Шчаслівыя гадзіны сумеснага адпачынку.

Група ветэранаў раёна з 47 чалавек - старшынь, намеснікаў старшынь, іншых актывістаў сельскіх пярвічак і членаў прэзідыума раённага Савета ветэранаў пабывала з экскурсіяй у горадзе Нясвіж на Міншчыне. Наведалі знакамітую старадаўнюю Ратушу - найбольш старажытную сярод пабудоў гарадскога самакіравання, што захаваліся на тэрыторыі Беларусі, а таксама Нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік ´Нясвіж´.

Уражанні ад экскурсіі, як сцвярджаюць пажылыя людзі, - самыя цёплыя. Мала таго што дакрануліся да гісторыі: даведаліся, як вялося гарадское кіраванне ў Нясвіжы ў 18-ым - першай палове 19-га стагоддзя, пазнаёміліся з рэзідэнцыяй багацейшага роду ў Вялікім Княстве Літоўскім - Радзівілаў, дык проста цудоўна правялі дзень за любаваннем краявідамі суседняй вобласці, размовамі, успамінамі, жартамі.

Усім вышэйзгаданым члены арганізацыі абавязаны, па словах старшыні райсавета ветэранаў Яўгеніі Доўнар, Бабруйскаму райвыканкаму, а таксама шматлікім спонсарам: ТАА ´Алмаз-Люкс´ (дырэктар Папоўскі Л.У., камерцыйны дырэктар - Цімашэнка Н.Г.), ПП ´Белгандальптушка´ (Прышчэпа Д.М.), Бабруйскаму цяплічнаму камбінату (Садыгаў В.І.), ЗАТ ´Кампанія ´Рад´ (Жараў В.А.), ПУП ´Экамэбля´ (Кашырын У.А.), ПП ´Ламбавасельгасзапчастка´ (Пінчук В.І.).

Ветэраны шчыра дзякуюць гэтым людзям, а ў іх асобах - калектывам арганізацый, якія яны ўзначальваюць, за фінансавую падтрымку, жадаюць поспехаў у рабоце, моцнага здароўя і дабрабыту. Асобныя словы падзякі адрасуюць галоўнаму ўрачу БГП №2 Г.М. Семенюку за арганізацыю медсуправаджэння, а таксама дырэктару Бабруйскага філіяла Аўтобусны парк №2 ААТ ´Магілёўаблаўтатранс´ У.В. Стэльмаку - за камфартабельны аўтатранспарт.

Алена КАРПЕНКА. Фота з уласнага архіву арганізацыі.

иcтoчник: www.tribunapracy.by