Наколькі падрыхтаваны раён да навучальнага года.

Да 1 верасня засталося ўсяго некалькі дзён. Ці паспелі школы і садкі за час летніх канікулаў якасна падрыхтавацца да новага навучальнага года? Гэтае і іншыя пытанні, што датычацца арганізацыі вучэбнага працэсу, мы задалі начальніку аддзела па адукацыі, спорту і турызме Бабруйскага райвыканкама А.У. Баркоўскай.

Наколькі падрыхтаваны раён да навучальнага года.

- Алена Уладзіміраўна, у структуры раённай адукацыі што-небудзь змянілася?

- Не змянілася. Усе ўстановы захаваны і будуць функцыянаваць у 2018-2019 навучальным годзе. Гэта 13 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, з якіх 7 вучэбна-педагагічных комплексаў дзіцячы сад-сярэдняя школа і 6 сярэдніх школ, таксама 7 дзіцячых садкоў і сацыяльна-педагагічны цэнтр са структурным падраздзяленнем - прытулкам.

- Наколькі падрыхтаваны раён да школьных заняткаў?

- На сёння 100-працэнтная гатоўнасць усіх нашых устаноў. І гэта засведчылі, пабываўшы ў кожнай з іх, члены спецыяльнай міжведамаснай камісіі.

- Але што гэта значыць - установы гатовыя?

- Гэта азначае, што выкананы ўсе патрабаванні да норм і правілаў, у тым ліку - санэпідэмслужбы, гаррайаддзела па надзвычайных сітуацыях адносна пажарнай бяспекі ўстаноў, а таксама зацікаўленых службаў на прадмет падрыхтаванасці да ацяпляльнага перыяду.

- Чыімі намаганнямі ажыццяўлялася падрыхтоўка?

- Найперш, вядома ж, гэтая адказнасць - на кіраўніках і калектывах устаноў. Аднак задзейнічаны былі і гаспадарчая група, і ўвесь наш аддзел. Была - і мы за гэта ўдзячныя - дапамога бацькоў школьнікаў, якая заключалася ў правядзенні рамонтных работ у кабінетах. У гэтых мэтах была выкарыстана таксама спонсарская дапамога.

- Самі школьнікі прыцягваліся да рамонтаў?

- У нас на працягу лета была арганізавана другасная занятасць падлеткаў, і гэтыя школьнікі, 60 чалавек, займаліся рамонтам школьнай мэблі, агароджы, працавалі на прышкольных участках, добраўпарадкоўвалі тэрыторыю ўстаноў і атрымлівалі за гэта заробак. Дзве ўстановы - Брожская СШ і Цялушскі ВПК - арганізавалі лагеры працы і адпачынку, узаемадзейнічалі з Бабруйскім лясгасам і філіялам ´Харчавік-Агра´ ААТ ´Чырвоны харчавік´.

- Калі ўжо закранулі лета, то як прайшоў сёлетні аздараўленчы сезон?

- Прайшоў добра. Хочацца адзначыць станоўчую арганізацыйную работу як аддзела па адукацыі, спорце і турызме, так і педагагічных калектываў, якія паклапаціліся, каб летні адпачынак у школьнікаў прайшоў цікава, бяспечна і без непрыемнасцяў. Тут жа заўважу, што аздараўленчыя лагеры працавалі на базе ўсіх школ, за выключэннем Туголіцкай. У тры змены функцыянаваў аздараўленчы лагер ´Бабраня-2010´, дзе адпачылі 260 дзяцей, дзейнічалі два турысцка-перасоўчыя лагеры - на базе Варатынскай і Гарбацэвіцкай школ, а таксама на базе пяці ўстаноў, як ўжо гаварылася, - лагеры працы і адпачынку.

- Вырасла ці зменшылася колькасць раённых школьнікаў у параўнанні з леташнім годам?

- Калі браць у цэлым па ўстановах адукацыі, то сёлетніх наведвальнікаў будзе ўсяго на 8 меней. Пры гэтым на 15 чалавек павялічылася колькасць выхаванцаў дашкольных устаноў і на 23 зменшылася непасрэдна школьнікаў. Але гэта лічба пакуль умоўна-папярэдняя: да 1 верасня яшчэ ёсць дні.

- Звычайна, рыхтуючыся да навучальнага года, установы абнаўляюць матэрыяльна-тэхнічную базу. Сёлетні год у гэтым плане не стаў выключэннем?

- Вядома ж, не. Набыта сапраўды шмат. З найбольш буйнога - школьныя дошкі сучаснага фармату для 9-ці ўстаноў, часткова - школьная мэбля. У палавіне ўстаноў абноўлены стэнды. 3 школы атрымалі новую мэблю для сталовых, 7 папоўніліся новым халадзільным абсталяваннем. У трох - часткова замянілі на новыя дзіцячыя ложкі для груп падоўжанага дня і ў дзіцячых садках. Для ўсіх дашкольных устаноў набылі гульнёвыя модулі. Паэтапна замяняем тэхналагічнае абсталяванне на харчблоках, сёлета - пліту і шафу для смажання ў Цялушскім ВПК. Часткова замянілі на новыя вокны ў дзіцячым садку аг. Кавалі, а таксама Хімоўскім ВПК, Туркоўскай і Каменскай СШ, уваходную групу і некаторыя з унутраных дзвярэй у Каменскай СШ, уваходныя дзверы - у Брожскай. Адрамантавалі часткова накрыццё ў Ленінскім і Хімоўскім ВПК. Ва ўсіх без выключэння ўстановах адукацыі выканалі касметычныя рамонты: пафарбавалі сцены, падлогу, столь, дзверы. І найбольш значнае набыццё - новенькі аўтобус ПАЗ для падвозкі дзяцей Варатынскага сельсавета коштам амаль у 72 тысячы рублёў. Набыў аўто райвыканкам за бюджэтныя сродкі. На школьнай лінейцы плануецца ўрачыстае яго ўручэнне ўстанове. Падарунак, заўважу, - сапраўды значны, бо для сельскіх дзяцей падвоз - немалаважны фактар, які ўплывае на якасць адукацыйнага працэсу.

- У забеспячэнні дзяцей харчаваннем якія-небудзь змены плануюцца?

- Змен ніякіх. Ва ўсіх установах адукацыі маюцца ўласныя харчблокі. Выключэнне складае Туголіцкая СШ: для гэтых вучняў гатаваць абеды, як і раней, будуць у Каменскай школе. Для перавозкі ежы маецца спецыяльна прызначаны, сертыфікаваны посуд, здольны падтрымліваць неабходную тэмпературу.

- І нарэшце - ці чакаюць змены вучэбную праграму?

- Чакаюць. Асноўнае - на гэта арыентуе галіновае міністэрства і абласное ўпраўленне адукацыі - арганізацыя прафесійнай падрыхтоўкі старшакласнікаў. Пастаўлена задача, каб кожны дзесяцікласнік да выхаду са школьных сцен набыў веды па той ці іншай спецыяльнасці і афіцыйнае іх пацверджанне. Таму на базе нашых устаноў - Хімоўскага і Міхалёўскага вучэбна-педагагічных комплексаў - будуць створаны агракласы (патрэба ў спецыялістах дадзенага накірунку асабліва вострая ў раёне). Акрамя таго, па выніках праведзенага ў мінулым годзе анкетавання будучых дзесяцікласнікаў на прадмет выяўлення іх прафесійных інтарэсаў, прынята рашэнне па суботах падвозіць раённых школьнікаў для навучання ў гарадскія прафтэхустановы. Старшакласнікі з такім раскладам згодныя. Наша задача - правільна скампанаваць групы, арганізаваць якасны падвоз.

- Калі ў дзяцей яшчэ два паўнавартасныя дні канікулаў, то для пераважнай часткі педагогаў навучальны год ужо пачаўся (днямі яны збяруцца на традыцыйную жнівеньскую канферэнцыю). Што б хацелі пажадаць сваім калегам?

- Хачу пажадаць здароўя, цярпення і абавязкова поспехаў - вучэбных, творчых, спартыўных дасягненняў і перамог.

Размову вяла Алена КАРПЕНКА.

Фота з архіву рэдакцыі.

иcтoчник: www.tribunapracy.by