Трагедыя не толькі тых, хто ваяваў

Чорнай хмарай праняслася афганская вайна па лёсе жыхаркі Варатыні, памочніка выхавацеля мясцовага дзіцячага садка Людмілы Мікалаеўны Шаўцовай - на час, калі здарылася ў сям´і трагедыя, у 1984 годзе, - Люды Пракопчык. Яе дзіцячая памяць захавала нават падрабязнасці таго страшэннага дня, калі стала вядома, што загінуў брат Іван.

- Мы жылі ў вёсцы Пасека, я вучылася ў трэцім ці то ў чацвёртым класе, - згадвае Людміла Мікалаеўна. - Быў зімовы дзень (днём смерці Івана Пракопчыка значыцца 25 студзеня), халодны, пранізлівы, з завірухай. Было прыкладна 7-8 гадзін вечара. У дзверы пастукаліся, і ў хату ўвайшоў старшыня калгаса, на той час - імя Пушкіна - Віктар Макаравіч Тумашэнка. Ён і паведаміў, што ў войску, у Афганістане, загінуў наш Іван і што яго вязуць дамоў. Што тады ў хаце пачалося!.. Гэтай жа ноччу і прывезлі брата. Потым расказвалі, што дарога заняла 11 сутак. Труну паставілі спачатку ў хаце, пасля - у Варатынскім клубе. Людзей на пахаванні многа было, вайскоўцаў таксама.

Памятае Людміла Мікалаеўна і дзень праводзінаў брата ў войска - шматлюдна было, музыка, весела. І Івана, з якім яны былі надта дружныя (заўжды за ёй заступаўся як за найменшай), яна назаўсёды запомніла добрым, вясёлым, светлым...

Тры гады як не стала бацькі Людмілы Мікалаеўны, які надзвычай балюча перажываў смерць сына. Трагічна загінула сястра маёй суразмоўцы.

З чацвёра дзяцей сям´і Пракопчыкаў трое жывуць у Варатынскім сельсавеце (Варатыні і Коўрыне) і толькі сястра ў Светлагорску.

Не пашкадавалі гады матулю маёй субяседніцы. Марыі Цітаўне - 82. Перажытае гора, нялёгкая сялянская праца адбіліся на яе здароўі, і цяпер пажылая жанчына на доглядзе ў дачкі.

- Яна вельмі чакае і штораз балюча перажывае дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў, калі на магілу да Івана збіраюцца баявыя сябры, - гаворыць Людміла Мікалаеўна і дадае: - Усе мы ўдзячныя раённай уладзе, якая не пакідае маці без увагі - ужо і сёлета аказалі матэрыяльную падтрымку - а таксама школьнікам і сельвыканкаму, якія добраўпарадкоўваюць месца братавага захавання, прыносяць да яго вянкі і кветкі.

Алена КАРПЕНКА. Фота з сямейнага архіву.

иcтoчник: www.tribunapracy.by