У гарачую пару - гарачыя справы.

Бабруйскае ААТ ´Аграмашсервіс´ уключылася ў нарыхтоўку травянога корму

Работы тут вядуцца не першы дзень, таму на раніцу панядзелка (менавіта тады мы наведалі гаспадарку) ужо меўся і вынік - падрыхтаваная да закрыцця сянажная траншэя на малочна-таварнай ферме Хімы, а таксама распачатая да закладкі там жа другая.

- Трамбоўка зялёнай масы не спыняецца і ноччу, - адзначыла аграном Таццяна Падшывалава. - стараемся дзейнічаць па плану, не парушаць тэхналогій.

Аляксандра Кісялёва на трактары ´МТЗ-3022´ у начную змену змяняе Віталь Падшывалаў на ´МТЗ-3522´. Падбуртоўвае травяную масу Валерый Падшывалаў на ´Амкадоры-342´. Пасля таго як на Хімах неабходныя аб´ёмы корму будуць занатаваны, уся гэтая тэхніка перамесціцца на МТФ Слабада, дзе свайго часу чакаюць падрыхтаваныя сянажныя траншэі.

Там жа, на МТФ Хімы, прыкмецілі і рулоны сена.

- Яно таксама ўжо сёлетняе, - пацвердзіла субяседніца, - звозяць з урочышча Стоўпіцкае.

Нарыхтоўку сянажнай масы ажыццяўляў Іван Макееў на новенькім (працуе другі сезон) корманарыхтоўчым комплексе ´Палессе´ (КВК-800), за перавозкай травы засталі Івана Еўстратчыка на МАЗе. Іх тэхніка якраз мяняла месца дыслакацыі - перамяшчалася з сенажаці ля вёскі Цярэшкава на поле паблізу населенага пункта Вялічкава. Настрой, па словах нарыхтоўшчыкаў корму, у іх выдатны - абы б тэхніка не падвяла.

Усяго ў гэтае лета аграрыям Бабруйскага ААТ ´Аграмашсервіс´ неабходна пакласці 6 тысяч тон сенажу і 650 тон сена, ды пры тым - якасных.

- Людзі разумеюць важнасць пастаўленай задачы, - заўважыў галоўны аграном Андрэй Чорны, - таму нараканняў на іх работу няма.

У гарачую пару - гарачыя справы.

Аляксандр Кісялёў

У гарачую пару - гарачыя справы.

Валерый Падшывалаў

´Корманарыхтоўка - асноўная задача на гэтую пару, - падкрэсліла начальнік вытворчага аддзела ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Жана Жукоўская. - па тэрмінах правядзення кампанія апераджае папярэдні год´.

На гэты час, як яна адзначыла, у цэлым па раёне скошана болей за 30 працэнтаў ад запланаваных плошчаў, болей за палову ад скошанага - звезена з сенажацяў. Нарыхтавана 15 тысяч тон сенажу пры плане 97 тысяч тон і каля 400 тон сена пры плане 8700. Сена, па словах Жаны Жукоўскай, няшмат, таму што з траў першага ўкосу ў гаспадарках імкнуцца закласці як мага болей сенажу. Маецца ўжо таксама і адна тысяча тон сіласу (філіял ´Агракамбінат КХП´ ААТ ´Бабруйскі камбінат хлебапрадуктаў´).

Шэраг сельгасарганізацый: СВК ´Гігант´, ААТ ´Стасеўка´, ´Аграмашсервіс´, ´Саўгас Кісялевічы´ і ´Неўскі-Агра´, рыхтуюць корм у тым ліку ў полімерную абалонку, што значна павялічвае (пры ўмове тэхналагічнасці працэсу) яго якасныя характарыстыкі.

Гаворачы пра ўраджайнасць сенакосаў і пашы, Жана Жукоўская адзначае, што ў гаспадарках, дзе клапоцяцца пра іх паляпшэнне - своечасова перазалужваюць і падсейваюць, трава ў гэтым годзе нядрэнная (СВК ´Гігант´, філіял ´Харчавік-Агра´ ААТ ´Чырвоны харчавік´, апошнім часам - ´Агракамбінат КХП´). Той жа ААТ ´Аграмашсервіс´, па яе словах, сёлета набыў у ´Гіганце´ насенне мнагалетнікаў, заклаў уласныя насенныя ўчасткі з тым, каб у наступным годзе правесці перазалужванне.

Працягваюцца ў раёне і работы па доглядзе пасеваў: хімпраполка, фунгіцыдная апрацоўка азімага рапсу, яравой збажыны, кукурузы.

У гарачую пару - гарачыя справы.

Іван Макееў

У гарачую пару - гарачыя справы.

Іван Еўстратчык

Вядома, што зладжанасць любой сельскагаспадарчай кампаніі нашмат залежыць ад наяўнасці неабходнай тэхнікі. У нашым раёне, як паведаміў намеснік начальніка райсельгасхарчу Аляксандр Каўранін, тэхнікі, каб своечасова - да 15 чэрвеня, завяршыць касьбу траў першага ўкосу і нарыхтоўку з іх сенажу і сена, дастаткова. Гэта і 30 кормаўборачных камбайнаў, 41 трактарная касілка, 26 грабель, 31 прэс-падборшчык для сена і саломы, 5 камбінаваных прэс-падборшчыкаў, з якіх два набылі непасрэдна да сёлетняй корманарыхтоўкі (ААТ ´Неўскі-Агра´ і філіял ´Харчавік-Агра´). Такія ж прэсы, здольныя адразу падбіраць, здрабняць траву, абмотваць у сетку і заварочваць у стрэч-плёнку, маюцца ў СВК ´Гігант´, ААТ ´Аграмашсервіс´ і філіяле ´Варатынь´ ААТ ´БЗТДіА´. У гаспадарках, дзе іх няма (ААТ ´Стасеўка´, ´Саўгас Кісялевічы´), ёсць абмотчыкі рулонаў. На невялікія аб´ёмы, як было адзначана, і гэтай тэхнікі дастаткова, каб своечасова справіцца з задачай - нарыхтаваць корм па прагрэсіўных тэхналогіях.

Алена КАРПЕНКА. Фота аўтара.

иcтoчник: www.tribunapracy.by