Вакансіі прапаноўвалі на ´кірмашы´.

Кірмаш вакансій - сумеснае з горадам мерапрыемства ў мэтах задаволіць патрэбу жыхароў Бабруйшчыны ў рабоце і заробку правяло ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва райвыканкама на гэтым тыдні. Прапанаваць грамадзянам працоўнае месца ў раённы Цэнтр культуры, дзе прайшло мерапрыемства, прыйшлі прадстаўнікі каля 30 гарадскіх і раённых арганізацый, у тым ліку сельскагаспадарчага накірунку.

Да прыкладу, у спісе вакансій ААТ ´Неўскі-Агра´ значыліся як вакансii рабочых спецыяльнасцяў - машыніста, слесара, так і спецыялістаў - заатэхніка, ветурача, фельчара.

- Людзі падыходзяць, цікавяцца, аднак сказаць, каб некага вакансія закранула ўсур´ёз, пакуль не бяруся (размова вялася а 11 гадзіне), - адзначыла бухгалтар Анастасія Шчыткавец. - Альбо не дазваляе адукацыя, альбо - і гэта ў большасці выпадкаў - праблема, як многія лічаць, дабрацца да працоўнага месца.

З шэрагам вакансій прыехала на ´кірмаш´ і спецыяліст па кадрах СВК ´Гігант´ Алена Лысянкова. ´Нехта перасяляецца ў горад, нехта пакідае СВК пасля абавязковай двухгадовай адпрацоўкі па заканчэнні вучэбнай установы... У асноўным вакансіі рабочых прафесій - трактарыст-машыніст, аператар машыннага даення, але ёсць і спецыялістаў. Тым болей, што хутка ў нас запрацуе камбікормавы завод, куды таксама патрэбны работнікі: і аператары па прыгатаванні, і інжынеры, у тым ліку i па ахове працы.

Каб вырашыць праблему занятасці жыхароў раёна, дапамагчы знайсці адзін аднаго тым, хто шукае работу і хто яе прапаноўвае, упраўленнем па працы, занятасці і сацабароне райвыканкама і праводзяцца ´кірмашы вакансій´.

- Практыкуем не толькі такія пашыраныя мерапрыемствы, як сёння, - адзначае спецыяліст аддзела занятасці ўпраўлення Вікторыя Казённая, - але і спецыяльна для кожнага сельсавета, дзе вырашаем праблему занятасці жыхароў канкрэтных населеных пунктаў. Запрашаем на ´кірмашы вакансій´ кіраўнікоў менавіта ўстаноў і арганізацый, якія месцяцца на дадзеных адміністрацыйных тэрыторыях. Сумесныя з горадам наладжваем і таму, што некаторыя грамадзяне, зарэгістраваныя на тэрыторыі раёна, жывуць у горадзе, і таму, што для асобных вяскоўцаў работа ў Бабруйску - адзінае месца прымянення іх прафесійных здольнасцяў.

... Тым, каго ў гэты дзень сапраўды зацікавілі вакансіі, службы аддзелаў кадраў прапанавалі сустрэцца на тэрыторыі арганізацый для вывучэння неабходных дакументаў, вырашэння афармленчых дэталяў і заключэння дагавораў. Некаторых размова з наймальнікам чакала ўжо на наступны дзень.

Алена КАРПЕНКА. Фота Генадзя БАГДОНАСА.

иcтoчник: www.tribunapracy.by