём ´Ветэран працы´.

Выйшаўшы на пенсію, Павел Фёдаравіч не губляў сувязі з зямлёй: уласнаручна змайстраваў трактар і выкарыстоўваў яго ў гаспадарцы. І што б ні рабіў, за які пачын не браўся гэты чалавек (быў аматарам-пчаляром) - дбаў пра дзяцей, пра будучыню.

Дбаў пра будучыню.

Павел Фёдаравіч Голуб на трактары, зробленым уласнаручна

З успамінаў М.А. Сакуна, у нядаўнім - намесніка старшыні СВК ´Гігант´: ´Жыў на вул. Маладзёжная. Нейк па восені выйшаў у поле вечарам, гляджу - Павел Фёдаравіч сад садзіць, а было яму тады каля 70 год. Кажу - Павел Фёдаравіч, што так позна сад садзіце? Адказвае - ды раней усё нейк часу не хапала... Нічога, не дачакаюся сам яблык, дзеці і ўнукі есці будуць. Дачакаўся´.

Зрэшты, з жонкай Галінай Сцяпанаўнай ён выгадаваў трое добрасумленных дзяцей. Сын і старэйшая дачка таксама звязалі жыццё з сельскай гаспадаркай (Наталля Паўлаўна дагэтуль працуе ў СВК ´Гігант´ бухгалтарам). Згадваючы бацьку, гаворыць, што гэта быў надзвычай пяшчотнай душы чалавек як у дачыненні дзяцей і ўнукаў, так і ў дачыненні людзей увогуле.

Дбаў пра будучыню.

Сярод родных

Пайшоў з жыцця Павел Фёдаравіч Голуб у сакавіку 2012-га ва ўзросце 84 гады.

Алена КАРПЕНКА. Фота з сямейнага архіву.

иcтoчник: www.tribunapracy.by