Малако з асабістага падворка: прыбытак ці страта?

711 кароў налічвае сёння агульнараённы статак (маюцца на ўвазе рагулі з уласных падворкаў грамадзян), што на 73 галавы меней, чым у папярэднім годзе.

- Колькасць кароў год ад году змяншаецца, - заўважае намеснік начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Аляксандр Кісялёў. - Моладзь за догляд рагуль не бярэцца, нягледзячы на адсутнасць праблем з нарыхтоўкай сена, як гэта было раней. А людзі старэйшага пакалення фізічна не могуць трымаць карову - паступова пазбаўляюцца ад жывёлы.

Між тым Бабруйскі раён, як адзначыў Аляксандр Васільевіч, па колькасці пагалоўя ва ўласных падсобных гаспадарках займае першую пазіцыю ў вобласці. 11 працэнтаў ад агульнаабласнога пагалоўя прыходзіцца менавіта на Бабруйшчыну. Для параўнання, ва ўласных падсобных гаспадарках суседніх Асіповіцкага і Кіраўскага раёнаў - адпаведна 224 (-19) і 401 (-60).

Праблем з закупкай малака у насельніцтва, па словах Аляксандра Кісялёва, не маецца. Яго зборам займаюцца як сельсаветы (Варатынскі і Кавалёўскі), так і прыватнікі. Закупленая сыравіна накіроўваецца на перапрацоўку ў ААТ ´Бабушкина крынка´, дзе з яе вырабляюць шырокі спектр малочных прадуктаў.

Зрэшты, малако ад насельніцтва прадпрыемства ацэньвае не вышэй за першы гатунак. На апошняе, як там паведамілі, уплывае тая акалічнасць, што шэраг паказчыкаў якасці (аналіз робіцца з сукупнага аб´ёму малака), і найперш - наяўнасць саматычных клетак, не адпавядаюць вышэйшаму. Такім чынам, сёння цана на малако ад насельніцтва раёна складае 0,495 рубля за адзін кілаграм пры базавым паказчыку тлустасці 3,6%. Для вызначэння гэтага і іншых паказчыкаў зборшчыкі рэгулярна робяць замеры - на працягу месяца, выбарачна, у кожнага малаказдатчыка - і на іх падставе налічваюць гаспадару грошы. Акрамя таго, раз на месяц за кожны кілаграм прададзенага малака вяскоўцы атрымліваюць надбаўку - 0,04 рубля.

Ці прыбыткова сёння трымаць ва ўласнай гаспадарцы карову? На гэтае пытанне Дзмітрый Міхайлавіч Матусевіч з в. Савічы, у гаспадарцы якога дзве рагулі, адказвае станоўча. Але ўдакладняе: ´Справа гэта нялёгкая, працаёмкая, і той прыбытак, які атрымліваеш, прадаючы малако па 49,5 капеек за кілаграм, не адпавядае прыкладзеным намаганням´. Зрэшты, такіх меркаванняў прытрымліваюцца і іншыя апытаныя гаспадары-уласнікі кароў. Пры гэтым усе яны ўпэўнена заяўляюць, што такіх смачных і карысных малака, прастаквашы і тварагу, як ад рагулі з уласнага падворка, не купіш ні ў якой краме.

Алена КАРПЕНКА.

иcтoчник: www.tribunapracy.by