Гісторыя малой радзімы - часцінка гісторыі краіны.

Рэдкарожская сельская бібліятэка, што ў Брожскім сельскім Савеце, па выніках XXVI Рэспубліканскага конкурсу ´Бібліятэка - асяродак нацыянальнай культуры´ стала адной з яго пераможцаў у намінацыі ´За значны ўклад у выхаваўчую работу з падлеткамі´. Яна атрымала дыплом 2-й ступені. Гэта вынік плённай працы Веры Аляксееўны ДЗЬОБІК - бібліятэкара 1-й катэгорыі.

Клопат аб падрастаючым пакаленні, імкненне дапамагчы юным аднавяскоўцам стаць годнымі грамадзянамі сваёй краіны, якія паважаюць і любяць яе гісторыю і культуру, ляжыць у аснове ўсёй працы бібліятэкара з дзецьмі. Асноўны напрамак работы Веры Дзьобік - маральна-прававое выхаванне падрастаючага пакалення. Бібліятэкар клапоціцца, каб удзельнікамі мерапрыемстваў былі і дзеці з нядобранадзейных сем´яў, і дзеці, схільныя да правапарушэнняў. Не застаюцца забытымі і дзеці-сіроты, і дзеці-інваліды. У асноўным, гэта індывідуальная работа з кожным з іх. Акцэнт ставіцца на тое, каб моладзь з карысцю праводзіла вольны час.

Вера Аляксееўна актыўна прыцягвае хлопчыкаў і дзяўчынак да пошукавай і даследчай работы па краязнаўству. Ужо некалькі гадоў запар арганізоўваюцца экспедыцыі ´У паход за скарбамі´, удзельнікі якой наведваюць старажылаў, ветэранаў, запісваюць іх успаміны. Як вынік - стварэнне краязнаўчага альбома ´Зямля, з якой ад нараджэння звязаны, зямля, якою трэба даражыць´, асобныя друкаваныя краязнаўча-інфармацыйныя выданні.

Шмат разнастайных краязнаўчых матэрыялаў можна знайсці зараз у бібліятэцы. У краязнаўча-інфармацыйным выданні ´Мой Рэдкарожскі край´ маюцца звесткі па гісторыі паселка Рэдкі Рог і тапаніміцы яго назвы, па гісторыі торфапрадпрыемства, Рэдкарожскай бальніцы і аддзялення кругласутачнага знаходжання, дома культуры і бібліятэкі. У выданні ´Песенная вёска Ласі´ адлюстравана не толькі гісторыя вёскі і паходжанне яе назвы, але значная частка адведзена вядомаму ў свой час ласёўскаму фальклорнаму гурту ´Барыня´. Бібліятэкар разам з юнымі памочнікамі і былым мастацкім кіраўніком ´Барыні´ Валянцінай Нікітка правялі вялікую пошукавую работу па адраджэнні народных песень, якія затым ўваходзілі ў рэпертуар калектыву. Зроблены таксама і аўдыёзапісы гэтых песень.

Цікавыя звесткі з гісторыі саўгаса імя Ленінскага камсамола, чыгуначнай станцыі ´Брожа´ (цяпер прыпынак), Брожскай сярэдняй школы ўтрымлівае выданне ´Ёсць на свеце куточак прыгожы... ´ па гісторыі пасёлка і вёскі Брожа.

Але ж гісторыя ствараецца не сама па сабе - яе ствараюць людзі, якія тут жывуць і працуюць. Добра разумеючы гэта, Вера Аляксееўна старанна збірае матэрыялы пра цікавых і паважаных людзях сваёй мясцовасці. Некаторыя матэрыялы пра народных майстрых, залатых юбілярах, шматдзетных сем´ях, запісы з успамінамі тых, хто перажыў вайну, складаюць выданні ´Народная вышыўка´, ´Сямейныя гісторыі´, ´З успамінаў пра вайну´ (запісаныя юнымі наведвальніцамі бібліятэкі). Выдазены асобныя брашуры па ўспамінах ветэрана М.У. Грыцука, мясцовай жыхаркі, былой партызанкі В.Л. Куцькінай, былога вязьня Азарыцкага лагера смерці С.К. Нікітка. На жаль, гэтыя людзі ўжо памерлі, але памяць пра іх застанецца, дзякуючы захаваным матэрыялам.

Гісторыя нашай маленькай радзімы - гэта часцінка гісторыі краіны. І дзень сённяшні таксама некалі стане гісторыяй. Таму работа па збору і захаванні краязнаўчых матэрыялаў будзе працягвацца ў бібліятэцы і далей. Гэта не толькі адлюстраванне любові да роднай зямлі. Накоплены вопыт дапамагае нам будаваць сваю будучыню, абагачае і робіць нас прыгажэйшымі.

Валянціна САПІЖЭНКА, бібліятэкар 1-й катэгорыі аддзела бібліятэчнага маркетынгу ДУК ´ЦБС Бабруйскага раёна´.

иcтoчник: www.tribunapracy.by