Калі ў гаспадарцы ёсць малако - каса пуставаць не будзе.

Філіял ´Харчавік-Агра´ ААТ ´Чырвоны харчавік´ прызнаны пераможцам раённага спаборніцтва па выніках веснавых палявых работ і нарыхтоўкі травянога корму. У тройцы лідараў (на 2-м месцы) - па выніках восеньскіх палявых работ (сяўба азімых культур, падняцце зябліва) і на 3-м - на ўборцы збожжавых.

Дырэктар філіяла ´Харчавік-Агра´ ААТ ´Чырвоны харчавік´ Міхаіл Стрыжэўскі накіроўвае, пры падтрымцы калектыву, дзейнасць сельгаспрадпрыемства так, каб аб´ёмы малочнай вытворчасці не толькі не скуднелі, але і нарошчваліся. Менавіта на павелічэнне малака ´завязана´ у гаспадарцы раслінаводчая галіна. Прычым, да тэхналогіі вырошчвання культур падыход самы сур´ёзны. Абавязкова знойдуць выйсце і ў тым выпадку, калі фінансавыя магчымасці абмежаваныя.

Узяць бы хоць той факт, што гаспадарка - адна з першых і нямногіх у раёне, дзе ў мэтах падрыхтоўкі да сяўбы азімых выкарысталі балку для ўшчыльнення глебы. Спецыяльная тэхніка каштуе немалых грошай, а балка, як тут палічылі, - усяго толькі актывізацыя інжынернай думкі і механізатарскага спрыту.

Жывучы не адным днём, будуючы планы на перспектыву, у ´Харчавіку-Агра´ прадпрымаюць усемагчымыя захады для ўдасканалення маючага вопыту і пераймання перадавога ў раслінаводстве і жывёлагадоўлі, прыслухоўваюцца да рэкамендацый і парад навукоўцаў. У гэтых мэтах і сам кіраўнік, і галоўныя спецыялісты філіяла штогод удзельнічаюць у спецыялізаваных вучобах-выставах, у тым ліку за межамі краіны.

Добра разумеючы, што ўраджай закладваецца задоўга да сутыкнення насення з зямлёй, а апошняе павінна адбыцца ў строга адведзеныя тэрміны, важную ролю надаюць падрыхтоўчым да сяўбы работам. Як і ў папярэднія гады, загадзя паклапаціліся, прадпрынялі ўсе неабходныя меры, каб яравая і восеньская пасяўныя кампаніі прайшлі зладжана.

- Азімую збажыну пасеялі ў аптымальныя агратэхнічныя тэрміны, - адзначае Міхаіл Мікалаевіч Стрыжэўскі. - І, мяркуючы па тым, як рунь паднялася, лічу, што ўсё зрабілі правільна. Расліны, якія былі пасеяны да 10 верасня, на сёння ў фазе кушчэння. Азімы рапс, каб прыпыніць рост, апрацавалі ростарэгулятарам. Усё, здаецца, складваецца нядрэнна, спадзяемся на станоўчую перазімоўку пасеваў і добры ўраджай.

Адносна нязначныя плошчы сельсгасугоддзяў і наладжаны ў філіяле стыль гаспадарання - апошняе, без сумнення, вызначальнае - дазваляюць брацца за кожны наступны від работ не нахрапам, як гэта часта бывае, а прадумана, з разлікам на максімальную аддачу. Ад гэтага ў поўным аб´ёме першымі ў раёне завяршылі падняцце зябліва на запланаваных гектарах - стварылі яшчэ адну ўмову для добрага ўраджаю.

Шмат увагі надаюць у філіяле стварэнню культурнай пашы. Якраз гэтым часам уздабляюць арганікай плошчы ля фермы Савічы, каб увесну, як толькі снег сыдзе і з´явіцца магчымасць выйсці ў поле, на 40 гектарах пасеяць шматкампанентную мнагалетнюю пашу.

- Адлегласць да фермы там мінімальная - перагон жывёлы зусім нязначны, - заўважае дырэктар. - Спадзяемся, што і ў гэтым плане ўсё атрымаецца.

З надыходам зімне-стойлавага перыяду заатэхнічная і ветэрынарная службы гаспадаркі займаюцца распрацоўкай рацыёнаў кармлення жывёлы на аснове паўнавартасных кармавых сумясяў, праводзяць іх параўнальны аналіз, шукаюць аптымальныя варыянты. У гэтых мэтах галоўныя спецыялісты службаў прынялі ўдзел 18 кастрычніка ў V усебеларускім форуме жывёлаводаў, прывязлі адтуль свежыя веды і ідэі, каб укараніць іх у сябе і мець найлепшы вынік.

- Шукаем спосабы, каб тая кармавая база, якую стварылі, была максімальна выкарыстана і, галоўнае, - прынесла максімальны эфект, - гаворыць Міхаіл Мікалаевіч. - На сёння рэнтабельнасць малочнай вытворчасці іграе першую скрыпку ў дзейнасці філіяла. І нельга дапусціць, каб праца людзей на корманарыхтоўцы, у пасяўную і ўборачную кампаніі была дарэмнай. Яна павінна прыносіць прыбыткі, забяспечваць нармальнае функцыянаванне гаспадаркі, ствараць умовы для стабільнага заробку і ўпэўненасці ў заўтрашнім дні.

З улікам таго, што малако на сёння - адзіная стабільная крыніца паступлення грашовых сродкаў, усё, што ў гаспадарцы вырошчваюць (за выключэннем дзяржзаказу, які бездакорна выконваюць), імкнуцца ´прапусціць´ праз жывёлагадоўлю.

- Калі ёсць малако, то каса не будзе пустой, - разважае кіраўнік ´Харчавіка-Агра´. - З выручаных за яго грошай разлічваемся за банкаўскі крэдыт, які бралі на набыццё паліва для веснавой пасяўной. Прычым расплачваемся своечасова і да капейкі. З малочных грошай у асноўным фарміруецца і заробак калектыву. Доля мясной вытворчасці ў гэтым - ад сродкаў Бабруйскага і Магілёўскага мясакамбінатаў - не болей за 25%.

б´ём нарыхтаванага травянога корму - 39 ц к. адз. на ўмоўную галаву жывёлы (найвышэйшы паказчык у раёне) - плюс 10 ц к. адз. пераходзячага дазваляюць ´Харчавіку-Агра´ трымаць і большае пагалоўе. Прыкладна на 100 галоў гаспадарка штогод стабільна прырастае. Аднак гэта не датычыцца малочнага статку: для пастаноўкі дадатковай колькасці рагуль не хапае месцаў.

Таму рэшткі нарыхтаванага травянога корму звычайна прадаюць іншым. Гатовыя прапанаваць ужо і сёлета, аднак пакуль, па словах дырэктара, заявак не паступала. З´явіцца попыт можа бліжэй да зімы. У вызначэнні цаны арыентуюцца на сярэднюю па рынку і не маюць звычкі, як заўважае Міхаіл Стрыжэўскі, здымаць са сваіх людзей апошнюю рубашку...

Галоўнай каштоўнасцю філіяла ´Харчавік-Агра´ дырэктар лічыць калектыў - працавіты, сумленны, адданы. Гэта датычыцца і моладзі, якой у гаспадарцы заўсёды радыя, і тых, чый стаж вызначаецца не адным дзясяткам год. ´Унёсак калектыву - фізічны і інтэлектуальны - у аснове станоўчай дзейнасці філіяла, - заўважае дырэктар. - Праца людзей, памножаная на прыязнае стаўленне да сельскагаспадарчай галіны галаўнога прадпрыемства, даюць магчымасць развівацца, паляпшаць дабрабыт людзей, з упэўненасцю глядзець у будучыню.

Алена КАРПЕНКА.

иcтoчник: www.tribunapracy.by