´Гігантаўцы´ завяршаюць першы ўкос.

У ´Гіганце´ на гэтым тыдні збіраюцца завяршыць нарыхтоўку корму з траў першага ўкосу. ´Але гэта пры ўмове спрыяльнага надвор´я´, - удакладніў, суправаджаючы нас на сенажаці ў пойму ракі Ала, намеснік старшыні СВК па вытворчасці Уладзімір Лысянкоў. Па словах Уладзіміра Уладзіміравіча, у гаспадарцы, па стане на панядзелак, заставаліся няўбранымі толькі лугавыя ўгоддзі на плошчы 335 гектараў. Усяго з траў першага ўкосу ў кааператыве разлічваюць нарыхтаваць 1 000-1 100 тон сена і прыкладна 7 500-8 000 тон сенажу - да 10 ц к. адз. на ўмоўную галаву жывёлы.

Прыблізна праз тыдзень у СВК прыступяць да другога ўкосу. Дакладныя разлікі на яго ў гаспадарцы пакуль не робяць. Між тым, як заўважыў намеснік старшыні па ідэалагічнай рабоце Мікалай Сакун, ´калі будуць дажджы, калі будзе магчымасць падкарміць сенажаці, то і другі ўкос атрымаем паўнавартасны´.

Што да сенажу, то яго ў ´Гіганце´ закладваюць як традыцыйным спосабам - у траншэі, так і ў ´рукаў´, і ў палімерную плёнку.

Адначасова з другім укосам траў гаспадарка актывізуе падрыхтоўчыя да жніва работы. ´Уборку збажыны, як заўжды, арганізуем якасна, для гэтага ў нас ёсць усе складаючыя: высокавытворчыя камбайны, транспарт для перавозкі зерня, іншая неабходная тэхніка і абсталяванне, а таксама людзі - працавітыя і нераўнадушныя да вынікаў сваёй працы і стану гаспадаркі ўвогуле´, - адзначыў Уладзімір Лысянкоў.

Між тым чакаемай ураджайнасці збожжавых, як тут лічаць, наўрад ці давядзецца атрымаць: дажджы, калі і будуць, кардынальна не паўплываюць на ўраджайнасць культур, закладзеную падчас дэфіцыту вільгаці ў папярэднія месяцы. Затое з задачай - сабраць да апошняга зерня, упэўнены, справяцца ´на выдатна´: у ´Гіганце´ па-іншаму не бывае.

Па матэрыялах грамадска-палітычнай газеты ´Трыбуна працы´

иcтoчник: bobruisk-rik.gov.by