Не старэюць душой ветэраны і не стамляюцца тварыць прыгажосць.

Падведзены вынікі традыцыйнага - сёлета праходзіў у шосты раз - раённага агляду-конкурсу ´Лепшы ветэранскі падворак´. Мерапрыемства праводзіцца ў мэтах добраўпарадкавання падворкаў вяскоўцаў, прыцягнення пажылых людзей да паляпшэння знешняга выгляду населеных пунктаў, а таксама ў мэтах захавання нацыянальнага каларыту, самабытнасці сельскага ладу жыцця.

Ініцыятарам і арганізатарам конкурсу з´яўляецца раённы Савет ветэранаў. ´Апошняе пры садзеянні, вядома ж, сельвыканкамаў, - акцэнтуе ўвагу старшыня райсавета ветэранаў Яўгенія Доўнар. - Бо хто, як не ўлада на месцах, часцей сутыкаецца з вяскоўцамі, ведае гаспадарчы і творчы падыход жыхароў населеных пунктаў да добраўпарадкавання сваіх дамоў і калядамавой тэрыторыі´.

Па яе словах, сёлета заяўкі на ўдзел у конкурсе падалі 10 членаў ветэранскіх ´пярвічак´. Усе яны, як і патрабуюць умовы мерапрыемства, пастаянна пражываюць на тэрыторыі раёна.

На працягу двух месяцаў - з 15 чэрвеня да 15 жніўня, спецыяльна створаная камісія рабіла агляд падворкаў, каб вызначыцца з найлепшымі. І ўжо сёння можна гаварыць пра пераможцаў.

Імі прызнаны Фёдар Аляксандравіч БЯЗРУЧКА (1-е месца), жыве ў пас. Глуша па вул. Юбілейнай у доме № 11, кв. 2; Валянціна Іванаўна АЎРАМЧЫК (2-е месца) з в. Ламбава Кавалёўскага сельсавета, пражывае ў доме № 2 па вул. Юбілейнай, а таксама Уладзімір Васільевіч ДУДАЛЬ (3-е месца), жыхар аг. Цялуша, рабочы філіяла ´ХарчавікАгра´ ААТ ´Чырвоны харчавік´, чый дом № 46 месціцца на вул. Школьнай аграгарадка. Усіх іх чакаюць каштоўныя падарункі.

´Сёння пра чысціню і парадак дбае ўся краіна, - разважае Яўгенія Доўнар. - Добраўпарадкоўваць малую радзіму заклікае грамадзян Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. І хіба можам мы, ветэраны, заставацца ў баку ад гэтых спраў? Зразумела ж, не. Яшчэ і моладзі прыклад пакажам! Дый хочацца пасадзейнічаць нашаму раёну, дзе ў накірунку добраўпарадкавання вядзецца шырокі спектр работ, і зрабіць нашу Бабруйшчыну яшчэ больш утульнай і прывабнай´.

Па матэрыялах грамадска-палітычнай газеты ´Трыбуна працы´

иcтoчник: bobruisk-rik.gov.by