ІІ абласны агляд-конкурс ´Малады гаспадар´ пройдзе ў нашым раёне.

Сапраўдным святам для ўдзельнікаў і гасцей мерапрыемства абяцае стаць агляд-конкурс ´Малады гаспадар´, які пройдзе ў аг. Міхалёва 1 лістапада. Удзел у конкурсе, арганізаваным камітэтам па сельскай гаспадарцы і харчаванні Магілёўскага аблвыканкама сумесна з абласным камітэтам прафсаюза работнікаў АПК прымуць работнікі аграпрамысловага комплексу - члены прафсаюзнай арганізацыі ва ўзросце ад 18 да 35 год з усіх раёнаў Магілёўшчыны.

У конкурснай праграме такія заданні, як ´Візітная картка´, ´Курс маладога гаспадара´, а таксама дадатковыя конкурсы - ´Самадзелкін´, ´Аўтамабіліст´, ´Кулінар´, іншыя. Словам, маладыя людзі змогуць праявіць сябе ўсебакова - ад традыцыйна ´мужчынскай´ справы (замяніць кола аўтамабіля) - да віртуознага валодання нажом падчас ачысткі і нарэзкі гародніны для прыгатавання стравы і творчых здольнасцяў.

Па словах старшыні Бабруйскага райкама прафсаюза работнікаў АПК Сяргея Феднева, мерапрыемства праводзіцца ў мэтах прапаганды прэстыжу работы ў сельскай гаспадарцы, росту прафесійнага майстэрства і матывацыі прафсаюзнага членства, эстэтычнага выхавання сельскай моладзі, павышэння яе цікавасці да культурнага адпачынку, удасканалення сістэмы і пашырэння форм працоўнай дзейнасці, а таксама ў мэтах выяўлення і падтрымкі талентаў .

На конкурс запрошаны кіраўнікі і спецыялісты Магілёўскага аблвыканкама і абласнога камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні, кіраўнікі і спецыялісты Бабруйскага райвыканкама, прадстаўнікі сельгаспрадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў, старшыні раённых, пярвічных прафсаюзных арганізацый.

Месца правядзення абласнога агляду-конкурсу - Міхалёўскі сельскі Дом культуры.

Пачатак мерапрыемства ў 11.00 гадзін.

Ул. інф.

иcтoчник: www.tribunapracy.by