У ААТ ´Міхалёўская Ніва´ сеюць цукровыя буракі

Раннія збожжавыя культуры ў гаспадарцы ўжо пасеялі, падкармілі азімую збажыну, пашу, прыступілі да сяўбы адналетнікаў на зялёны корм жывёле. Адначасова рыхтуюць глебу пад сяўбу кукурузы і цукровых буракоў - апошнія таксама і сеюць. Сёлета пад цукровыя буракі ў гаспадарцы будзе занята 300 гектар, прыкладна палова плошчаў на ўчарашні дзень ужо была засеяна.

У ААТ ´Міхалёўская Ніва´ сеюць цукровыя буракі

У сераду за гэтай работай мы засталі Аляксандра Віктаравіча Вежнаўца, які, хоць і сее культуру ўпершыню (працуе на трактары МТЗ 1021 з агрэгатам Ств-12), робіць гэта прафесійна. Рады за пасяўным агрэгатам, па словах галоўнага агранома Сяргея Мікалаевіча Мартынчыка, пракладзены старанна: акуратна і роўна. А гэта значыць - пры ўборцы салодкіх караняплодаў па восені ў Холмера не павінна ўзнікнуць перашкод. Пасля таго як механізатар адсеецца, ён прыступіць да рамонту замацаванага за ім камбайна, каб актыўна ўключыцца ў звыклую за гады працы работу па нарыхтоўцы травянога корму.

На тым жа полі перадпасяўной культывацыяй глебы пад сяўбу цукровых буракоў займаўся Сяргей Дзмітрыевіч Шынкарэнка. На камбініраваным агрэгаце, здольным таксама і ўшчыльняць глебу, ён са сваёй тэхнікай задзейнічаны адначасова і на падрыхтоўцы глебы пад кукурузу. На цукровыя ж буракі, па словах агранома, ´адхопліваецца´ на столькі, каб зрабіць задзел для сеялкі на дзень-паўтара работы. Болей і не патрабуецца: глеба хутка перасыхае. На дадзенай тэхніцы (МТЗ 3022 з агрэгатам АКШ-6) Сяргей Шынкарэнка таксама раней не працаваў - сёлета, па словах агранома, адбыліся перамены ў кадравым складзе механізатараў - аднак з даручанымі абавязкамі спраўляецца.

З сяўбой кукурузы, па словах Сяргея Мартынчыка, у гаспадарцы таксама зацягваць не намераны - на тыдні пачнуць сеяць. Хоць каляндарны час для гэтага і не надыйшоў, надвор´е і глеба сведчаць - пара. Усяго пад культуру ў таварыстве плануюць заняць 650 гектар, з якіх 150 - на зерне. Апошняе ў гаспадарцы падвяргаюць сушцы для далейшага размолу на муку жывёле.

Алена КАРПЕНКА. Фота аўтара.

иcтoчник: www.tribunapracy.by