Яўген і Вікторыя Бярозкіны: ´Узаемадавер і ўзаемападтрымка - асноўныя складнікі шчаслівага сямейнага жыцця´.

У нашым раёне шмат сямей, у тым ліку шматдзетных, дзе такія каштоўнасці, як узаемапаразуменне, узаемапавага, узаемадапамога і ўзаемападтрымка - у прыярытэце. Яны і толькі яны вызначаюць жыццёвы арыенцір людзей, якія аднойчы вырашылі аб´яднацца, каб далей крочыць разам. Напярэдадні знакавай даты мы пабывалі ў адной з такіх сямей, і сёння з задавальненнем дзелімся атрыманымі ўражаннямі.

Яўген і Вікторыя Бярозкіны родам з Цялушы, аднак пастаянным месцам жыхарства абралі в. Слабодка - цэнтр аднайменнага сельсавета. Разлік, па словах маці сямейства, быў просты - бліжэй да гарадскіх даброт, але ў сельскай мясцовасці, з намерам мець уласны дом і трымаць гаспадарку. Тым болей, што і кошт жылля на сяле таннейшы, чым адпаведнае ў горадзе.

Яўген і Вікторыя Бярозкіны: ´Узаемадавер і ўзаемападтрымка - асноўныя складнікі шчаслівага сямейнага жыцця´.

Яна, Паліна і маленькая Саша.

Дом і месца, якія б сям´ю задаволілі па ўсіх, як кажуць, параметрах, знайшліся ў Слабодцы. І хоць ператварыць набытую будыніну ў сямейнае гняздо аказалася няхутка і няпроста, маладыя і амбіцыйныя Бярозкіны ўпэўнена да гэтага імкнуцца, і ім ёсць чым здзівіць першапраходцаў у дадзенай справе. Тым болей што і сям´я іх з часу набыцця ўласнага дома значна падрасла - у старэйшай Яніны з´явіліся сястрычкі Паліна і Аляксандра. Яніна - выпускніца, на парозе выбару будучай прафесіі. Паліна вучыцца ў 5 класе Каменскай сярэдняй школы, а жвавая малёха-Сашка пакуль пры матулі - дорыць нам шырокую ўсмешку і раз за разам імкнецца ўхапіцца за дыктафон. Дзяўчынцы ўсяго 9 месяцаў, і матуліна ўсмешка ды дотык лагодных знаёмых рук для яе - найбольшае задавальненне.

Тая акалічнасць, што паміж старэйшымі дзеткамі і наймалодшай - значная розніца, прыўносіць у бясконцыя клопаты гаспадыні дома ўсё ж нейкую сістэму. Пакуль Яніна і Паліна ў школе, Вікторыя паспявае, як кажа, вельмі шмат - згатаваць абед, даглядзець агарод і гаспадарку, ды яшчэ і заняцца любімай швейнай справай. Зрэшты, у арсенале сям´і швейная і вязальная машыны. У будучым Вікторыя разлічвае размясціць іх на другім паверсе дома, зрабіць там своеасаблівую майстэрню.

У гаспадарцы куры-нясушкі і качкі, у хуткім часе чакаюць гусянятак. У агародзе бульба, садавіна, цяпліца для расады і агародніны. За парадкам у двары сочыць вялізарны сабака. Усё патрабуе, вядома ж, увагі і часу, але для маладой жанчыны гэта толькі ў задавальненне. І хоць бацька сямейства Яўген на час нашага наведвання быў на працы (займаецца будаўнічымі работамі), прысутнасць яго гаспадарчай рукі ў двары і доме адчуваецца ва ўсім.

- Муж не толькі выдатны гаспадар, - дзеліцца Вікторыя, - але надзвычай адказны бацька. З дзецьмі размаўляе спакойна, але цвёрда, абавязкова тлумачыць, чаму той ці іншы ўчынак непрыгожы і яго нельга паўтараць.

На запытанне, што галоўнае, на думку Вікторыі, каб у сям´і панавала шчасце, яна ўпэўнена адказвае, што гэта ўзаемадавер і ўзаемападтрымка паміж мужам і жонкай і здароўе членаў сям´і.

Менавіта гэтага мая суразмоўца пажадала напярэдадні 15 мая і ўсім сем´ям. Пры гэтым не забылася падзякаваць дзяржаве, а таксама бацькам сваім і мужа - за падтрымку. Болей за 500 рублёў дапамогі ў месяц, што атрымлівае сям´я Бярозкіных на дзіця да трох год і на дваіх старэйшых - немалая матэрыяльная падтрымка. Плюс да гэтага - ільготы ў сістэме адукацыі: двухразовае бясплатнае харчаванне школьнікаў, зніжка на падручнікі, дапамога на падрыхтоўку да школы...

Пры гэтым Вікторыя упэўнена, што асноўны клопат пра дзяцей - усё ж на бацьках. Самі ж Бярозкіны прадпрымаюць усё магчымае, каб тым, каму яны далі жыццё, жылося ўтульна і шчасліва, а іх светлы дом стаў сапраўдным сямейным гняздом для не аднаго пакалення нашчадкаў.

Алена КАРПЕНКА. Фота з сямейнага архіву.

На фота ўверсе: Яўген і Вікторыя са старэйшай дачкой Янай.

иcтoчник: www.tribunapracy.by