Мой камандзір - мой кумір.

Будучыня нашай арміі - падрастаючае пакаленне. Учарашнія падлеткі ўжо сёння стаяць у шэрагах нашай арміі, а змена ім навучаецца ва ўстановах адукацыі нашай краіны, на чале якіх стаяць кадэцкія вучылішчы і Мінскае сувораўскае ваеннае вучылішча.

Сярод будучых абаронцаў Айчыны ў сувораўскіх пагонах - ураджэнец горада Бабруйска Данііл Капусцін. Хлопец навучаецца на другім курсе ў Мінскім сувораўскім ваенным вучылішчы.

- Мой прадзед - удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, камандаваў вялікім атрадам партызан, - падзяліўся Данііл. - Раўняючыся на яго, я вырашыў працягнуць ваенную дынастыю ў нашай сям´і. Неяк ў дзяцінстве бачыў па тэлевізары, як маршыруюць сувораўцы. І вырашыў, што хачу стаць адным з іх.

Не сакрэт, што паступіць у МСВВ - задача не з простых. Трэба прадэманстраваць высокі ўзровень ведаў і абыйсці ў інтэлектуальнай гонцы іншых абітурыентаў. А іх традыцыйна нямала.

- У Бабруйску навучаўся ў сярэдніх школах № 27 і 30, - расказаў хлопец. - Там даюць вельмі добрую адукацыю. Атрыманых ведаў мне хапіла, каб апынуцца ў ліку лепшых абітурыентаў і без праблем паступіць у вучылішча.

Абітурыенты здаюць экзамены па матэматыцы, рускай ці беларускай мове, фізічнай падрыхтоўцы, а таксама праходзяць псіхалагічнае тэсціраванне. І толькі лепшыя атрымліваюць права насіць ганаровае званне - суворавец.

- Дзякуючы афіцэрам і выкладчыкам я хутка адаптаваўся да новага ўкладу жыцця, - распавёў Данііл. - Да строгага распарадку дня з цягам часу прывыкаеш. Цяпер для мяне адзін з самых складаных, але ў той жа час цікавых элементаў навучання ў вучылішчы - вывучэнне замежнай мовы. Гэтым мы займаемся паглыблена - пяць дзён на тыдзень.

Кожны дзень сувораўцаў багаты на падзеі: яны вучацца, удзельнічаюць у розных канферэнцыях, інтэлектуальных шоу, паэтычных вечарынах, наведваюць тэатры, кіно ...

- Больш за ўсё я люблю экскурсіі ў музеі, - адзначыў Данііл. - У іх - гісторыя многіх пакаленняў. Асабліва мне падабаецца Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Гэта галоўнае сховішча рэліквій ваеннага перыяду ў Беларусі. Захоплівае дух, калі ўяўляеш, праз якія жахі прайшлі нашы продкі, здабываючы перамогу. І ў той жа час захапляешся іх мужнасцю і гераізмам.

У школе Данііл палюбіў спорт. На працягу васьмі гадоў займаўся таэквандо. Выступаў на розных спаборніцтвах як унутры краіны, так і за яе межамі. Мае ў сваёй скарбонцы каля трыццаці медалёў, з якіх 16 - вышэйшага гатунку. За свае спартыўныя заслугі хлопец атрымаў 1-ы дан па таэквандо і званне кандыдата ў майстры спорту.

- У сувораўскім створаны усе ўмовы для росту ў спартыўнай кар´еры, - падзяліўся Данііл. - У нас шмат трэнажораў і пляцовак, дзе можна праводзіць трэніроўкі любой складанасці. А вопытныя выкладчыкі заўсёды дапамогуць зрабіць падрыхтоўку больш якаснай і эфектыўнай. Таму у планах - палепшыць узровень фізічнай падрыхтоўкі і атрымаць на спаборніцтвах чарговы тытул.

У працэсе навучання ў МСВВ сувораўцы рэгулярна наведваюць розныя ваенныя факультэты ў грамадзянскіх вну і Ваенную акадэмію Рэспублікі Беларусь. Знаёмяцца з побытам курсантаў і спецыфікай падрыхтоўкі будучых афіцэраў. У ходзе такіх экскурсій многія і вырашаюць, якім будзе іх далейшы жыццёвы шлях.

- Планую паступаць у Ваенную акадэмію на факультэт сувязі і аўтаматызаваных сістэм кіравання, - падзяліўся суворавец. - І ажыццявіць мару - аднойчы надзець афіцэрскія пагоны.

У многіх сувораўцаў ёсць узор для пераймання. Для кагосьці гэта сваякі ў пагонах, некаторыя натхняюцца героямі перыяду Вялікай Айчыннай вайны. А Данііл знайшоў свайго куміра ў сценах МСВВ.

- Мой камандзір - мой кумір, - расказаў суворавец. - Капітан Аляксандр Салагуб вельмі дысцыплінаваны, адказны, але ў той жа час добры і клапатлівы. Ён заўжды побач і дапамагае нам спраўляцца з усімі складанасцямі. Гляджу на яго і разумею, што хачу быць такім жа - сапраўдным афіцэрам.

Аляксандр Валянцінавіч задаволены настроем свайго выхаванца. Афіцэр упэўнены, што Данііла чакае вялікая будучыня, бо ўжо зараз ён вылучаецца сваёй працавітасцю, дысцыплінаванасцю і жаданнем авалодаць ваеннай прафесіяй. З такім настроем і жаданнем вучыцца ён абавязкова стане сапраўдным прафесіяналам.

... Прыязджаючы дадому, у Бабруйск, Данііл сустракаецца са сваімі сябрамі. Распавядае пра свае сувораўскіх будні, планы на будучыню. І асабістым прыкладам агітуе аднагодкаў і малодшых таварышаў звязаць сваё жыццё з арміяй. Таму што гэта ганарова, прэстыжна і неабходна.

Таццяна Грыгаран, фота аўтара

иcтoчник: www.mil.by