Служба добрых спраў адзначае юбілей.

Напэўна, кожны жыхар краіны ведае, што ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, а таксама ў шэрагу іншых выпадкаў можна знайсці падтрымку ў сацыяльнай службе. Тут дапамогуць ці пасадзейнічаюць у вырашэнні пытанняў. Сёлета сацыяльнай службе краіны - 100 год.

Служба добрых спраў адзначае юбілей. Служба добрых спраў адзначае юбілей.

Учора, з нагоды юбілейнай даты сацыяльнай службы, кіраўнік раёна Павел Найдзён уручыў Ганаровыя граматы: Галіне Пінчук, бухгалтару раённага Цэнтра сацабслугоўвання насельніцтва, - ад камітэта па працы, занятасці і сацабароне Магілёўскага аблвыканкама, а Зое Русіновіч, галоўнаму спецыялісту аддзела пенсій і дапамог упраўлення па працы, занятасці і сацабароне райвыканкама, - ад Бабруйскага раённага выканаўчага камітэта.

Служба добрых спраў адзначае юбілей.

Наталля Пясоцкая, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацабароне райвыканкама, атрымала Ганаровую грамату раённага Савета дэпутатаў з рук яго старшыні Людмілы Крычко.

З гісторыі

Варта адзначыць, што ідэі дапамогі, падтрымкі і абароны чалавека, у асаблівасці дзяцей, нямоглых і састарэлых, пачалі зараджацца на тэрыторыі сучаснай Беларусі ў старажытнасці са стварэннем багадзельняў для тых, хто меў патрэбу ў дапамозе. Кропкай адліку ў станаўленні арганізаванай сацыяльнай дапамогі стаў царкоўны Устаў Уладзіміра Святаслававіча 996 г., згодна з якім багадзельні і слабоды жабракоў пры манастырах перадаваліся духавенству, якому належала фінансаваць і наглядваць за іх дзейнасцю. А вось пачатак стварэнню дзяржаўнай сістэмы сацыяльнай абароны паклаў Пётр I у 1701 г. указам ´Аб змяшчэнні ў дамавых Свяцейшага Патрыярхату багадзельні жабракоў, хворых і састарэлых´. У адпаведнасці з дакументам ´для дзесяці чалавек хворых у багадзельні павінен быць адзін здаровы, які б за тымі хворымі хадзіў і ўсякую ім дапамогу аказваў´. Ствараюцца сацыяльныя ўстановы для матэрыяльнай падтрымкі і забеспячэння гэтай катэгорыі насельніцтва: багадзельні, сіроцкія дамы, лякарні пры манастырах, дзіцячыя дамы, дамы для безнаглядных дзяцей - фарміруецца дзяржаўная сістэма дапамогі людзям, якія з-за розных прычын не могуць пра сябе паклапаціцца. У 19-м стагоддзі сістэма ўдасканальваецца, з´яўляецца прыватная дабрачынная дапамога.

Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі стала ўкараняцца сістэма сацыяльнага забеспячэння і сацыяльнага страхавання - дзяржаўныя мерапрыемствы па матэрыяльным забеспячэнні грамадзян у старасці, пры інваліднасці, па хваробе, у выпадку страты кармільца.

У кастрычніку 1918 г. прынята Палажэнне аб сацыяльным забеспячэнні працоўных, у адпаведнасці з якім апошнім ахопліваліся ўсе незалежна ад таго, працавалі яны па найме ці самастойна. У студзені наступнага года пастановай Часовага рабоча-сялянскага ўрада Беларусі створаны Камісарыят сацзабеспячэння, на які ўскладалася задача ´агульнага кіраўніцтва ў рашэнні сацыяльных пытанняў´. У яго структуры адлюстраваліся асноўныя накірункі дзейнасці: аддзелы пенсій, аховы мацярынства, дзіцячых дамоў, аддзелы дапамог, інвалідных дамоў і ахвяр контррэвалюцыі, юрыдычны аддзел, інфармацыйна-інструктарскі, гаспадарча-фінансавы, агульная канцылярыя. У тым жа годзе створана дзяржаўная служба занятасці - Камісарыят працы, які займаўся пытаннямі работы біржы працы, аховы працы, працоўнай павіннасці, уладжваў канфлікты работадаўцы з наёмнымі работнікамі. Праіснавала структура да 1933 г., пасля чаго большасць накірункаў работы Камісарыята перададзена прафсаюзам і Дзяржплану. Першыя бясплатныя біржы працы праіснавалі да 1930 г.: з перамогай сацыялізму беспрацоўе было ліквідавана.

Пенсіі з дзяржбюджэту сталі выплачвацца ў канцы 20-х гадоў: у выпадку пастаяннай страты чалавекам працаздольнасці з-за хваробы, калецтва ці старасці. У гэты ж перыяд зараджаецца сістэма пенсійнага забеспячэння па ўзросту асобных катэгорый працоўных на прынцыпах сацыяльнага страхавання (для рабочых 10 галін народнай гаспадаркі). У 1928 г. устаноўлены самы нізкі ў свеце пенсійны ўзрост: для мужчын 60 год, для жанчын - 55. Праз 2 гады прынята рашэнне аб датэрміновым выхадзе на пенсію асоб, занятых на падземных работах і вытворчасцях са шкоднымі ўмовамі працы. Першы і надзвычай важны крок у рэалізацыі прынцыпу ўсеагульнага пенсійнага забеспячэння зроблены ў 1956 г. з прыняццем Закона СССР ´Аб дзяржаўных пенсіях´, другі - у 1964-м, калі ўступіў у сілу Закон аб пенсіях і дапамогах членам калгасаў.

Да пачатку 30 гадоў у краіне фарміруецца адпрацаваная сістэма сацыяльнага забеспячэння тых, хто мае патрэбу ў доглядзе. Зацвярджаюцца 3 катэгорыі дзіцячых дамоў, пачынаюць функцыянаваць дамы-інтэрнаты для састарэлых. Найбольш актыўна будаўніцтва стацыянарных сацустаноў вялося ў 60-70 гады: каля 70% дамоў інтэрнатнага тыпу, якія сёння дзейнічаюць у рэспубліцы, уведзены ў строй менавіта тады.

Да другой паловы 80-х у рэспубліцы было два тыпы дзяржустаноў, якія займаліся сацабслугоўваннем людзей старэйшага ўзросту: раённыя аддзелы сацзабеспячэння (сабесы) - пытаннямі пенсій, санаторна-курортнымі пуцёўкамі, ільготамі для некаторых катэгорый, і стацыянарныя інтэрнаты для састарэлых і тых, хто меў хранічныя псіхічныя захворванні. З 1987 г. пры некаторых сабесах сталі стварацца аддзяленні дапамогі на доме.

З сярэдзіны 90-х гадоў у Беларусі пачала фарміравацца нацыянальная заканадаўча-нарматыўная база, якая рэгламентуе правы і гарантыі пажылых людзей, інвалідаў, сямей з дзецьмі; сталі ўкараняцца новыя формы сацабслугоўвання насельніцтва; дзяржава звярнула асаблівую ўвагу на праблемы аховы працы, занятасці, развіцця сістэмы зарплаты, дэмаграфіі, дзяржпадтрымкі мацярынства і дзяцінства...

У 1994 г. Дзяржкамітэт Рэспублікі Беларусь па працы і сацабароне насельніцтва перайначаны ў Міністэрства працы, Міністэрства сацзабеспячэння - у Міністэрства сацыяльнай абароны. У 2001-м міністэрствы аб´яднаны ў Міністэрства працы і сацыяльнай абароны.

Цяперашняе

Задачы сацыяльнай службы ў нашым раёне ажыццяўляе ўпраўленне па працы, занятасці і сацабароне Бабруйскага райвыканкама (далей - упраўленне) - орган дзяржаўнага ўпраўлення, задачы якога прадугледжваюць рэалізацыю асноўных накірункаў дзяржпалітыкі ў сацыяльна-працоўнай сферы: пытанні аплаты працы, умоў і аховы працы, садзеяння занятасці насельніцтва, развіцця сацыяльнага партнёрства, пенсійнага забеспячэння, сацабслугоўвання і сацыяльнай падтрымкі, дэмаграфічнай бяспекі, альтэрнатыўнай службы, паляпшэння сацыяльна-эканамічных умоў жыццядзейнасці сямей, якія выхоўваюць дзяцей.

Як паведамілі ва ўпраўленні, сёння ў раёне пражывае 6439 атрымальнікаў розных відаў пенсій і дапамог, што складае 39,2% ад усіх жыхароў раёна, у тым ліку 4661 атрымальнік пенсій па ўзросту, 779 - па інваліднасці, 338 - па страце кармільца, 9 ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, 1062 працуючых пенсіянераў, 670 адзінокіх грамадзян і 2543 пажылога ўзросту, якія адзінока пражываюць. На выплату пенсій і дапамог за 12 месяцаў 2018 г. са сродкаў фонда сацстрахавання зрасходавана 25 663 202 руб.

Адным з дзейсных відаў дзяржаўнай падтрымкі неабароненых слаёў насельніцтва з´яўляецца дзяржаўная адрасная сацыяльная дапамога. За мінулы год яна аказана 957 грамадзянам на суму 311 527 руб. Для пажылых і непрацаздольных грамадзян, якія маюць патрэбу ў дапамозе, прадугледжана матэрыяльная дапамога са сродкаў Фонда сацыяльнай абароны насельніцтва Міністэрства працы і сацабароны РБ. Яе ў мінулым годзе атрымалі 333 чалавекі на суму 15 259 руб.

З 1 студзеня 2015 г. уступіў у дзеянне Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 9 снежня 2014 г. №572 ´Аб дадатковых мерах дзяржаўнай падтрымкі сямей, якія выхоўваюць дзяцей´. У адпаведнасці з ім пры нараджэнні, усынаўленні (удачарэнні) трэцяга ці наступных дзяцей грамадзяне Беларусі, якія пастаянна пражываюць у нашай краіне, маюць права на аднаразовае прадастаўленне безнаяўных грашовых сродкаў у памеры 10 000 долараў ЗША (сямейны капітал). За перыяд з 1 студзеня 2015 г. па 31 снежня 2018-га у райвыканкам звярнулася 162 сям´і для яго прызначэння (у 2018 г. - 43 шматдзетным сем´ям прызначаны безнаяўныя грашовыя сродкі). У адносінах усіх сямей, якія звярнуліся, прыняты станоўчыя рашэнні на пералічэнне сродкаў рэспубліканскага бюджэту ў ААТ ´АСБ Беларусбанк´ на дэпазітныя рахункі грамадзян ´Сямейны капітал´.

У мэтах дзяржаўнай падтрымкі сямей, якія выхоўваюць траіх і болей дзяцей, уключаючы прыёмных і апякунскіх, штогод аказваецца аднаразовая матэрыяльная дапамога да вучэбнага года за кошт бюджэтных сродкаў. У 2018 г. такая дапамога аказана 235 сем´ям на 509 школьнікаў на суму 32 576 руб., у тым ліку на 452 - з шматдзетных сем´яў на суму 28 928 руб., на 57 - з прыёмных (апякунскіх) сем´яў на суму 3 648 руб. Для стварэння бяспечных умоў пражывання сямей з дзецьмі на рэалізацыю падпраграмы 1 ´Сям´я і дзяцінства´ Дзяржпраграмы ´Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека Рэспублікі Беларусь´ на 2016-2020 г.г. у мінулым годзе вылучана і асвоена 25 703 руб. Службай занятасці ўпраўлення са студзеня па снежань працаўладкавана 388 чалавек, у тым ліку 277 беспрацоўных.

Падрыхтавала Алена КАРПЕНКА. Фото Вольгі ГРЭК.

иcтoчник: www.tribunapracy.by