У ´Харчавіку-Агра´ дояць з плюсам.

Імкнемся прытрымлівацца тэхналогій і з беражлівасцю адносімся да сумленных працаўнікоў, - заўважае на гэта галоўны заатэхнік філіяла ´Харчавік-Агра´ ААТ ´Чырвоны харчавік´ Міхаіл Іванавіч Бандарчук, знаёмячы нас з падрабязнасцямі вытворчых паказчыкаў і робячы раскладку некаторых момантаў развіцця малочнай галіны ў сельгаспрадпрыемстве. Прапаноўваем інтэрв´ю з галоўным спецыялістам.

У ´Харчавіку-Агра´ дояць з плюсам.

- Міхаіл Іванавіч, за праблемамі касавіцы, а цяпер ужо і ўборачнай кампаніі, ці не адыйшлі на другі план пытанні жывёлагадоўлі ў гаспадарцы?

- Ні ў якім разе. Малако - той каштоўны прадукт, які штодня прыносіць грошы. Таму кантралюем вытворчы працэс няўхісна, і раслінаводчы сезон гэтаму не перашкода. Неадкладна вырашаем праблемныя пытанні, праводзім пастаянную вучобу з работнікамі галіны на веданне і выкананне тэхрэгламенту, штомесяц падчас дзён жывёлавода дэталёва абмяркоўваем вынікі работы, аналізуем працу кожнага, шукаем рашэнні, як можна было пазбегнуць таго ці іншага недахопу, завастраем увагу на поспехах і дасягненнях, дзелімся перадавым вопытам. Словам, робім усё магчымае, каб малочная галіна развівалася, а людзі, што ў ёй задзейнічаны, атрымоўвалі за працу годны заробак.

- Кантроль і дысцыпліна, бясспрэчна, важныя складаючыя вялікага малака. Між тым, часта даводзіцца чуць, што яно ў каровы на языку?

- Гэта так. Таму мы актыўна працуем з камбікармамі, набываем іх у тым ліку на Слуцкім КХП. Для высокапрадукцыйных кароў прыдбалі камбікорм з павышаным утрыманнем пратэіну на ´Экамоле´, там жа набылі неабходныя прэміксы для рагуль да і пасля расцёлу. У мэтах узбагачэння рацыёнаў жывёлы бялковай сыравінай пасеялі люцэрну, косім яе на ´зялёную´ падкормку па другім і трэцім разе. Зноў жа, прыбавілі ў параўнанні з леташнім годам па расцёлах.

- Вынікамі задаволены?

- Яны неблагія, плюсуем. Валавая вытворчасць малака з пачатку месяца склала 103% да аналагічнага перыяду мінулага года, а непасрэдна на сёння (размова вялася ў сераду) - 110% пры сярэднім удоі на карову 15 кг у дзень. Гэта на 1,4 кг болей за леташні паказчык. Адпаведна павялічылі і рэалізацыю малака дзяржаве: з пачатку месяца 103%, на дзень 17-га чэрвеня - 110. Прадаем на сёння ад каровы 14,7 кг, што пераўзыходзіць мінулагодні паказчык. Таварнасць малака - 94%. Калі ж аналізаваць работу ў галіне з пачатку года, то за 1-е паўгоддзе і валавая вытворчасць, і рэалізацыя малака склаліся на ўзроўні 109% да аналагічнага перыяду 2017-га. Надаілі на карову за гэты перыяд 3 017 кг малака, што на 252 кг болей, чым у папярэднім годзе.

- Заробак у жывёлагадоўлі, у прыватнасці, аператара машыннага даення, залежыць ад вынікаў малочна-таварнай фермы ў цэлым ці ад асабістага ўнёску працаўніка?

- Ад канкрэтнага ўкладу работніка: колькі даярка надаіла, столькі і атрымала грошай. Згодна з распрацаванымі ўмовамі расцэнкі аператараў залежаць ад надоенага малака на адну галаву жывёлы. Калі, скажам, даярка надаіла 10 літраў на карову, то будзе адна расцэнка, калі 15 - іншая. Адпаведна і заробак другой даяркі будзе значна большым.

- Калі не сакрэт, колькі зарабляюць аператары машыннага даення ў ´Харчавіку-Агра´?

- Нашы людзі заробкамі задаволены (усміхаецца).

- Такім чынам, можна меркаваць, што прафесія аператара машыннага даення карыстаецца попытам на вёсцы?

- Пра гэта не скажу. Праца ў жывёлагадоўлі нялёгкая - скаціна ўтрымліваецца прывязна, таму ў чаргу на аператараў машыннага даення не стаяць. Не выратоўвае і адносная блізкасць да Бабруйска. Гараджане неаднойчы цікавіліся гэтай работай, але неабходнасць быць на першай дойцы ўжо а шостай гадзіне камусьці не дазваляе выкарыстаць такую магчымасць. Таму з беражлівасцю адносімся да кадраў, якія працуюць, нягледзячы на тое, што маглі б знаходзіцца на заслужаным адпачынку.

- У прафесіі аператара машыннага даення, на ваш погляд, якія якасці павінны пераважаць - падкаванасць ведамі ці сумленныя адносіны да даручанага?

- У аднолькавай ступені важна і тое, і другое. Патрабаванні да вытворчага працэсу, і прафесіі аператара ў тым ліку, з кожным годам узрастаюць - гэта адметнасць часу, з якой не паспрачаешся. Але ж і сумленнасць - агромністая рухаючая сіла. Згадзіцеся, можна разумець, умець, але не хацець і не рабіць. Таму толькі спалучэнне аднаго з другім дае станоўчы вынік, падставу называць работніка прафесіяналам. І вельмі ганаруся, што ў нас працуюць такія людзі.

Алена КАРПЕНКА. Фота аўтара.

иcтoчник: www.tribunapracy.by