Рагулі пайшлі на пашу.

Усе важныя моманты - аж да самых, здавалася б, нязначных нюансаў - пераводу жывёлы з зімне-стойлавага на летне-пашавае ўтрыманне абмеркавалі ўдзельнікі раённага вытворчага семінара-нарады з удзелам галоўнага ветэрынарнага ўрача вобласці Васіля Шырокага. Мерапрыемства прайшло на базе МТФ Плёсы ААТ ´Міхалёўская Ніва´ у першы дзень тыдня.

´Надвор´е дазволіла выгнаць жывёлу на пашу, - адзначыў першы намеснік начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Аляксандр Кісялёў. - Пры гэтым павінны быць прадугледжаны ўсе важныя моманты пераводу, пачынаючы ад харчавання - прысутнасці ў рацыёне грубых кармоў, дастатковай колькасці вады, павышанай - солі, неабходных макраэлементаў і мінеральных дабавак, - да апрацоўкі скаціны, засцярогі яе ад гнусу і кляшчоў. Апошнія, з-за адносна мяккай зімы, дэманструюць павышаную актыўнасць. Абмяркоўваліся і такія пытанні, як аб´ём гурта на выпасе, велічыня прагону жывёлы, памер клетак для яе ўтрымання. Асаблівая ўвага была ўдзелена пытанню выяўлення жывёлы ў ахвоце і іншых, з ім звязаных даплаты работнікам за выяўленне, празрыстасці расцэнак для налічэння заробку. У адносінах маладняку буйной рагатай жывёлы рэкамендавана прадугледзець матэрыяльную адказнасць людзей, якія ажыццяўляюць догляд, іх працу аплачваць строга ў адпаведнасці з атрыманымі за месяц прывагамі.

´Летне-пашавы перыяд - гэта не толькі больш танныя кармы, - адзначыў Аляксандр Кісялёў, - але іх дастатак, для асобных - рашэнне праблемы дэфіцыту корму´. На той жа МТК Плёсы, па яго словах, за два тыдні (з 19 па 30 красавіка), што жывёла знаходзіцца на выпасе, вытворчасць малака павялічылася з 1 450 да 2 250 кг за суткі.

І калі па выніках красавіка вытворчасць малака ў раёне, у параўнанні з аналагічным перыядам папярэдняга года, склалася на ўзроўні 96%, то па выніках мая - ёсць усе падставы меркаваць - павінна пераўзыйсці леташні паказчык.

Зрэшты, па стане на сераду практычна ўвесь дойны статак з таго, што планавалі, ужо на выпасе. Выключэнне, як адзначылі ў райсельгасхарчы, складае жывёла філіяла ´Харчавік-Агра´ ААТ ´Чырвоны харчавік´, дзе запасы корму дазваляюць падняцца пашы вышэй, і часткова - СВК ´Гігант´.

Алена КАРПЕНКА. Фота з архіва райсельгасхарча.

иcтoчник: www.tribunapracy.by