´Шчасце бясконца´ Ксеніі Патаповіч.

У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі падвялі вынікі дзіцячага паэтычнага конкурсу ´Шчасце - жыць у мірнай краіне!´. Яго арганізатарамі выступілі Беларускі фонд міру ў партнёрстве з міністэрствамі адукацыі, культуры і інфармацыі Рэспублікі Беларусь.

Удзел у конкурсе прыняла і навучэнка 6-га класа Туголіцкай СШ, пераможца абласнога этапу Ксенія Патаповіч. Верш дзяўчынкі на беларускай мове ´Шчасце бясконца´ увайшоў у зборнік ´Дзеці за мір´, прэзентацыя якога адбылася 18 верасня.

У гэты дзень у Нацыянальную бібліятэку прыехалі 158 дзяцей - пераможцаў абласных этапаў конкурсу. Для іх правялі экскурсію. Сярод гасцей былі кіраўнікі міністэрстваў-партнёраў, прадстаўнікі рэлігійных канфесій, выканаўчай і заканадаўчай улады, паэты і пісьменнікі.

´Шчасце бясконца´ Ксеніі Патаповіч.

Урачыстае ўзнагароджанне пачалося з відэапрэзентацыі гісторыі Беларускага фонду міру і маляўнічага выступлення шоў-тэатра Таццяны Пановай ´Хвiлiнка´. Кожны ганаровы госць выбраў верш, які яму найбольш спадабаўся, прачытаў твор на сцэне і ўзнагародзіў аўтара. Верш Ксеніі ´Шчасце бясконца´ прагучаў у выкананні прадстаўніка ЮНІСЭФ ААН у Беларусі доктара Рашэда Мустафы Сарвара, які і ўзнагародзіў таленавітую дзяўчынку.

У Туголіцкай СШ, як адзначыла дырэктар установы Ірына Асіповіч, ганарацца поспехамі Ксеніі і яе педагога І.А. Шаболды і жадаюць новых поспехаў на творчай ніве.

Зрэшты, раённы этап паэтычнага конкурсу праходзіў у маі сёлетняга года. У ім прынялі ўдзел 11 работ навучэнцаў раённых устаноў адукацыі. На абласны этап было накіравана 4.

Алена КАРПЕНКА. Фота з архіва Туголіцкай СШ.

иcтoчник: www.tribunapracy.by