Увага - да жывёлагадоўлі

Вынікі работы жывёлагадоўчай галіны раёна за 8 месяцаў і непасрэдна за жнівень абмеркавалі на пасяджэнні выканаўчага камітэта. Мерапрыемства прайшло пад началам старшыні райвыканкама Паўла Найдзёна з удзелам кіраўнікоў, галоўных спецыялістаў, загадчыкаў аб´ектаў малочнай і мясной вытворчасці.

Асноўная размова вялася вакол малака - прадукцыі, якая прыносіць грошы штомесяца. З улікам таго, што валавая яго вытворчасць за студзень-жнівень у цэлым па раёне склала 94,7% (20676,5 т), а непасрэдна за жнівень - 96,9% (2659,3 т) да аналагічнага перыяду папярэдняга года, відавочны недапрацоўкі. Не дасягнулі мінулагодніх паказчыкаў валу, як было адзначана, акцыянерныя таварыствы ´Стасеўка´, ´Аграмашсервіс´, ´Неўскі-Агра´ і філіял ´Агракамбінат КХП´ ААТ ´Бабруйскі камбінат хлебапрадуктаў´. Знізіўся на 131 кг, у параўнанні з мінулым годам, сярэдні ўдой малака ад каровы - сёлета ён склаў 2350 кг. Прырост прадукцыйнасці дойнага статку за гэты перыяд забяспечыла толькі адна гаспадарка - філіял ´Харчавік-Агра´ ААТ ´Чырвоны харчавік´ (+ 294 кг), дзе дасягнута і найбольшая прадукцыйнасць - 3904 кг. Прырост прадукцыйнасці за жнівень змаглі забяспечыць тры сельгасарганізацыі - СВК ´Гігант´, філіялы ´Харчавік-Агра´ і ´Варатынь´ ААТ ´БЗТДіА´.

Маюцца пытанні, як заўважыў Павел Найдзён, і да якасці малака. Гатункамі ´экстра´ і ´вышэйшым´ за справаздачны перыяд рэалізавана 63,6% прадукцыі (найлепшы вынік у ´Гіганце´ - 78,8%, самы нізкі ў ´ААТ ´Міхалёўская Ніва´ - 0%). За жнівень пастаўкі малака гатункам ´экстра´ павялічыў толькі філіял ´Варатынь´. У шэрагу ж сельгасарганізацый, наадварот, дапушчана зніжэнне, што прывяло - і на гэта была звернута асаблівая ўвага - да вялізных грашовых страт. Толькі ад здачы малака ´першым´ гатункам замест магчымага ´экстра´ гаспадаркі недалічыліся за 7 месяцаў 950,6 тыс. рублёў!

Жорстка выказаўся кіраўнік раёна адносна нізкай эфектыўнасці работы асобных малочна-таварных ферм, у прыватнасці, МТФ ´Слабада´ ААТ ´Аграмашсервіс´ - 43%, МТФ ´Пабокавічы´ філіяла ´Агракамбінат КХП´ - 42%, МТФ ´Стасеўка´ - 44%. А таксама адносна зніжэння прыплоду ў шэрагу гаспадарак, зніжэння колькасці цёлачнага пагалоўя да ліку кароў, невыканання задання (95%) па асемяненні кароў за мінулы месяц.

У дачыненні мясной вытворчасці было ўказана на тыя факты, што ва ўсіх раённых сельгасарганізацыях, акрамя філіялу ´Харчавік-Агра´, зніжаны аб´ёмы вырошчвання буйной рагатай жывёлы, ніводная гаспадарка не дасягнула тэхналагічных прывагаў рамонтных цялушак. А тыя прывагі, што атрымалі за 8 месяцаў і жнівень у прыватнасці, - ніжэйшыя за мінулагоднія. Асабліва востра, як было адзначана, стаіць праблема невытворчага выбыцця жывёлы.

Падчас абмеркавання прычын, якія прывялі да незайздроснага стану жывёлагадоўлі, да зніжэння паказчыкаў развіцця галіны ў параўнанні з папярэднім годам, была названа і такая, як чалавечы фактар - праяўленне безгаспадарлівасці з боку кіруючага складу і спецыялістаў сельгасарганізацый, непрыняцце імі мер па своечасовым выяўленні і выпраўленні тэхналагічных хібаў. Рэзкая крытыка прагучала з боку Паўла Найдзёна ў адрас работнікаў МТФ Хімы ААТ ´Аграмашсервіс´, дзе выяўлены грубыя парушэнні санітарных патрабаванняў да вытворчага працэсу, якія негатыўна паўплывалі на якасць прадукцыі. ´Увогуле, для малочнай жывёлагадоўлі вялікае значэнне мае павышэнне ўзроўню арганізацыі працы, - адзначыў кіраўнік раёна. - Таму неабходна стварыць такія ўмовы - эканамічныя і арганізацыйныя, якія б стымулявалі якасную працу, ініцыятыву і прадпрымальніцтва, умацоўвалі дысцыпліну на месцах´. У сувязі з гэтым глава раёна загадаў неадкладна прадаставіць у райвыканкам спісы прэферэнцый гаспадарак - матывацыю працы работнікаў, занятых доглядам маладняку ад нараджэння да 3-х месяцаў. Даў шэраг іншых арганізацыйных рэкамендацый, у тым ліку па пераводу жывёлы на зімне-стойлавае ўтрыманне і па падрыхтоўцы комплексаў і ферм да ацяпляльнага перыяду. Настойліва заклікаў прысутных у зале зрабіць усё неабходнае для павелічэння эфектыўнасці работы ў жывёлагадоўлі, каб па выніках года галіна выйшла на запланаваныя рубяжы, палепшыўшы тым самым дабрабыт сельгасарганізацый і людзей, якія там працуюць.

Алена КАРПЕНКА.

иcтoчник: www.tribunapracy.by