Рэйд на сенажаці ААТ ´Саўгас Кісялевічы´.

Пачаўся ён з сянажнай траншэі на ўскрайку в. Лысая Горка, дзе без супынку ´шнураваў´ трактар ´Кіравец´. На просьбу спыніцца механізатар не адрэагаваў, выразна даючы зразумець, што на размовы часу аніякага.

Рэйд на сенажаці ААТ ´Саўгас Кісялевічы´.

Таццяна Іванько.

Выручыла брыгадзір паляводчай брыгады №2 Таццяна Іванько (на здымку). Ад яе і даведаліся, што за штурвалам ´Кіраўца´ на працягу дня працуе Аляксандр Дзмітрыевіч Каталосаў. Ноччу трактарыста на гэтай адказнай рабоце змяняе напарнік Уладзімір Анатольевіч Бубіч. Сама ж Таццяна кантралюе ход работ на аб´екце, пазначае рэйсы перавозчыкаў зялёнай масы, непасрэдна якасць трамбоўкі ў траншэі. У гаспадарцы дзяўчына трэці год, працоўныя абавязкі добра ведае і не пагарджае імі. Работай у саўгасе ´Кісялевічы´ жыхарка аг. Леніна ў цэлым задаволена.

Рэйд на сенажаці ААТ ´Саўгас Кісялевічы´.

Аляксандр Зорын.

На сенажаці непадалёк Бібкаўшчыны падборкай і здрабненнем травы на айчынным кормаўборачным агрэгаце ´Палессе´ займаўся механізатар, чыё імя нярэдкае на Дошчы гонару ´раёнкі´ - Аляксандр Рыгоравіч Зорын. На давераным яму ў свой час новенькім КЗРы Аляксандр працуе сёмы сезон і работай тэхнікі цалкам задаволены. У гаспадарцы (колішнім саўгасе Леніна) герой радкоў з 2002 года. Прыйшоў сюды адразу пасля заканчэння мясцовай школы. З таго часу займеў сям´ю (жонка Наталля працуе ў гэтай жа гаспадарцы), дзве дачушкі і лічыць, што жыццё задалося.

Рэйд на сенажаці ААТ ´Саўгас Кісялевічы´.

Уладзімір Лысянкоў.

Каб тэхніка Аляксандра была ў дзеянні, на сенажаці - Уладзімір Уладзіміравіч Лысянкоў на трактары МТЗ-82 з валкаўтваральнікам ГР-700. Нягледзячы на пенсійны ўзрост, Уладзімір Уладзіміравіч працягвае дапамагаць гаспадарцы, з якой звязаў сваё жыццё ў далёкім, як цяпер здаецца, 1974 годзе. Спачатку быў вадзіцелем, а ў 1991-ым перасеў на трактар ды так і застаўся працаваць на ім. Мой суразмоўца - жыхар таксама мясцовы. У пас. Леніна вырас, скончыў школу, пабудаваўся, тут працаваў і працуе і ніколькі не шкадуе, што лёс для яго склаўся менавіта так. Бо ўпэўнены: малая радзіма - не проста словы, гэта духоўная і душэўная падсілкоўка чалавека. Зрэшты, двое сыноў (усяго іх у бацькі тры) Уладзіміра Уладзіміравіча таксама працуюць у сельскай гаспадарцы. Адзін - намеснікам старшыні ў СВК ´Гігант´, другі механізатарыць у адной з бацькам гаспадарцы. Сам ён, як з усмешкай заўважае, - трактарыст-універсал: працуе і на граблях, і на прэсе, выконвае любыя іншыя сельскагаспадарчыя справы. ´Праца - гэта дзеянне, - лічыць Уладзімір Лысянкоў, - а дзеянне - гэта жыццё´.

Па стану на раніцу ўчарашняга дня, як паведамілі ў райсельгасхарчы, сена ў ААТ ´Саўгас Кісялевічы´ нарыхтавалі 145 тон ці 26% ад патрэбнага аб´ёму, сенажу - 2000 тон (31%), у тым ліку 159 тон у палімерную ўпакоўку.

Алена КАРПЕНКА. Фота Іллі КАСЬКО.

иcтoчник: www.tribunapracy.by