Крэатыўна спраграмавалі

Сталі вядомы вынікі Міжнароднага конкурсу па крэатыўным праграмаванні Scratch.

Удзел у ім прынялі дзве вучаніцы Варатынскай сярэдняй школы: 3-класніца Ксенія Зубовіч з агучанай аніміраванай гісторыяй ´Баран, які не ведаў правілаў дарожнага руху´ (узнагароджана дыпломам 2-й ступені), і 5-класніца Вера Бабкова з віктарынай ´Падарожнічай па Беларусі´ (дыплом 3-й ступені).

Навуковым кіраўніком і ў Ксеніі, і ў Веры была настаўнік інфарматыкі Вольга Анатольеўна Счасновіч.

Перамогі ў Міжнародным конкурсе

3 мая ў сталічнай гімназіі №174 прайшла штогодная, сёлета - 11-я, міжнародная навукова-практычная канферэнцыя па тэме ´Вялікая Айчынная вайна 1941-1945 гадоў у гістарычнай памяці савецкага народа´.

Актыўны ўдзел у мерапрыемстве прынялі вучні нашага раёна, у прыватнасці Брожскай СШ і Міхалёўскага ВПК ´Дз/сад-СШ´. І не безвынікова. Навучэнка 11 класа Грышчанка Дзіяна з Брожскай СШ узнагароджана дыпломам 2-й ступені (навуковы кіраўнік - настаўнік гісторыі і грамадазнаўства Ю.У. Федзяніна), а 9-класніца Міхалёўскага ВПК Альбіна Цэд - граматай за выніковы ўдзел (навуковы кіраўнік Т.В. Кандрацьева).

Зрэшты, вучні Тамары Васільеўны, як паведамілі ў раённым Вучэбна-метадычным кабінеце, кожны год удзельнічаюць у конкурсах міжнароднага і абласнога ўзроўняў па тэме Вялікай Айчыннай вайны, арганізацыі падпольнага і партызанскага руху на тэрыторыі Бабруйшчыны.

Адзначана дыпломам 1-й ступені

Дзевяцікласніца Альбіна Цэд з Міхалёўскага ВПК ´Дз/сад-СШ´ і яе навуковы кіраўнік Тамара Васільеўна Кандрацьева ўчора прынялі ўдзел у яшчэ адной Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі даследчых работ навучэнцаў на тэму ´Аперацыя ´Баграціён´ - Пралог Вялікай Перамогі´, якая прайшла на базе Беларуска-расійскага ўніверсітэту ў Магілёве.

А сёння мы з прыемнасцю паведамляем, што па выніках канферэнцыі раённая школьніца ўдастоена Дыплома 1 ступені. Тэма работы Альбіны - ´Салдаты стальных магістраляў´ (дыверсійная дзейнасць падпольшчыкаў і партызан на чыгуначных пуцях Бабруйскага раёна ў гады Вялікай Айчыннай вайны).

Алена КАРПЕНКА. Фота са школьнага архіву.

иcтoчник: www.tribunapracy.by