Не спякота, дык дожджык.

Што б хто ні казаў, а надвор´е - вызначальнае ў атрыманні ўраджаю. І добра, калі яно садзейнічае росту раслін, а затым і ўборачным работам. А калі не...

Песімістычную ноту ва ўпраўленні райсельгасхарчу пакуль не бяруць, але той факт, што з-за дажджоў каля 30% рапсавых пасеваў застаюцца няўбранымі - цалкам завяршылі ўборку культуры ў СВК ´Гігант´, філіялах ´Варатынь´ ААТ ´БЗТДіА´ і ´Харчавік-Агра´ ААТ ´Чырвоны харчавік´ - засмучае і насцярожвае. ´Калі непагадзь зацягнецца, рапсавае насенне мала таго што можа часткова страціцца ад націску дажджу, дык празмерна набрацца вільгаці´, - адзначае начальнік вытворчага аддзела ўпраўлення райсельгасхарчу Жана Жукоўская. - таму спадзяемся ўсё ж на ўсталяванне пагодлівага надвор´я´. Найбольш значныя аб´ёмы няўбраных гектараў, з яе слоў, засталіся ў акцыянерных таварыствах ´Міхалёўская Ніва´, ´Неўскі-Агра´, ´Саўгас Кісялевічы´ і філіяле ´Агракамбінат КХП´ ААТ ´Бабруйскі камбінат хлебапрадуктаў´.

Пад пагрозай і сёлетняе выкананне дзяржзаказу па закупе рапсу. З гаспадарак, якія культуру ўбралі, план паставак у яго лік выканаў толькі філіял ´Варатынь´. У некаторай ступені выратаваць сітуацыю маглі б іншыя алейныя культуры, тая ж сурэпіца, аднак іх у раёне было пасеяна няшмат, як і яравога рапсу.

Зацяжныя дажджы, як было адзначана, могуць негатыўна паўплываць і на якасць ураджаю зерневых культур (уборку хлябоў плануецца пачаць з 20-23 ліпеня), а значыць - якасць насення. У гэтай сувязі спецыялісты райсельгасхарчу раяць гаспадаркам мець на ўвазе СВК ´Гігант´, дзе засталіся лішкі леташняга элітнага насення азімага рапсу і зерневых. Апошняе вызвалена ад інфекцыі, прайшло дастатковую стадыю спакою, што станоўча ўплывае на ўраджайнасць пасеваў.

Алена КАРПЕНКА.

иcтoчник: www.tribunapracy.by