Малако і мяса там, дзе тэхналогіі

На базе філіяла ´Варатынь´ ААТ ´БЗТДіА´ прайшоў абласны семінар-нарада па актуальных пытаннях развіцця жывёлагадоўчай галіны. Удзел у ім прынялі намеснік старшыні камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама Алена Шыбут, іншыя спецыялісты ўстановы, а таксама намеснікі начальнікаў райсельгасхарчаў па жывёлагадоўлі, начальнікі філіялаў дзяржплемпрадпрыемстваў, галоўныя ветэрынарныя ўрачы Кіраўскага, Асіповіцкага, Глускага і Бабруйскага раёнаў.

Малако і мяса там, дзе тэхналогіі

Падчас плянарнага пасяджэння была звернута ўвага на найбольш праблемных момантах, звязаных з вытворчасцю малака, у тым ліку на своечасовай падкосцы пашы, збалансаванасці рацыёнаў кармлення жывёлы. На практыцы ж абмеркавалі вырошчванне маладняку буйной рагатай жывёлы да трохмесячнага ўзросту (на базе ´Варатыні´ функцыянуе прафілакторый для маленькіх цялятак, дзе апошнія на працягу гэтага перыяду ўтрымліваюцца ў індывідуальных доміках - на здымках). У гэтых мэтах пазнаёміліся з вытворчымі працэсамі пачынаючы ад выпайкі цялят спецыяльным зондам да ўзважвання, біркавання, перапраўкі на іншыя жывёлаводчыя аб´екты і падрыхтоўку новацельнай рагулі да раздою, наведалі радзільнае аддзяленне МТК, пазнаёміліся з размеркаваннем і кармленнем жывёлы ў залежнасці ад яе фізіялагічнага стану, завастрылі ўвагу на тэрмінах правядзення прафілактычных і лячэбных мерапрыемстваў.

´Што датычыцца нашага раёна, то ў гэтым плане добра пастаўлена работа ў філіяле ´Харчавік-Агра´ ААТ ´Чырвоны харчавік´, нядрэнна - у філіялах ´Варатынь´ і ´Агракамбінат КХП´ ААТ ´Бабруйскі камбінат хлебапрадуктаў´, у СВК ´Гігант´, - заўважыў намеснік начальніка Бабруйскага райсельгасхарчу Аляксандр Кісялёў. - А вось у ААТ ´Стасеўка´, да прыкладу, прывагі значна зніжаны. І гэта пры тым, што яшчэ некалькі год таму на базе гаспадаркі праводзіўся семінар, арганізацыя работы там заслугоўвала пераймання´. Прычына, па словах Аляксандра Кісялёва, у тым ліку ў чалавечым фактары: адсутнасці дастатковага кантролю за вытворчым працэсам і, як вынік - у парушэнні тэхналогій. Між тым нават маладасведчанаму ў пытаннях жывёлагадоўлі не цяжка зразумець, што станоўчы вынік там, дзе прытрымліваюцца рэкамендацый навукоўцаў.

Алена КАРПЕНКА. Фота з архіву рэдакцыі.

иcтoчник: www.tribunapracy.by