У ´Гіганце´ завяршылі сеяць сою.

СВК ´Гігант´ - адзіная ў раёне гаспадарка, дзе займаюцца гэтай надзвычай каштоўнай бабовай і алейнай культурай. Вырошчваючы сою чацвёрты год запар, у ´Гіганце´ з уласнага вопыту зразумелі - расліна прад´яўляе надзвычай высокія патрабаванні да агратэхнікі, празмерна патрабавальная да тэрмінаў апрацоўкі, патрабуе да сябе пастаянных уважлівых адносін. Але ж і ўраджаі пасля гэтага дае адпаведныя. Да прыкладу, у мінулым годзе ўраджайнасць соі ў СВК, у вазе да дапрацоўкі, склала без малога 20 ц/га (намалацілі звыш 456 тон), у 2016 годзе - болей за 24 ц/га (169 тон). І гэта пры тым, што соя - каштоўны кармавы інгрэдыент у сферы жывёлагадоўлі: якасная крыніца бялку ў камбікармах. На думку вучоных, гэтая культура лепей іншых здольна забяспечыць паўнавартасныя рацыёны кармлення жывёлы, а значыць - атрымаць прыбыткі ад малака і мяса.

На полі ля Азёраў сою сеяў Алег Уладзіміравіч Вяроўкін.

Сёлетні план сяўбы ў 300 гектараў у СВК ´Гігант´ асвоілі за тыдзень, зрабіўшы нязначны перапынак на дождж. Перад працягам пасяўных работ, па словах галоўнага агранома Уладзіміра Залужнага, глебу паўторна рыхтавалі - праходзіліся шыроказахопнай бараной, каб падабраць пустазелле і яшчэ раз выраўняць паверхню.

- На асобных палях бараной прайшліся нават тройчы, - канстатуе Уладзімір Аляксандравіч. - Стручкі ў соі размяшчаюцца нізка, і калі поле не будзе роўным, пры яго ўборцы магчымы значныя страты.

Карэспандэнты ´раёнкі´ паназіралі за сяўбой соі ў пятніцу. У той дзень яе сеялі двумя агрэгатамі. Ля вёскі Азёры гэтую работу выконваў механізатар Алег Уладзіміравіч Вяроўкін на трактары МТЗ-3522 у агрэгаце з сеялкай АКПМ-6 (на фота). Вячаслаў Іванавіч Зуб сеяў культуру на Джон Дзіры.

У ´Гіганце´ завяршылі сеяць сою.

Дзмітрый Ігаравіч Тарасевіч упэўнена манеўраваў пагрузчыкам Manitou 735.

Улічваючы тое, што соя патрабуе пільнага догляду, у гаспадарцы, па словах галоўнага агранома, ужо набылі і неабходны гербіцыд для яе апрацоўкі, каб своечасова ўнесці на пасевы.

У ´Гіганце´ завяршылі сеяць сою.Мяхі з насеннем падвозіў на МАЗе Сяргей Канстанцінавіч Педан .
У ´Гіганце´ завяршылі сеяць сою.

Сяргей Іванавіч Дайнека займаўся міжраднай апрацоўкай бульбы (яе ў гаспадарцы таксама пасадзілі).

З сабранага ўраджаю 60-65 тон пакідаюць у ´Гіганце´ на насенне, астатнія выкарыстоўваюць у якасці сыравіны для ўласнага камбікормавага завода. Сучасны завод гаспадаркі аснашчаны спецыяльным абсталяваннем, праходзячы праз якое соя губляе шкодныя рэчывы, і на выхадзе атрымліваецца прадукт - выдатны складнік камбікармоў для рознага віду жывёлы, рознай узроставай групы.

- Пасеялі сою ў аптымальны час па вільготнасці і тэмпературы глебы,- разважае Уладзімір Залужны, - праз дзён 7-10 чакаем усходы, а цяпер асноўнае - догляд пасеваў і падрыхтоўка да нарыхтоўкі травянога корму.

Тэкст і фота Алены КАРПЕНКІ.

иcтoчник: www.tribunapracy.by